Група «Беларускі Гаюн» паведаміла, што самалёт кіраўніка расейскай ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына чацьвёрты раз прыляцеў у Беларусь. У 11:05 бізнэс-джэт Прыгожына Embraer Legacy 600 (рэг. нумар RA-02795) прызямліўся на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам.
Паводле звестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», борт прыляцеў у Беларусь з Санкт-Пецярбурга. Гэта адзін з самалётаў, які звязваюць з Прыгожыным. Іх у яго некалькі. Ці прыляцеў сам Прыгожын, невядома.
Гэта ўжо чацьвёрты раз за апошні час, калі борт Прыгожына прылятае ў Беларусь, мінулым разам ён прылятаў 27 чэрвеня, 1 ліпеня і 11 ліпеня, калі Прыгожын нібыта начаваў у намётавым лягеры пад Асіповічамі.
17 ліпеня маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведаміла, што ў кірунку Асіповічаў і лягера ў вёсцы Цэль па трасе М5 ад Бабруйску рухаецца яшчэ адна буйная калёна наймітаў ПВК «Вагнэр».
У складзе калёны як мінімум 20 машын розных мадыфікацый: УАЗ «Патрыёт», пікапы, будаўнічая тэхніка, аўтобусы, фуры. Па зьвестках ініцыятывы «Беларускі Гаюн», гэта ўжо як мінімум трэцяя калёна з наймітамі, якая прыбыла ў Беларусь з 11 ліпеня.
- Пра той факт, што невялікая колькасьць байцоў «Вагнэра» прыбыла ў Беларусь, 15 ліпеня заявіла таксама Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі. Паведамленьне пра пачатак навучаньня беларускіх падразьдзяленьняў тэрытарыяльных войскаў інструктарамі «Вагнэра» зьявіліся ад Мінабароны Беларусі.
- 16 ліпеня калёну з машынамі, падобнымі да тых, якія відаць на спадарожнікавым здымку, паказала маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
- Яны ж сьцьвярджаюць, што сёньня ў гэты лягер прыбыла ўжо трэцяя калёна з вайскоўцамі. Магчыма, гэта менавіта яна, бо кірунак руху супадае з заяўленым.