Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нязручныя для Лукашэнкі сымбалі. За зьнявагу «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга давядзецца адказваць


Дзень Волі 25 сакавіка 2017 году. Затрымліваюць Ніну Багінскую.
Дзень Волі 25 сакавіка 2017 году. Затрымліваюць Ніну Багінскую.

Днямі за вокладку з «Пагоняй» на пашпарце быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак адзін з найстарэйшых (і па ўзросьце, і па «стажы») грамадзка-палітычных актывістаў Віцебшчыны Барыс Хамайда.

Кожны тыдзень зьяўляюцца навіны пра затрыманых за выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі — бел-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоня».

Пасьля масавых пратэстаў 2020-га Аляксандар Лукашэнка сказаў, што «этот флаг мы приберём красиво». Ведаючы асаблівасьці характару Лукашэнкі, можна прадбачыць, што на ўвазе ён меў нешта супрацьлеглае слову «прыгожа».

Публічнае зьневажаньне нацыянальных сымбаляў праўладнымі прапагандыстамі, прымушэньне затрыманых таптаць кінутае на зямлю бел-чырвона-белае палотнішча, ня кажучы ўжо пра поўнае выкрэсьліваньне нацыянальных сымбаляў з афіцыйнай гісторыі, — вось як рэалізоўваецца лукашэнкаўскае «приберём красиво».

Ні «Пагоня», ні бел-чырвона-белы сьцяг афіцыйна не забароненыя

Прычыны гэткага стаўленьня зразумелыя. Улада значна больш актыўна, чым у папярэднія дзесяцігодзьдзі, зьнішчае ўсё, на чым грунтуецца нацыянальная ідэнтычнасьць — найперш, канешне, беларускую мову. Сымбалі для кожнай нацыі таксама маюць вялізнае значэньне — і невыпадкова ўсталяваньне прарасейскай па сваім характары аўтарытарнай формы кіраваньня ў Беларусі пачалося з замены ў 1995 годзе дзяржаўнай сымболікі.

Пэўная, так бы мовіць, лібэралізацыя ў дачыненьні да «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга назіралася з 2015 году, калі афіцыйны Менск дэкляраваў прынцып «шматвэктарнасьці». І хаця ва ўнутранай палітыцы прынцып гэты дзейнічаў значна больш абмежавана, чым у вонкавай, але значкі, сувэніры з нацыянальнай сымболікай свабодна прадаваліся на некаторых створаных бізнэсоўцамі і грамадзкімі актывістамі пляцоўках. На мітынгах і пікетах апазыцыі луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, затрыманьні за іх выкарыстаньні не спыняліся, але былі хутчэй выключэньнем, чым правілам.

Сытуацыя зьмянілася з моманту масавых пратэстаў 2020-га, калі пад бел-чырвона-белыя сьцягі сталі сотні тысяч грамадзянаў Беларусі.

І вось гэта, як падаецца — другая прычына рэпрэсій за сымболіку. Яна зрабілася сымболікай пратэсту супраць рэжыму, які, як перакананая значная частка насельніцтва Беларусі, прайграў выбары і ўзурпаваў уладу.

Гэта выяўляецца і ў інфармацыі прэс-службаў ды тг-каналаў сілавых ведамстваў. Кідаецца ў вочы частае ўжываньне лексыкі, вытворнай ад слова «пратэст» — «выказваў пратэстныя настроі», «выкарыстоўвала пратэстную сымболіку», «выкрыкваў пратэстныя лёзунгі». Зьявіўся нават моўны наватвор са зьневажальным адценьнем: «пратэстуны».

Між тым, выказваць пратэст супраць улады — канстытуцыйнае права грамадзянаў, і ніякім законам гэта не забаронена. Тое ж самае тычыцца і бел-чырвона-белага сьцяга і гэрбу «Пагоня».

Магчыма, хтосьці зьдзівіцца, але факт: не існуе ніводнага заканадаўчага акту альбо нарматыўнага прававога дакумэнта, ніводнага рашэньня нейкага судовага органу, дзе б яны забараняліся, альбо былі аднесеныя да катэгорыі, якую ўлада вызначае як «тэрарыстычную» ці «экстрэмісцкую».

Вядома, апэляваць да нейкіх прававых прынцыпаў у дзеяньнях цяперашняй улады не выпадае: рэжым парушае прынятыя ім жа самім канстытуцыю і законы. Дастаткова ўзгадаць праверку тэлефонаў альбо ператрусы бяз санкцыі пракурора. Гэтак жа бясплённа шукаць нармальную лёгіку ў крытэрыях, паводле якіх забараняюцца палітычныя ды грамадзкія арганізацыі, альбо ўнясеньне сайтаў ды акаўнтаў у сацсетках у сьпісы «тэрарыстычных» ці «экстрэмісцкіх».

І ўсё ж, нават у гэтых сьпісах няма ні «Пагоні», ні бел-чырвона-белага сьцяга. Больш за тое: герб «Пагоня» знаходзіцца ў сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.

Фактар дыскамфорту для Лукашэнкі

Чаму ж улады не стварылі ніякіх «прававых падставаў» (словазлучэньне даводзіцца браць у двукосьсі) для забароны выкарыстаньня нацыянальнай сымболікі?

Наіўна думаць, што, уносячы ў сьпіс экстрэмісцкіх тэлеграм-каналы кшталту «Кусь за Беларусь» ды «Хаб Сустрэча ў Кіеве», рэжым не зьвярнуў бы ўвагу на тое, што аб’яднала ягоных апанэнтаў і зрабілася сымбалем пратэсту. «Дабярэмся да кожнага!» — пужаў некалі адзін генэрал. І дабіраюцца, не спыняюцца, і будуць працягваць далей.

Справа ў тым, што, афіцыйна абвяшчаючы нацыянальныя сымбалі тэрарыстычнымі ці экстрэмісцкімі, уладам давядзецца патлумачыць, чаму 20 ліпеня 1994 году ў часе сваёй інаўгурацыі Аляксандар Лукашэнка прыносіў прысягу, паклаўшы руку на Канстытуцыю з «Пагоняй» і стоячы пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Аляксандар Лукашэнка прымае прысягу, 20 ліпеня 1994 г.
Аляксандар Лукашэнка прымае прысягу, 20 ліпеня 1994 г.


Праўда, аднойчы Лукашэнка выказаўся ў тым сэнсе, што, маўляў, тады гэта былі дзяржаўныя сымбалі («Інакш я тады паступіць не мог. Я павінен быў быць прэзыдэнтам для ўсіх, і законапаслухмяным. Я так і рабіў» — сказаў ён у жніўні 2020-га).

Тлумачэньне гучыць як спроба апраўданьня, прычым, даволі няўдалая. Бел-чырвона-белы дэпутацкі значок у 1992-1994 годзе Лукашэнка не насіў, насіў «БССРаўскі» — хаця дзяржаўным сьцягам чырвона-зялёны ўжо ня быў.

Ніхто не забараняў Лукашэнку выявіць гэткую ж антыпатыю і ў часе прысягі.

Мог папрасіць прыбраць бел-чырвона-белы сьцяг як мага далей і заявіць прыблізна тое, што ён сказаў 28 жніўня 2020 года: «Вы ж бачыце: партрэты Адольфа Гітлера і вакол вісяць бел-чырвона-белыя сьцягі».

Але ж не папрасіў, не сказаў. І не выпадкова: такія дзеяньні і словы выклікалі б масавае абурэньне беларусаў. Бо тэма выкарыстаньня калабарантамі нацыянальнай сымболікі ў часе акупацыі была ўзьнятая ў той жа самай Авальнай залі 19 верасьня 1991 году, пры зацьвярджэньні дзяржаўных сымбаляў, пры радыё- і тэлетрансьляцыі на ўсю Беларусь. Тады з вуснаў нядаўняга старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР Георгія Таразевіча прагучала (цытую стэнаграму сэсіі Вярхоўнага Савета):

«Фашыстоўскія прапагандысцкія службы дзейнічалі вельмі спрытна і хітра. Тыя дзеячы выкарыстоўвалі гістарычную нацыянальную сымболіку ня толькі ў нас у Беларусі, але і практычна ва ўсіх акупаваных краінах. Гэта тычыцца і Францыі, і Польшчы, і Украіны, і нават Расеі.

Рабілася гэта дзеля таго, каб у чыста прапагандысцкіх мэтах заваяваць грамадзкую думку, давер, каб прыцягнуць насельніцтва на свой бок і паказаць сябе зь лепшага боку перад усясьветнай супольнасьцю. На нашай зямлі гэта было тым болей зручна і выйгрышна, паколькі тут у свой час настойліва адмаўлялася старая гістарычная сымболіка і паўсюль уводзілася новая.

Апроч сказанага, гэтыя прыклады паказваюць толькі тое, на мой погляд, што гэтая сымболіка рэальная і ў свой час гістарычна была агульна-прызнаная. Нейкіх іншых нацыянальна-гістарычных сымбаляў (больш папулярных, больш распаўсюджаных), Беларусь ня мела. І самае галоўнае: тое, што здаўна належыць народу, нікому ніколі нельга ні запляміць, ні забраць, ні зьмяніць».

У 1992-1994 гадах у беларускім грамадзтве тэма выкарыстаньня бел-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоня» у часе нацысцкай акупацыі лічылася, па-сутнасьці, скончанай. Уздымалася яна толькі маргінальнымі праімпэрскімі камуністычнымі выданьнямі. І вынясеньне яе цяпер у актуалны палітычны парадак дня было б адназначна ўспрынята як сьвядомае правакаваньне расколу ў грамадзтва. Лукашэнка пачне гэта рабіць пазьней, калі (і даволі хутка) выявіцца ягоная некампэтэнтнасьць як кіраўніка дзяржавы, калі будзе зразумела, што замацавацца ва ўладзе можна толькі з дапамогай Расеі, адмаўляючыся ад нацыянальных каштоўнасьцяў і абменьваючы кавалкі сувэрэнітэту на танныя энэргарысурсы.

