Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зрынуты прэзыдэнт Нігеру заявіў пра рост уплыву «Вагнэра» ў рэгіёне і папрасіў дапамогі ў ЗША


Махамэд Базум
Махамэд Базум

«Я пішу гэта як закладнік», — паведаміў прэзыдэнт краіны і заклікаў дапамагчы аднавіць канстытуцыйны парадак у краіне.

Прэзыдэнт Нігеру Махамэд Базум напісаў, што калі спроба зрушыць яго з прэзыдэнцкай пасады будзе мець посьпех, «гэта будзе мець разбуральныя наступствы для нашай краіны, нашага рэгіёну і ўсяго сьвету», гаворыцца ў калёнцы Базума, апублікаванай у Washington Post.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна выказаўся аб путчы ўпершыню пасьля таго, як 26 ліпеня прэзыдэнцкая ахова затрымала яго і ўзяла пад свой кантроль урад Нігеру.

«Я пішу гэта як закладнік, — гаворыцца ў звароце Базума. — Нігер зазнаў нападу вайсковай хунты... і я ўсяго толькі адзін з сотняў грамадзян, якія былі адвольна і незаконна зьняволеныя». Ён падкрэсьліў, што хунта «павінна вызваліць усіх, каго яна незаконна арыштавала».

Махамэда Базума выбралі прэзыдэнтам краіны два гады таму ў выніку першай у гісторыі краіны мірнай дэмакратычнай перадачы ўлады.

«У неспакойным рэгіёне Сахель у Афрыцы Нігер зьяўляецца апошнім апірышчам захаваньня правоў чалавека сярод аўтарытарных рухаў, якія ахапілі некаторых з нашых суседзяў», — напісаў Базум.

Ён дадаў, што суседнія зь Нігерам краіны ўсё часьцей запрашаюць «злачынных расейскіх наймітаў, такіх як „група Вагнэра“, на шкоду правам і годнасьці сваіх народаў». І прывёў у прыклад суседнія Малі і Буркіна-Фасо, дзе актыўна працуюць «вагнэраўцы».

«Увесь рэгіён Сахель можа падпасьці пад уплыў Расеі з дапамогай „групы Вагнэра“, жорсткасьць і тэрарызм якой у поўнай меры выявіліся ва Ўкраіне», — перасьцярог прэзыдэнт, дадаўшы, што нестабільнасьцю ў Нігеры скарыстаюцца і джыхадысцкія групоўкі, такія як «Бока Харам». Яны могуць выкарыстоўваць краіну «як пляцдарм для нападу на суседнія дзяржавы і падрыву міру, бясьпекі і свабоды ва ўсім сьвеце».

Таксама Базум напісаў, што 40% бюджэту Нігеру сёньня — замежная дапамога, але і яе краіна пазбавіцца, калі мяцеж хунты будзе мець посьпех.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG