6 жніўня падчас канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023», на якой у тым ліку падводзяць вынікі працы Аб'яднанага пераходнага кабінэту за год, Аляксандар Азараў пракамэнтаваў Свабодзе рашэньне Каардынацыйнай рады. Паводле Азарава, такое рашэньне было для яго чаканым, бо чуткі пра гэта хадзілі «ўжо два тыдні».
«Дзесьці 70% пытаньняў былі не зьвязаныя з маёй працай у Кабінэце, яны былі зьвязаныя з маім асабістым жыцьцём, з працай у Беларусі і гэтак далей. Гэтыя пытаньні мне даслалі тыдзень таму, і я ўжо зразумеў, чым гэта можа скончыцца», — сказаў Азараў.
Ён назваў цяперашняе стаўленьне да яго вынікам «спэцапэрацыі КДБ і ФСБ».
«Гэта мы адсачылі па сацыяльных сетках, па публікацыях. Яна пачалася з крызісу ў ByPol, з пачатку чэрвеня. Каналы спэцыяльна былі створаныя для маёй кампрамэтацыі, яны пачалі масіўна даваць кампрамат, публікаваць фальшывыя дакумэнты, рабіць нейкія дасьледаваньні, і да іх далучыліся каналы, зьвязаныя з ФСБ Расеі, з КДБ, з ГУБАЗіКам, так званыя „беларускія дэмакратычныя сілы“: Балкунец, Цапкала і гэтак далей», — заявіў Азараў.
Ён ня выключыў таго, што канфлікт у ByPol быў часткай гэтай «спэцапэрацыі».
Што да пляну «Перамога», ён «застанецца ў ByPol», заявіў Азараў:
«Будзем разьвіваць далей, працаваць у гэтым напрамку, да перамогі над рэжымам Лукашэнкі», — дадаў ён.
Паводле яго, ByPol пад ягоным кіраўніцтвам таксама будзе далей разьвівацца і працаваць. Цяпер галоўная задача аб'яднаньня, паводле Азарава, — гэта стварэньне падпольнага руху Беларусі.
- Справаздачу прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту па аднаўленьні законнасьці і правапарадку Каардынацыйная рада выслухала 5 жніўня. Ягоныя словы пра тое, што ў ByPol адбыўся не раскол, а «сабатаж», выклікалі пратэст у залі.
- 6 жніўня Каардынацыйная рада паведаміла, што не ўзгадніла кандыдатуру прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінэту па аднаўленьні правапарадку Аляксандра Азарава і не рэкамэндуе падаўжаць яго прадстаўнічыя функцыі. Вынікі галасаваньня: за Азарава прагаласавалі 11 прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, супраць — 35, устрымаліся — 30.
- Аляксандар Азараў — першы і пакуль адзіны з прадстаўнікоў Аб'яднанага пераходнага кабінэту, каго не ўхваліла Каардынацыйная рада. Паўнамоцтвы астатніх прадстаўнікоў кабінэту працягнулі на год.
- Канчатковае рашэньне наконт зьняцьця Азарава павінна прыняць Сьвятлана Ціханоўская да канца дня 6 жніўня.
Канфлікт у ByPol
8 чэрвеня ў ByPol здарыўся скандал, калі прадстаўнік ByPol Аляксандар Азараў заявіў аб тым, што сацсеткі арганізацыі былі захопленыя. Зрабіў гэта, паводле Азарава, работнік ByPol Мацьвей Купрэйчык.
Ён быў сярод некалькіх работнікаў, якія нібыта адмовіліся праходзіць паліграф і таму іх звольнілі. У сваю чаргу, у самім тэлеграм-канале ByPol апублікавалі допіс, што Аляксандар Азараў ня ёсьць і ніколі ня быў заснавальнікам або кіраўніком ByPol.
На пачатку ліпеня частка актыву арганізацыі афіцыйна паведаміла пра аднаўленьне працы пад новым брэндам. Яны заявілі, што намагаліся «захаваць калектыў прафэсіяналаў» і паведамілі, што ўзялі новую назву арганізацыі, BelPol. Да іх далучыўся і Андрэй Астаповіч, які ў 2020 годзе быў адным са стваральнікаў ByPol.