Напярэдадні гэтая ж крыніца паведаміла, што на перамовы, якія адбудуцца 23 ліпеня, вынесеныя «пытаньні бясьпекі і міжнароднага парадку дня». Бакі плянуюць абмеркаваць «шырокае кола найбольш важных і базавых для двухбаковых стасункаў тэм», у тым ліку эканамічнае ўзаемадзеяньне, рэалізацыю саюзных праграм, «сумеснае супрацьстаяньне незаконнаму санкцыйнаму ціску» ды інш.
Пазьней прэс-служба прэзыдэнта Расеі паведаміла, што Лукашэнка і Пуцін абмяркуюць «інтэграцыйнае ўзаемадзеяньне ў рамках Саюзнай дзяржавы». На сустрэчы таксама «будзе працягнутае абмеркаваньне актуальных пытаньняў далейшага разьвіцьця расейска-беларускіх адносін стратэгічнага партнэрства і саюзьніцтва».
21 ліпеня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін на нарадзе з членамі Рады бясьпекі заявіў, што агрэсія супраць Беларусі будзе азначаць агрэсію супраць Расеі, падкрэсьліўшы, што Беларусь — частка Саюзнай дзяржавы.
Пры гэтым у тэрытарыяльных прэтэнзіях у дачыненьні да Беларусі ён абвінаваціў Польшчу. Таксама Пуцін заявіў, што Польшча прэтэндуе на Заходнюю Ўкраіну.
- Гэта будзе шостая з пачатку 2023 году сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.
- Папярэдняя адбылася 9 чэрвеня. У той раз галоўнай тэмай сустрэчы стала разьмяшчэньне расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, якое мелася адбыцца неўзабаве. Пуцін расказаў Лукашэнку, што ў гэтай справе адбываецца на беларускай тэрыторыі.