Доктар два гады таму пераехаў ва Ўкраіну, пасьля таго як яго звольнілі з пасады, і цяпер працуе ў шматпрофільнай прыватнай клініцы Odrex у Адэсе дзіцячым доктарам-рэаніматолягам. Ад лютага 2022 году — пад рэгулярнымі абстрэламі. Гаворым, сярод іншага, і пра тое, якой яму бачыцца сытуацыя на радзіме і ў беларускай мэдыцыне з прыфрантавой Адэсы.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Вайна як рутына
— Больш за паўтара гады вайны Расеі супраць Украіны вы жывяце і працуеце фактычна пад абстрэламі. Што азначае быць доктарам-рэаніматолягам у Адэсе цяпер?
— На мой погляд, ідзе рутынная праца. Як людзі ўвайшлі ў вайну, так вайна і стала рутынай. Па-ранейшаму кантактуем, ходзім у кавярні, сустракаемся зь сябрамі. Праца звычайная, плянавая. Апэрацыі плянавыя ў асноўным.
— Калі вайна стала рутынай для вас? На які тыдзень ці месяц вайны?
— Шчыра прызнаюся, 24 лютага, калі мы пачулі першыя выбухі, мы зразумелі, што вайна. Што ж — вайна дык вайна. Прынамсі для мяне. Панікі не было ў людзей, але вельмі шмат зьехала. Калі не памыляюся, каля 9 мільёнаў чалавек з Украіны зьехала.
— Як гэта працаваць рэаніматолягам пад абстрэламі, калі можа ня быць электрычнасьці? Як арганізаваны гэты працэс?
— Нармальна арганізаваны. Ёсьць аўтаномнае забесьпячэньне. Пры адключэньні электрычнасьці бальніца працуе ў ранейшым рэжыме. У некаторых памяшканьнях гасьне сьвятло, напрыклад, у калідорах, у палатах, але не ў рэанімацыі. Дызэльны генэратар працуе спраўна, таму падключаецца электрычнасьць аўтаматычна. Гэта нармальная практыка. Бывае, што і ў Менску адключаецца электрычнасьць, але шпіталі працягваюць працаваць.
«Прынамсі цяпер мне ў Адэсе больш камфортна. Але пра камфорт цяжка гаварыць, бо я пазбаўлены радзімы»
— Расейскія вайскоўцы ў ноч на 23 ліпеня нанесьлі па Адэсе масіраваны ракетны ўдар, у выніку якога быў пашкоджаны Спаса-Праабражэнскі катэдральны сабор, разбураныя жылыя дамы, аб’екты цывільнай інфраструктуры, загінуў адзін чалавек, каля 20 жыхароў гораду былі параненыя. Дзе вы былі ў той момант? Як перажывалі абстрэл? Як рутыну ці ўсё ж вас узрушыла?
— Я быў дома ў гэты момант. Пры такім абстрэле спаць немагчыма. Гэта такі фаервэрк у небе. Мне ўспамінаўся Менск 9 жніўня, калі наступіла ноч пасьля выбараў, я выйшаў на балькон і пабачыў успышкі. Потым я даведаўся, што гэта былі сьвятлашумавыя гранаты. Прыблізна тое самае... Горад цёмны. Зразумелая справа, што вайна. Успышкі паўсюль, недзе бліжэй да цябе, недзе далей...
— Многія параўноўваюць з вайной тое, што адбываецца ў Беларусі. Магчыма, гэта некарэктнае параўнаньне, але як вам падаецца, дзе цяпер больш небясьпечна — у Адэсе падчас вайны ці ў Беларусі, дзе арышты адбываюцца штодня?
— Два варыянты ня самыя лепшыя, зразумела. Прынамсі цяпер мне ў Адэсе больш камфортна. Але пра камфорт цяжка гаварыць, таму што я пазбаўлены радзімы. Як бы ні сьмешна гучала, але ёсьць пачуцьцё настальгіі. Нягледзячы на тое, што ў Адэсе мне вельмі камфортна, я вельмі хачу дадому. Але цяпер не магу туды паехаць.
У Адэсе людзі прывыклі да паветраных трывогаў. Калі гучыць гук трывогі, ужо мала людзей ідзе ў бамбасховішча. Гэта можна прасачыць уначы, калі камэнданцкая гадзіна і няма руху ў горадзе — гучыць сыгнал трывогі, і адразу зьяўляецца рух, людзі ідуць. Глядзіш, што з кожным месяцам усё менш людзей ідзе ў сховішча. Я думаю, што людзі стаміліся ад гэтай сытуацыі.
— А самі вы ў сховішча ходзіце падчас паветранай трывогі? Ці таксама стаміліся?
— Не. Не хаджу. Канечне, стаміўся ад гэтага. Такое пачуцьцё, што хутчэй бы гэта скончылася. Такі ж настрой у большасьці ўкраінцаў, зь якімі я працую. З кожным ударам, з кожнай бамбёжкай, з кожнай ракетай, з кожным «шахедам» усё больш злосьці да супрацьлеглага боку. Нягледзячы на тое, што Адэса — расейскамоўны горад, усё больш больш расейскамоўных людзей прынцыпова гаворыць па-ўкраінску, спрабуе сьцерці ўсе сувязі з Расеяй. Гэта і помнік Пушкіну, і назвы вуліц, і многае іншае. Хочуць з гэтым проста нічога ня мець агульнага.
