Храналёгія падзей
Увечары 8 чэрвеня ў тэлеграм-канале «Мая краіна Беларусь» зьявіўся відэазварот прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў аднаўленьні правапарадку Аляксандра Азарава, які зьвяртаўся «ад імя арганізацыі ByPol».
- Ён сказаў, што супрацоўнік ByPol Мацьвей Купрэйчык разам з групай асобаў адмовіліся праходзіць паліграф, за што былі звольненыя з арганізацыі.
- Азараў кажа, што Купрэйчык забраў доступ да акаўнту ByPol на YouTube, а таксама ў іншых сацыяльных сетках. Азараў лічыць гэта «подлым, бо гэта ня можа лічыцца ягонай уласнасьцю паводле азначэньня».
- За два дні да таго, як канфлікт выйшаў у публічную прастору, Аляксандар Азараў пры дапамозе тэлеграм-каналу «Мая краіна Беларусь» пытаўся ў людзей, ці варта палітычных і грамадзкіх лідэраў праганяць праз паліграф. Ён адзначаў, што некаторыя калегі лічаць, што гэта не абавязкова.
- Увечары 8 чэрвеня ў тэлеграм-канале ByPol зьявілася паведамленьне, там гаворыцца наступнае:
«Аляксандар Азараў ніколі ня быў заснавальнікам і кіраўніком ByPol, які паўстаў 20 кастрычніка 2020 году. Фонд ByPol быў створаны 26 траўня 2021 году ў якасьці тэхнічнага элемэнту функцыянаванья ByPol, Азараў быў прызначаны яго прэзыдэнтам для выкананьня тэхнічных функцый».
У гэтым паведамленьні таксама гаворыцца, што на гэты момант праводзіцца «ўнутраны разбор у правамоцнасьці і мэтазгоднасьці шэрагу фінансавых апэрацый вышэйзгаданага фонду».
Тэлеграм-канал ByPol сьцьвярджае, што Аляксандар Азараў і Станіслаў Лупаносаў адмаўляюцца паказаць фінансавую справаздачнасьць». У канцы пішацца, што было прынятае рашэньне выключыць Азарава і Лупаносава з шэрагаў Аб’яднаньня сілавікоў Беларусі ByPol.
Аб’яднаны пераходны кабінэт адрэагаваў на падзеі кароткім камэнтаром аб тым, што яны пачынаюць праверку гэтай сытуацыі. АПК заклікаў бакі ўстрымацца ад камэнтароў па тэме.
Спэцпадразьдзяленьне «Атам», якое было створанае ByPol для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне, у гэтай сытуацыі заняло бок Купрэйчыка, а не Азарава. Яны распаўсюдзілі заяву, дзе заклікаюць Азарава «спыніць хлусьню і падаць фінансавую справаздачнасьць».
Паводле інфармацыі Свабоды, атрыманай зь некалькіх крыніц, супрацоўнікі ByPol не атрымлівалі заробку некалькі месяцаў.
Што такое ByPol?
Ініцыятыва былых сілавікоў, створаная для процідзеяньня беларускім уладам. ByPol паўстаў 20 кастрычніка 2020 году. Тады Сьвятлана Ціханоўская ў Варшаве сустрэлася з былымі сілавікамі. Сярод удзельнікаў сустрэчы былі капітан юстыцыі Андрэй Астапковіч, маёр юстыцыі Ігар Лобан, старшы лейтэнант міліцыі Мацьвей Купрэйчык, лейтэнант міліцыі Ўладзімер Жыгар.
Крыніца, якая захацела заставацца ананімнай, расказала Свабодзе, што праца ByPol заўсёды базавалася на гарызантальных прынцыпах. У арганізацыі не было кіраўніка, а рашэньне прымалася калегіяльна. Пры гэтым ад 2022 году Аляксандар Азараў усё часьцей стаў называць сябе «кіраўніком ByPol», што выклікала прэтэнзіі ўнутры калектыву.
Хто такі Аляксандар Азараў
Аляксандар Азараў, як і Станіслаў Лупаносаў, у мінулым супрацоўнік ГУБАЗіКу. Быў адказным там за справы, зьвязаныя з гандлем людзьмі. З ГУБАЗіКу звольніўся ў 2019-м, выкладаў у Акадэміі МУС. Зь Беларусі выехаў увосень 2020 году.
Стаў адным з галоўных мэдыйных твараў ByPol: ён зьяўляўся ў расьсьледаваньнях арганізацыі на YouTube, даваў шматлікія інтэрвію.
Хто такі Мацьвей Купрэйчык
29 гадоў. Да 2020 году быў старшым опэрам аддзелу аналітычнай выведкі Ўпраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньню гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі ГУУС Менгарвыканкаму. Звольніўся са службы ў канцы жніўня 2020 году.
