У базе poteru.net, сабраных валянтэрамі з адкрытых крыніц, зьмяшчаецца інфармацыя пра дзевяць выхадцаў зь Беларусі, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне.
Ваявалі ў «паветры»
Вядома, што адным зь першых загінуў Раман Гровіч. Ён паходзіў з Кобрыні Берасьцейскай вобласьці, нарадзіўся 16 лютага 1974 году і загінуў у першы ж дзень вайны, 24 лютага 2022-га, пад Кіевам. Раман Гровіч быў камандзірам верталётнага зьвяна, меў званьне маёра. Ягоны верталёт украінцы зьбілі над Кіеўскім вадасховішчам. Зьвестак аб тым, дзе ён пахаваны, няма. У 1995 годзе ён скончыў Сызранскае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча.
12 траўня 2022 году ва ўзросьце 67 гадоў загінуў былы беларускі лётчык Мікалай Маркаў. Ён хоць і нарадзіўся ў Расеі, але пахаваны ў горадзе Лідзе Горадзенскай вобласьці (пэўна, меў беларускае грамадзянства). Мікалай Маркаў вучыўся ва Ўкраіне — у 1976 годзе ён скончыў Чарнігаўскае вышэйшае вайскова-авіяцыйнае вучылішча. Служыў спачатку ў Казахстане, а потым у Беларусі — у Паставах і Лідзе. Выйшаў у адстаўку ў званьні палкоўніка авіяцыі Рэспублікі Беларусь. Магчыма, ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр» у Афрыцы, а потым адправіўся на Данбас. Украінцы зьбілі ягоны самалёт-штурмавік Су-25 над Папаснай у Луганскай вобласьці.
Капітан Ігар Валачылаў, бартавы мэханік расейскага вайсковага самалёта Іл-22, які зьбілі вагнэраўцы ў часе свайго мяцяжу, паходзіў зь Беларусі. Ён нарадзіўся ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці ў сьнежні 1973 году. У 1996 годзе скончыў Стаўрапольскае вышэйшае авіяцыйнае інжынэрнае вучылішча. З 2015 году служыў у вайсковым цэнтры на аэрадроме ў Іванаўскай вобласьці Расеі. Вядома, што да сваёй гібелі ў часе мяцяжу вагнэраўцаў Ігар Валачылаў выконваў «баявыя задачы» на вайне Расеі ва Ўкраіне. Яго пахавалі на гарадзкіх могілках у расейскім горадзе Іванаве.
Далучыліся да вагнэраўцаў і казакоў
30 чэрвеня 2022 году загінуў беларус Аляксандар Шыянаў. Ён быў паходным атаманам Вялікага брацтва казацкіх войскаў і ваяваў у складзе атраду «Дон» пад пазыўным «Рыкс». Аб месцы пахаваньня не паведамляецца.
26 лістапада 2022 году пад Бахмутам у Данецкай вобласьці загінуў Аляксей Цішкевіч. Ён ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр». Няма дакладнай інфармацыі, якім чынам Аляксей Цішкевіч апынуўся ў складзе ПВК пад Бахмутам. Паводле непацьверджанай інфармацыі, ён трапіў у найміты з калёніі, дзе павінен быў адбываць 15 гадоў зьняволеньня паводле «наркатычнага» артыкулу. Вядома таксама, што Цішкевіч двойчы быў судзімы ў Беларусі за кватэрныя крадзяжы. Першы тэрмін атрымаў адразу пасьля заканчэньня школы, у 2008 годзе, другі — у 2010-м.
Сёлета 18 лютага загінуў Віталь Загнеткін, якому было 47 гадоў. Да вайны ён жыў у вёсцы Малое Стахава Барысаўскага раёну Менскай вобласьці. У баявых дзеяньнях тройчы атрымліваў раненьні. Загінуў пад Бахмутам, падарваўшыся на міне. Ваяваў пад пазыўным «Шчур» у ПВК «Вагнэр». Аб месцы пахаваньня не паведамляюць.
5 чэрвеня 2023 году загінуў Аляксандар Міхайлаў, які таксама ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр». Іншых падрабязнасьцяў ягонага жыцьця і гібелі пакуль няма. Паводле некаторых зьвестак, ён паходзіў зь Берасьця, а мог вучыцца ў Кастрамскім дзяржаўным унівэрсытэце.
Пайшлі добраахвотнікамі і служылі па кантракце
Іван Ігнаценка загінуў 16 жніўня 2022 году. Ён нарадзіўся ў Гомлі 23 жніўня 1991 году, вучыўся ў Балтыйскім вайскова-марскім інстытуце ў Калінінградзе, а пасьля яго заканчэньня служыў на Паўночным флёце Расеі. Ваяваць пайшоў у траўні 2022 году добраахвотна, служыў намесьнікам камандзіра роты па вайскова-палітычнай працы. Івана Ігнаценка пахавалі 24 жніўня 2022 году ў вёсцы Цяруха Гомельскай вобласьці, якая знаходзіцца на мяжы з Украінай. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін узнагародзіў яго пасьмяротна ордэнам Мужнасьці.
29 чэрвеня 2023 году загінуў выхадзец з пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласьці 22-гадовы Яраслаў Асташкоў. Пасьля заканчэньня школы ў Беларусі пераехаў у Расею і паступіў у Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.