Сытуацыя з палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі і Расеі «застаецца вельмі трывожнай», заявіла генэральная дакладчыца Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) аб палітзьняволеных у Эўропе Азадэ Раджхан у інфармацыйнай запісцы, падрыхтаванай да веснавой сэсіі ПАРЭ (7–11 красавіка).
Дакладчыца Азадэ Раджхан, якую цытуе «Позірк», адзначыла, што ва ўмовах шырокага перасьледу праваабаронцаў і палітычных апанэнтаў «абодва таталітарныя рэжымы перасьледуюць таксама актывістаў, журналістаў, юрыстаў і арганізацыі грамадзянскай супольнасьці праз адвольныя затрыманьні, палітычна матываваныя абвінавачваньні, гвалт і заканадаўчыя абмежаваньні».
Паводле яе, Беларусь і Расея працягваюць выкарыстоўваць крымінальнае права, антыэкстрэмісцкія захады і контратэрарыстычныя рамкі «для здушэньня іншадумства і зьнішчэньня таго, што засталося ад незалежнай грамадзянскай супольнасьці».
У Беларусі «ўлады ўзмацнілі рэпрэсіі напярэдадні „прэзыдэнцкіх выбараў“ 2025 году, ужываючы прэвэнтыўныя арышты, катаваньні і прымусовую працу, адначасова пашыраючы прызнаньне актывістаў і СМІ „экстрэмістамі“», адзначаецца ў дакумэнце.
«Перасьлед асобаў, якія падтрымліваюць Украіну, яшчэ раз падкрэсьлівае намаганьні ўраду крыміналізаваць палітычную апазыцыю і здушваць салідарнасьць з дэмакратычнымі рухамі», — падкрэсьліла дакладчыца ПАРЭ.
Абвінавачаньні, сфабрыкаваныя для перасьледу крытыкаў рэжыму Лукашэнкі, зазначаецца ў запісцы, уключаюць «паклёп, распальваньне варожасьці супраць сацыяльнай групы супрацоўнікаў праваахоўных органаў, гвалтоўныя дзеяньні або пагрозы гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, экстрэмізм, тэрарызм».
Паводле інфармацыі генэральнай дакладчыцы, беларускіх палітвязьняў рэгулярна трымаюць пад вартай бяз сувязі з вонкавым сьветам, паддаюць катаваньням, бесчалавечнаму абыходжаньню і ізаляцыі ў штрафных ізалятарах, а таксама іншым формам жорсткага абыходжаньня, якія ўключаюць пагрозы забойствам, жорсткае пабіцьцё пры арыштах і затрыманьнях, палітвязьні ў беларускіх папраўчых калёніях «падлягаюць прымусовай працы».
Акрамя таго, затрыманых часта гвалтам «паддаюць узьдзеяньню экстрэмальнага холаду без належнага адзеньня або пасьцельных рэчаў», а таксама «доўгаму трыманьню ў перапоўненых і антысанітарных умовах». Зьняволеных паддавалі псыхалягічнаму гвалту, у тым ліку пагрозам, зьнявагам і запалохваньням, што прыводзіла да «крайняга псыхічнага разладу».
З спасылкай на Amnesty International генэральная дакладчыца паведаміла аб гібелі за кратамі з 2020 году прынамсі сямі чалавек, зьвязаўшы гэтыя сьмерці з умовамі ўтрыманьня пад вартай і неналежнай мэдычнай дапамогай.
Як паведаміў Павал Латушка, на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы пройдуць публічныя слуханьні аб сытуацыі з палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі і Расеі.
Форум