Да траўня 1995-га, калі адбыўся рэфэрэндум, афіцыйная прапаганда ўжо даволі грутоўна «прамыла мазгі» значнай частцы насельніцтва. Пры гэтым апанэнты Лукашэнкі доступу да дзяржаўных СМІ ўжо ня мелі, газэты выходзілі зь «белымі плямамі». І нават з праграмных выступаў кандыдатаў у дэпутаты ў дзяржаўных СМІ (рэфэрэндум сумяшчаўся з выбарамі) выразаліся ўсе словы ў абарону бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні».

Што да тэмы выкарыстаньня нацыянальнай сымболікі ў часы акупацыі, дык найбольш дасьціпна і вычарпальна пра яе выказаўся змагар з нацызмам у часы Другой сусьветнай вайны, пісьменьнік Васіль Быкаў: «Гітлер насіў штаны — нам цяпер што, без штаноў хадзіць?».

Канешне, законы фармальнай лёгікі для афіцыйнай прапаганды ня дзейнічаюць, роўна як і звычайны здаровы сэнс, там іншыя прынцыпы і іншыя мэтады. Прапаганда можа лёгка ператварыць факт у ягоную супрацьлегласьць. Ёй нават не давялося б шукаць тлумачэньні афіцыйнага абвяшчэньня бел-чырвона-белы сьцяга і «Пагоні» экстрэмісцкімі.

І ўсё ж фотаздымкі Лукашэнкі з далоньню на Канстытуцыі з «Пагоняй» і пад бел-чырвона-белым сьцягам, хоць іх даўно ўжо не публікуюць ні ў падручніках, ні ў афіцыйных выданьнях на тэмы найноўшай гісторыі, зьнішчыць ня ўдасца. Пытаньні будуць узьнікаць зноў і зноў, ставячы Лукашэнку ў некамфорнтнае становішча.

А што можа быць горш, чым парушэньне камфортнасьці для Лукашэнкі, стварэньне нязручнай для яго сытуацыі?

І гэта, падаецца, адзінае тлумачэньне адсутнасьці нацыянальнай сымболікі ў «экстрэмісцкіх» сьпісах.

Што, канешне, зусім не перашкаджае карным органам арыштоўваць за іх. Для рэпрэсій у сёньняшняй Беларусі, як вядома, увогуле няма патрэбы пошуку прававых падставаў: затрымаць чалавека могуць за тое, што «ня так» паглядзеў на сілавіка.

Што будзе азначаць непрызнаньне вынікаў рэфэрэндуму 1995 году

Тэма «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга мае яшчэ адзін аспэкт, які сёньня можа падацца зусім не актуальным, але ў будучыні можа адыграць істотную ролю. У тым ліку і ў лёсе сёньняшніх сілавікоў.

Пасьля таго, як дэмакратыя прыйдзе на зьмену рэжыму, адной з першачарговых мэтаў новай улады будзе аднаўленьне вяршэнства права. Пра гэта заяўляюць усе без выключэньня апазыцыйныя лідэры. Сёньня практычна ва ўсіх групах апазыцыйных структураў існуе кансэнсус адносна антызаконнасьці праведзеных Лукашэнкам плебісцытаў — пачынаючы ад рэфэрэндуму 1995 году.

Пра той рэфэрэндум часьцей за ўсё ўзгадваюць у сувязі зь ліквідацыяй статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і зьмены дзяржаўных сымбаляў, але нагадаем, што ў бюлетэнях для галасаваньня былі яшчэ два пытаньні: пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Такім чынам, менавіта той рэфэрэндум улада лічыла прававой падставай як для вызначэньня прыярытэтаў сваёй палітыкі (арыентацыя на Маскву), гэтак і для фактычнага зьнішчэньня парлямэнтарызму і ўсталяваньня аднаасобнай улады.

Выглядала б надзвычай дзіўна і абсурдна, калі б, скасаваўшы вынікі рэфэрэндумаў 1996, 2004 і 2022 гадоў, новая ўлада прызнала рэфэрэндум 1995 года.

У прававым сэнсе непрызнаньне вынікаў рэфэрэндуму 1995 году азначае і ануляваньне рашэньня аб замене дзяржаўнай сымболікі. То бок, прызнаньне таго, што дэ-юрэ бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» усе гэтыя дзесяцігодзьдзі заставаліся дзяржаўнымі сымбалямі.

У такой сытуацыі ўсе цяперашнія зьнявагі прапагандыстаў «Пагоні» і нацыянальнага сьцяга, рэпрэсіі за іх выкарыстаньне аўтаматычна трапляюць пад дзеяньне Крымінальнага кодэксу.

Пра тэрміны, якія суды даюць сёньня за зьнявагу дзяржаўных сымбаляў, можна рэгулярна прачытаць і ў афіцыйнай, і ў незалежнай прэсе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG