Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане зьбіраюцца забараніць сымбалі падтрымкі Расеі ў вайне супраць Украіны


Плякат падтрымкі Ўладзіміра Пуціна з выкарыстаньне лацінскай літары «Z», намаляванай у колерах так званай «георгіеўскай стужкі», архіўнае фота
Плякат падтрымкі Ўладзіміра Пуціна з выкарыстаньне лацінскай літары «Z», намаляванай у колерах так званай «георгіеўскай стужкі», архіўнае фота

Генпракуратура Казахстану прапанавала ўраду краіны забараніць тавары з «этнапалітызаванай сымболікай». Пад забарону можа трапіць таксама і нешта з украінскай сымболікі.

Да яе аднесьлі атрыбутыку ПВК «Вагнэр», надпісы «Армия Росии», «Вежливые люди», а таксама сымбалі падтрымкі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну — літары «Z» і «V». Пра гэта паведамляе агенцтва КазТАГ са спасылкай на нацыянальную палату прадпрымальнікаў рэспублікі «Атамекен».

Пракурор аддзелу абароны грамадзкіх інтарэсаў Куат Бапінаў паведаміў, што ініцыятыва Генпракуратуры зьвязана з дэманстрацыяй «этнічнай сымболікі», якая выклікае «неадназначную рэакцыю ў грамадзтве».

«Так, у 2022 годзе ў сувязі з распачатым расейска-ўкраінскім канфліктам у Казахстане пачасьціліся факты дэманстрацыі, у прыватнасьці, на адзеньні, цацках, транспартных сродках сымболікі «Z» ці «V». Адзначаюцца факты продажу і рэклямы ў гандлёвых сетках цацачнай дзіцячай прадукцыі пад рознымі найменьнямі, у прыватнасьці, «Армия Росии», «Вежливые люди», — цытуе агенцтва словы Бапінава.

Генпракуратура прапануе поўнасьцю забараніць у Казахстане выраб, перавозку і распаўсюд прадукцыі з сымбалямі, якія выкарыстоўваюцца супрацьлеглымі бакамі ва ўзброеных канфліктах. Таксама прапануецца ўвесьці адміністрацыйную адказнасьць за парушэньні.

Пад забарону могуць патрапіць эмблемы Рабочай партыі Курдыстану і Ўсходняга Туркестану, адзначае КазТАГ.

Літара «Z» выкарыстоўваецца расейскімі прапагандысцкімі рэсурсамі як сымбаль уварваньня (ці, як гэта афіцыйна называюць у Расеі, «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі») расейскіх войскаў ва Ўкраіну. Літары «Z» і «V» наносяць, у прыватнасьці, на тэхніку. У Мінабароны РФ тлумачылі, што лацінская літара «Z» нібыта азначае «за перамогу», а V — «сіла ў праўдзе» і «задача будзе выканана».

Расейцаў, якія заяжджаюць у Казахстан на машынах з налепкамі Z, знакамі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, прымушаюць іх здымаць. Афіцыйна ў Казахстане «Z» не забаронена, але казахі патрабуюць ад уладальнікаў аўтамабіляў прыбраць налепкі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG