Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі стартуюць ІІ Гульні краін СНД. Чым яны адметныя


Рыся — талісман ІІ Гульняў краін СНД
Рыся — талісман ІІ Гульняў краін СНД

Спаборніцтвы прымуць 11 беларускіх гарадоў.

Гульні краін СНД заснавалі ў 2019 годзе з ініцыятывы Расеі. Першыя спаборніцтвы прыняла Казань з 4 па 11 верасьня 2021 году. Тады гульні праводзіліся ў 16 відах спорту, усяго спартоўцы разыгралі 181 камплект узнагарод.

Гульні ў Беларусі будуць больш працяглымі — яны пройдуць з 4 па 14 жніўня. Калі папярэднія гульні ў Татарстане прайшлі ў адным горадзе, то цяпер іх будзе 11: Менск, Берасьце, Гомель, Горадня, Віцебск, Магілёў, Барысаў, Жлобін, Маладэчна, Ворша і Салігорск.

На Гульнях будуць прадстаўленыя 22 краіны: 9 з СНД і 14 іншых. За камплекты мэдалёў будуць змагацца каля 5 тысяч спартоўцаў у 20 відах спорту, пры гэтым Беларусь прадстаўляюць звыш 2 тысяч.

Краіны-ўдзельніцы: Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан, Эгіпет, Іран, Куба, Лібан, ААЭ, Пакістан, Манголія, Бахрэйн, Малайзія, Кувэйт, Аман, Віетнам і Вэнэсуэла.

Начальнік управы нацыянальных каманд Міністэрства спорту і турызму Міхаіл Пракапенка ў інтэрвію БелТА, расказваючы пра падрыхтоўку Гульняў у Беларусі, пахваліўся тым, што ў краіне адмыслова пад Гульні не будавалі новых спартовых аб’ектаў, а Беларусь мае «шыкоўную спартовую інфраструктуру».

Беларускія чэмпіёны Гульняў краін СНД атрымаюць 7400 рублёў прызавых. Гэта значна меней, чым на іншых міжнародных спаборніцтвах. За перамогу на Алімпійскіх гульнях беларускія атлеты атрымлівалі 444 000 рублёў, чэмпіянатах сьвету — 22 200, а на Эўрапейскіх гульнях і чэмпіянатах Эўропы — 14 800 рублёў. Заахвочваньне за срэбраныя мэдалі складае 4625 рублёў, а тыя, хто зойме трэці радок п’едэсталу, атрымаюць 2960 рублёў.

Замежныя заўзятары, якія маюць білеты на II Гульні краін СНД, могуць прыехаць у Беларусь бязь візы.

На Алімпіяду зборныя Беларусі і Расеі не запрасілі

ІІ Гульні краін СНД не зьяўляюцца адборачнымі да Алімпійскіх гульняў у Парыжы (Францыя), якія пройдуць праз год. У Алімпіядзе, па ўсёй верагоднасьці, беларускія спартоўцы змогуць выступіць толькі пад нэўтральным сьцягам і бяз гімну. І не ва ўсіх відах, а ў тых, фэдэрацыі якіх дазволяць беларусам удзел. У некаторых відах беларусаў не дапусьцілі да алімпійскай кваліфікацыі.

Раней Міжнародны алімпійскі камітэт адмовіўся афіцыйна запрашаць на Алімпіяду ў Парыж тры краіны. Беларусь і Расею — праз вайну ва Ўкраіне, а Гватэмалу — праз канфлікт мясцовых уладаў з Нацыянальным алімпійскім камітэтам.

Падзеі ІІ Гульняў СНД шырока асьвятляюць амаль выключна беларускія дзяржаўныя СМІ. Чыноўнікі заяўляюць, што Беларусь чарговы раз, пасьля правядзеньня ў мінулыя гады чэмпіянату сьвету ў хакеі з шайбай 2014 году і ІІ Эўрапейскіх гульняў у 2019 годзе, паказала здольнасьць арганізаваць міжнародныя спаборніцтвы і прыняць тысячы атлетаў з розных краін сьвету.

У многіх відах спорту выступяць толькі другія, моладзевыя або юніёрскія зборныя, што таксама зьніжае прэстыж спаборніцтваў.

Арганізацыйны камітэт ІІ Гульняў краін СНД узначальваюць тры высокія чыноўнікі — віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка, міністар спорту Сяргей Кавальчук і начальнік управы нацыянальных камандаў Міністэрства спорту Міхаіл Пракапенка.

Афіцыйны сайт Гульняў мае тры моўныя вэрсіі — беларускую, ангельскую і расейскую, і ўсе яны напаўняюцца тэкставым і ілюстрацыйным матэрыялам. Акрамя таго, у спартовага форуму ёсьць шырокае прадстаўніцтва ў сацыяльных сетках — Facebook, VKontakte, Telegram, YouTube, TikTok, Instagram.

У пратэстах супраць улады Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе ўзялі ўдзел дзясяткі вядомых беларускіх спартоўцаў, многія зь якіх вымушаныя былі пакінуць краіну з прычыны перасьледу. За мяжой яны заснавалі «Беларускі фонд спартовай салідарнасьці», які дапамагае атлетам у выгнаньні.

Шэраг спартоўцаў, у прыватнасьці, вядомы дзесяціборац Андрэй Краўчанка, наракаюць на тое, што за мяжой беларускія спартоўцы фактычна засталіся бяз статусу і падтрымкі. МАК не дазваляе выступаць у спаборніцтвах пад бел-чырвона-белым сьцягам, у склад афіцыйнай зборнай іх, натуральна, ня ўключаць, а пад нэўтральным сьцягам будуць выступаць, зноў жа, афіцыйна зацьверджаныя міністэрствам у Менску атлеты.

Пытаньне ўдзелу ў гульнях у Парыжы, пад алімпійскім сьцягам ці ў нейкім іншым асаблівым статусе, пакуль ня вырашанае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG