Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белсат»: Пад Бахмутам загінуў вагнэравец зь Беларусі


Заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын на пахаваньні аднаго з наймітаў. Ілюстрацыйнае фота
Заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын на пахаваньні аднаго з наймітаў. Ілюстрацыйнае фота

У баях пад Бахмутам ва Ўкраіне загінуў ураджэнец Беларусі Аляксей Цішкевіч, які ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр». На гэтым тыдні бацька пахаваў яго.

Карэспандэнты тэлеканалу «Белсат» правялі ўласнае расьсьледаваньне.

Пра гібель вагнэраўца «Белсату» стала вядома з уласных крыніц. Ім аказаўся 30-гадовы Аляксей Цішкевіч з Брагіна ў Гомельскай вобласьці.

Па першапачатковай інфармацыі, беларус быццам бы загінуў 1 студзеня падчас удару Ўзброеных сілаў Украіны па месцы дыслякацыі мабілізаваных у расейскае войска ў Макееўцы.

Аднак з крыніц, блізкіх да сям’і, журналістам удалося высьветліць, што Цішкевіч загінуў яшчэ 26 лістапада 2022 году ў баях пад Бахмутам. Прычынай гібелі стала раненьне. «Пэўна, загінуў ад удару ракеты», — выказалася адна з крыніц у размове з карэспандэнтамі.

Пра гібель мужчыны яго сваякам паведамілі толькі 3 студзеня. Бацька Аляксея езьдзіў самастойна ў Варонеж, каб забраць цынкавую труну зь целам загінулага. 8 студзеня нябожчыка пахавалі ў вёсцы Вуглы Брагінскага раёну, на радзіме ягонай бабулі.

Паводле крыніц тэлеканалу, труну сямʼя не адкрывала і цела ніхто з родных і блізкіх не апазнаваў, бо з моманту гібелі «прайшло шмат часу». У Варонежы бацька загінулага атрымаў даведку аб сьмерці, у якой апісаныя яе прычыны і месца.

Няма дакладнай інфармацыі, якім чынам Аляксей Цішкевіч апынуўся ў падразьдзяленьнях ПВК пад Бахмутам. Па непацьверджанай інфармацыі, ён трапіў у наёмнікі з калёніі, дзе павінен быў адбываць 15 гадоў зьняволеньня паводле «наркатычнага» артыкулу.

Вядома таксама, што Цішкевіч двойчы быў судзімы ў Беларусі за кватэрныя крадзяжы. Першы тэрмін атрымаў адразу пасьля заканчэньня школы, у 2008 годзе, другі — у 2010-м.

Карэспандэнты «Белсату», выдаўшы сябе за сяброў сямʼі загінулага, таксама паспрабавалі высьветліць у прадстаўніка Міністэрства абароны Беларусі, ці магчыма сямʼі атрымаць грашовую кампэнсацыю ці дапамогу. Прадстаўнік Мінабароны адзначыў, што «ўся гэтая гісторыя не мае дачыненьня да Міністэрства абароны Беларусі», але параіў зьвяртацца непасрэдна ў ПВК «Вагнэр», падкрэсьліўшы, што дае параду як прыватная асоба.

На адным з сайтаў, які адносяць да ПВК «Вагнер», адкрыта пазначана, што кантракты на ўдзел у вайне супраць Украіны заключаюцца ня толькі з грамадзянамі Расеі, але і іншых постсавецкіх краін. Пры гэтым у Беларусі прадугледжаная крымінальная адказнасьць за ўдзел грамадзян Рэспублікі Беларусь ва ўзброеных фармаваньнях іншых краін, адзначае «Наша ніва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG