У адказ на прыезд у Беларусь наймітаў з ПВК «Вагнэр» Літва плянуе закрыць два з шасьці пунктаў пропуску, пацьвердзіў намесьнік міністра ўнутраных справаў Літвы Арнолдас Абрамавічус, піша BNS.
Старшыня парлямэнцкага камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Лаўрынас Кашчунас сказаў, што з прысутнасьцю наймітаў «Вагнэра» ў Беларусі закрыцьцё пэўных літоўскіх памежных пунктаў — толькі пытаньне часу.
«Я заўсёды казаў, што закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю можа быць варыянтам, што мы можам гэта зрабіць. Камітэт яшчэ пару месяцаў таму прыняў рэкамэндацыйнае рашэньне падумаць аб закрыцьці некаторых памежных пунктаў», — сказаў Лаўрынас Кашчунас, яго цытуе LRT.
Ён заявіў, што ў выпадку абвастрэньня сытуацыі дэпутаты прымуць пастанову і аб поўным закрыцьці мяжы.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў Сувальскім рэгіёне заявіў, што Вільня, Варшава і Рыга павінны быць гатовыя разам закрыць мяжу зь Беларусьсю, калі сытуацыя пагоршае. У Польшчы згодныя, яе Міністэрства ўнутраных справаў уважліва манітаруе становішча на мяжы.
«Мы крыху адрозьніваемся ад палякаў. Яны больш публічна дэманструюць сілу каля мяжы. Мы публічна робім гэта менш, але ўвесь плян, уся падрыхтоўка зробленыя. На нейкім этапе будуць залучаныя і нашыя войскі», — сказаў Кашчунас.
Раней польская армія перадысьлякавала баявыя гелікоптэры дзьвюх брыгадаў вайскова-паветраных сілаў да мяжы зь Беларусьсю. Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак падчас візыту ў Беласток заявіў пра гатоўнасьць краіны да новых правакацыяў. Ён прызнаў, што разьмяшчэньне ПВК «Вагнэр» у Беларусі зрабіла сытуацыю яшчэ больш напружанай. Паводле зьвестак польскага боку, у Беларусі цяпер каля 4000 наймітаў.
- Удзень 1 жніўня жыхары памежнай Белавежы паведамілі ў сацыяльных сетках, што ў паветраную прастору краіны заляцелі два беларускія гелікоптэры Мі-8 і Мі-24.
- Пасьля першых паведамленьняў пра гэта Мінабароны Польшчы адмаўляла залёт верталётаў на польскую тэрыторыю, але пазьней прызнала: два беларускія верталёты парушылі дзяржаўную мяжу на вельмі малой вышыні і заляцелі на польскую тэрыторыю ў раёне Белавежы, таму радары іх не пабачылі. У ведамстве адзначылі, што беларускі бок раней праінфармаваў Польшчу аб вучэньнях.
- Пра інцыдэнт праінфармавалі NATO.
- Мінабароны Беларусі назвала абвінавачаньні ў парушэньні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА «надуманымі».
- 1 жніўня часовага паверанага ў справах Беларусі выклікалі ў Міністэрства замежных спраў Польшчы, дзе яму заявілі рашучы пратэст праз інцыдэнт зь беларускімі гелікоптэрамі, якія 1 жніўня парушылі паветраную прастору краіны.