«Я разумею, што дзеяньні Літвы прадыктаваныя нацыянальнымі інтарэсамі і бясьпекай. Рэжым Лукашэнкі нясе прамую пагрозу нашым суседзям, і мы гэта паўтаралі ад 2020 году. Нельга выключаць, што рэжым можа мэтава засылаць сваіх людзей у гэтыя краіны», — гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай прэс-службай Ціханоўскай.
Паводле палітыка, задача дэмакратычных сіл — у тым, каб «пад удар ня трапілі невінаватыя і не зьвязаныя з рэжымам людзі».
«Мы знаходзімся ў кантакце з уладамі Літвы па гэтым пытаньні. Абсалютная бальшыня беларусаў не падтрымлівае злачынную вайну супраць Украіны і працягвае дапамагаць Украіне, многія змагаюцца з дыктатурай у падпольлі. Вельмі важна, каб яны маглі ў выпадку пагрозы знайсьці бясьпечны прытулак у Эўропе», — падсумавала Ціханоўская.
4 жніўня Дэпартамэнт міграцыі Літвы паведаміў, што з канца лістапада 2022 году гэтая балтыйская краіна прызнала 910 беларусаў асобамі, якія становяць пагрозу для яе нацыянальнай бясьпекі.
- 337 грамадзянам Беларусі было адмоўлена ў выдачы часовага дазволу на жыхарства, 121 — у замене гэтага дакумэнту, 205 — ануляваны часовы дазвол на жыхарства, які раней дзейнічаў.
- Акрамя таго, двум беларусам адмовілі ў выдачы сталага дазволу на жыхарства, чатыром гэтыя дакумэнты анулявалі.
- 241 беларусу было адмоўлена ў выдачы літоўскай нацыянальнай візы (тып D).
- Асобамі, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы Літвы, таксама прызнаныя 254 грамадзяніны Расеі.
- Беларусам і расейцам, якія апынуліся ў гэтым статусе, забаронена знаходзіцца на літоўскай тэрыторыі.