«Я па горадзе ежджу на машыне зь беларускімі нумарамі»
— У гэтыя выходныя Расея запусьціла шмат ракет на Ўкраіну, у тым ліку ракеты праляцелі праз тэрыторыю Беларусі. Першапачатковая вэрсія ўкраінскага боку была, што ракеты былі запушчаныя з тэрыторыі Беларусі, і гэта выклікала шмат эмацыйных камэнтароў ва Ўкраіне ў дачыненьні да беларусаў. Як рэагуюць адэсіты на ўдзел уладаў Беларусі ў вайне, на тое, што вы беларус?
— Я ня бачу да сябе ніякага дрэннага стаўленьня з боку ўкраінцаў. Нягледзячы на тое, што я па горадзе ежджу на машыне зь беларускімі нумарамі, ніхто мне не сыгналіць, не падразае. Паліцыя перастала цікавіцца. Мой маршрут: дом — праца, праца — дом. Паліцыянты ведаюць ужо, напэўна, хто едзе. Не адчуваю адмоўнага стаўленьня ані з боку калегаў, ані з боку мінакоў ці кіроўцаў.
— Вы на якую мову перайшлі ў Адэсе?
— Падчас інтэрвію цяпер гавару па-расейску. Пасты ў Фэйсбуку пішу па-беларуску. Зь некаторымі калегамі гавару па-беларуску. Яны са мной па-ўкраінску, а я адказваю па-беларуску, і цудоўна разумеем адзін аднаго.
— Калі вам было рэальна страшна ў часе вайны?
— Уявіце. Горад сьпіць. Камэнданцкая гадзіна. Машыны ня езьдзяць, людзі ня ходзяць. Поўная цішыня, нават сьвятла асабліва няма. І чую нейкі староньні гук. Людзі ўжо разьбіраюцца, што гэта за гук, вызначаюць па тыпе ракеты, «шахеда», што гэта ляціць. А калі запусьцілі «Кінжалы» (расейскія гіпэргукавыя ракеты. — РС), гэта быў новы гук, які мяне спалохаў. Было адчуваньне, што на твой дом ляціць рэактыўны самалёт. Прачнуўся ад гэтага гуку і ня ведаў, што рабіць. Пад ложак хавацца? Бессэнсоўна. Гэта ня тое што спалохала, але было непрыемна. Тут мала хто баіцца. Прызвычаіліся. Толькі злуюць ад гэтага. Боязі няма.
— Ці стала Адэса вашым горадам?
— Гэта блізкі мне горад, але мой родны горад — Менск.
— Я ведаю, што ў Адэсе жывуць і працуюць беларусы, ня толькі дактары, якіх нямала ўладкавалася тут. Ці можна гаварыць пра нейкую беларускую грамаду ў гэтым горадзе?
— Я гэта называю беларускай дыяспарай. Я думаю, што тут беларусаў больш за тысячу чалавек, з таго, што я ведаю. Кантактуем...
«Я б хацеў, каб адбыўся суд над тымі, хто да ўсяго гэтага давёў»
— Што адбываецца ў 3 дзіцячым шпіталі Менску, дзе вы былі галоўным лекарам? Вядома, што ў 2020 годзе вы ўзялі на працу прафэсіяналаў высокай клясы, якія пазвальнялі зь іншых шпіталяў празь іх удзел у пратэстах. Ці захавалі яны працу пасьля таго, як вас звольнілі?
— Гэтых прафэсіяналаў звольнілі. І цяпер яны працуюць у Польшчы. Я кажу пра дактароў, якім я спрабаваў нейкім чынам дапамагчы. Што тычыцца звольненых за пратэсты мэдсёстраў, якіх я ўзяў на працу, — ня ведаю іх далейшага лёсу. Па маіх зьвестках, яны звольненыя. Адзін з дактароў разам са мной зьехаў ва Ўкраіну, а калі пачалася вайна, пераехаў у Польшчу. Другі доктар нядаўна быў звольнены з 3-й дзіцячай лякарні Менску. Больш за тое, ён прайшоў праз арышт.
— Як вы думаеце, што будзе зь Беларусьсю, пасьля таго як скончыцца вайна?
— Я хацеў бы думаць, што пачнецца ад пачатку, недзе з узроўню 1994 году. Каб усё было слушна і сумленна. І я б хацеў, каб адбыўся суд над тымі, хто да ўсяго гэтага давёў.
— У якую Беларусь вы вернецеся? Ці вернецеся?
— Я не разглядаю варыянт, што магу не вярнуцца. Я разглядаю варыянт, што я вярнуся. Найхутчэй, гэта адбудзецца, калі скончыцца вайна ва Ўкраіне. У мяне кантракт на пяць гадоў. І пакуль я тут працую...