Спартоўцам і дапаможнаму пэрсаналу зь Беларусі і Расеі дазволілі «на строгіх умовах» удзельнічаць у санкцыянаваных FIG мерапрыемствах выключна ў якасьці «індывідуальных нэўтральных спартоўцаў, безь якога-небудзь удзелу або сувязі з Расеяй або Беларусьсю, іх адпаведнымі нацыянальнымі фэдэрацыямі або нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі», гаворыцца ў рашэньні выканкаму Міжнароднай фэдэрацыі гімнастыкі (FIG).
Удзел нэўтральных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі будзе суправаджацца шэрагам мераў, апісаных у спэцыяльных правілах, іх апублікуюць у бліжэйшыя тыдні. Любы спартоўца, які захоча атрымаць статус «індывідуальны нэўтральны спартоўца», павінен будзе падаць заяўку ў FIG у адпаведнасьці са спэцыяльнымі правіламі. Калі патрабаваньні будуць выкананыя, фэдэрацыя надасьць яму такі статус.
Удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах можна будзе з 1 студзеня 2024 году.
У FIG адзначылі, што рашэньне дазваляюць спартоўцам зь Беларусі і Расеі ўдзельнічаць у алімпійскіх кваліфікацыйных спаборніцтвах у Парыжы ў 2024 годзе, але рашэньне аб тым, ці будуць яны ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях-2024, залежыць ад Міжнароднага алімпійскага камітэту.
Разам з тым фэдэрацыя падкрэсьлівае «сваё цьвёрдае асуджэньне бессэнсоўнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну і сваё абавязацельства прымяняць суровыя пакараньні да любога сябра міжнароднай гімнастычнай супольнасьці, які ўдзельнічае ў вайне або падтрымлівае вайну».
У пачатку сакавіка 2023 году Міжнародная фэдэрацыя гімнастыкі працягвала адхіленьне расейскіх і беларускіх спартоўцаў, якое дзейнічала з сакавіка 2022 году ў сувязі з узброенай агрэсіяй супраць Украіны.