«Мы прасілі Азарава адказаць на пытаньні, ён адмовіўся»
Мацьвей Купрэйчык пагадзіўся адказаць на некалькі пытаньняў Свабоды.
— Чаму гэты канфлікт вынесьлі ў публічную прастору? Унутры калектыву яго рашыць было немагчыма?
— Аляксандар Азараў паведаміў праз электронную пошту аб выключэньні з фонду ByPol людзей, якія задавалі пытаньні аб фінансавай празрыстасьці арганізацыі. Мы з супрацоўнікамі падрыхтавалі лісты, якія паслалі ў Аб’яднаны пераходны кабінэт і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай. Мы ня лезьлі ні ў якія СМІ, нічога нідзе не расказвалі. Азараў адчуў, што яму ад гэтага ўсяго можа быць кепска, таму пачаў у СМІ на нас хлусіць. Ён хацеў нанесьці прэвэнтыўны ўдар па нас, каб ніхто нам не паверыў, калі мы будзем нешта заяўляць.
— Як даўно Аб’яднаны пераходны кабінэт і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай ведалі аб сытуацыі?
— Калі не памыляюся, ці то з панядзелка, ці з аўторка.
— Нейкая рэакцыя адтуль была?
— Пакуль без камэнтароў.
— Азараў і Лупаносаў зьяўляюцца цяпер у Офісе?
— Не, не зьяўляюцца. Яны чатыры дні ад нас уцякалі.
— Ад панядзелка размовы зь імі не было?
— Не, ніводнай. Хаваюцца, сядзяць на нейкіх іншых офісах.
— Галоўная ваша прэтэнзія — гэта схаваная фінансавая дзейнасьць?
— Я і Ўладзімер Жыгар зьяўляліся афіцыйнымі сябрамі праўленьня. Калі пачаліся пытаньні зь фінансамі, то мы папрасілі Азарава адказаць на нашыя пытаньні. Ён праігнараваў усё. Потым мы напісалі пісьмовыя запыты на яго імя, таксама праігнараваў. Потым пачалося ўсё гэта з паліграфамі, што мы агентура, але на фінансавыя пытаньні адказаў мы так і не дачакаліся. Цяпер ён усё гэта кажа, каб нас абылгаць, каб нам ніхто ня верыў.
— З чаго ўвогуле зьявіліся фінансавыя пытаньні да Азарава?
— Пакуль што не магу гэта сказаць, бо ёсьць пытаньні, якія абмяркоўваем зь юрыстамі.
— Колькі людзей засталося з Азаравым?
— Ён і яшчэ двое. А ўсе астатнія, у тым ліку спэцпадразьдзяленьне «Атам», якое ваюе ва Ўкраіне, на нашым баку.
— А колькі гэта людзей, вы можаце сказаць?
— Не магу, але гэта каля 90%.
Свабода зьвярталася з просьбай пракамэнтаваць апошнія падзеі і да Аляксандра Азарава, але не атрымала ад яго ніякіх адказаў.
Напярэдадні Азараў даў невялікае інтэрвію парталу «Зеркало».
«[Тэлеграм-канал] ByPol быў захоплены Мацьвеем Купрэйчыкам. Таму цяпер у тэлеграм-канале ён можа публікаваць, што ў галаву прыдзе. Я ведаю, што тыя супрацоўнікі, якія адмовіліся праходзіць паліграф, былі звольненыя. Мы з такімі людзьмі працаваць ня можам. Мы адказваем перад беларускім народам», — сказаў Азараў.
Купрэйчык у камэнтары «Радыё Ўнэт» патлумачыў, што ўжо двойчы праходзіў у Польшчы паліграф, а цяпер не давярае тым пытаньням паліграфу, якія былі распрацаваныя асабіста Азаравым.
Што з плянам «Перамога»?
Аб стварэньні пляну «Перамога» было заяўлена ў 2021 годзе. Яго рэалізацыю ўзяў на сябе ByPol. Паводле аб’яднаньня былых сілавікоў, у мабілізацыйны плян «Перамога» запісалася каля 200 тысяч чалавек. Сілавікі стваралі фэйкавыя акаўнты пляну «Перамога», каб паляваць на ўдзельнікаў. Ці не акажуцца цяпер зьвесткі пра людзей у небясьпецы?
На тэлеграм-канале «Мая краіна Беларусь» Азараў заявіў, што з дадзеным усё ў парадку і яны ў бясьпецы. А вось у камэнтары для «Зеркала» ўжо сказаў, што «гэта цяжкае пытаньне». «Мне трэба ўдакладніць гэта», — сказаў Азараў.
Што такое ініцыятыва ByPol
У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.
Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.
Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).
Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.
У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.
BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».