Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародную баксэрскую асацыяцыю, якая дазволіла беларускім спартоўцам выступаць пад дзяржаўнай сымболікай, выключылі з алімпійскага руху


Кіраўнік выключанай з алімпійскага руху IBA Умар Крамлёў. Архіўнае фота
Кіраўнік выключанай з алімпійскага руху IBA Умар Крамлёў. Архіўнае фота

Таксама сярод сьвежых рашэньняў МАК — адкліканьне прызнаньня адной з баксэрскіх асацыяцый.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) у чацьвер зьвярнуўся да Ўкраіны з просьбай даць сваім спартоўцам магчымасьць адабрацца на Алімпійскія гульні ў Парыжы 2024 году, нягледзячы на частковую забарону выступаць супраць расейскіх і беларускіх спартоўцаў, якая існуе ў Кіеве.

Прэзыдэнт МАК Томас Бах заявіў, што алімпійская арганізацыя падтрымае «кожнага ўкраінскага спартоўца», які жадае ўзяць удзел у алімпійскіх адборачных спаборніцтвах у сваім відзе спорту.

«Мы хочам даць магчымасьць кожнаму ўкраінскаму атлету зараз прайсьці кваліфікацыю і ўзяць удзел у Алімпійскіх гульнях», — сказаў Бах на пачатку пасяджэньня МАК.

Украіна ў сакавіку забараніла сваім нацыянальным камандам удзельнічаць у алімпійскіх, неалімпійскіх і паралімпійскіх спаборніцтвах, у якіх удзельнічаюць атлеты з Расеі і Беларусі. Гэтае рашэньне прынялі пасьля таго, як МАК дазволіў расейскім і беларускім спартоўцам вярнуцца да спаборніцтваў у якасьці нэўтральных (бязь сьцяга і гімна), хоць у лютым 2022 году забараніў ім удзел.

Рашэньне аб удзеле расейскіх і беларускіх спартоўцаў у парыскай Алімпіядзе 2024 году пакуль не прынялі, яго некалькі разоў адкладалі.

Адкліканьне прызнаньня баксэрскай асацыяцыі

Міжнародны алімпійскі камітэт адклікаў сваё прызнаньне кіроўнага органа боксу, IBА. Пры гэтым у МАК заявілі, што бокс уключаць у праграму Гульняў 2024 і 2028 гадоў у Парыжы і Лос-Анджэлесе.

Выканаўчая рада МАК прагаласавала 69 галасамі супраць 1 за выключэньне Міжнароднай баксэрскай асацыяцыі (IBA) з Алімпійскага руху. 10 чальцоў рады ўстрымаліся.

Спрэчка МАК з IBA трывае ўжо чатыры гады. У 2019 годзе МАК прыпыніла прызнаньне баксэрскай асацыяцыі праз шматлікія карупцыйныя скандалы. Таксама асацыяцыя дазваляла ўдзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў у баях пад дзяржаўнай сымболікай.

Асацыяцыю IBA, прэзыдэнт якой — Умар Крамлёў з Расеі, крытыкуюць за недахопы ў кіраваньні, фінансавай празрыстасьці і ўстойлівасьці.

«МАК пастаянна і цярпліва спрабаваў дапамагчы ў трох праблемных сфэрах. Рэвалюцыйных зьменаў за гэтыя гады не адбылося. Гэта сытуацыя, зь якой няма вяртаньня», — заявіў генэральны дырэктар МАК Крыстаф Дэ Кепэр на сэсіі МАК у Лязане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG