Раней мы паведамлялі, што на гэтых выходных у лягеры ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну была прыкметная актыўнасьць. Туды пачала зьяжджацца аўтамабільная тэхніка. Былі заўважаныя грузавыя і легкавыя машыны, фуры, аўтобусы. Вонкава яны падобныя да тых, што выкарыстоўваюць найміты групы «Вагнэр».
Сёньняшні спадарожнікавы здымак ад кампаніі Planet Labs, зроблены раніцай у 11.12 па менскім часе, паказаў яшчэ адну буйную калёну, пэўна, што байцоў «Вагнэра», якая прыбыла ў вайсковую частку ў вёсцы Цэль, дзе стаіць намётавы лягер.
На здымку відаць калёна аўтамабільнай тэхнікі, якая расьцягнулася амаль на 2 кілямэтры ад зьезду з аўтадарогі М5 Гомель — Менск. У ёй відаць грузавыя машыны, аўтобусы, легкавыя машыны, машыны тыпу «буханка», грузавыя «Газэлі».
Сёньня ў тэлеграм-канале «Беларусь головного мозга» зьявілася відэа з аўтамабільнай калёнай, якая рухаецца ў бок Менску па трасе M5 Гомель — Менск. Амаль на ўсіх транспартных сродках прысутнічае сымболіка «Вагнэра» і расейскія трыкалёры. Напэўна, гэта менавіта тая калёна, якая прыбыла ў вайсковы гарадок у Цэлі.
Свабода змагла вэрыфікаваць відэа. Падобна, што яно было зьнята на аб’язной дарозе вакол Баранавіч у бок Менску. Відаць, як калёна перасякае мост церазь Бярэзіну. На дарозе ёсьць надпісы «M5» і «E271». Калёна перасякае разьвязку з дарогай на Клічаў. Дзень, калі зроблена відэа, дакладна вызначыць немагчыма, але надвор’е было падобнае да таго, якое сёньня ў тым раёне. Па сонцы відаць, што гэта раніца ці дзень.
У суботу 15 ліпеня ўвечары расейскі вайсковы карэспандэнт Аляксандар Коц апублікаваў відэа. На ім, як сьцьвярджае Коц, відаць калёна грузавікоў і вайсковых машын на шашы на поўдні Расеі, большасьць зь іх пад сьцягам «Вагнэра». Свабода тады, як і цяпер, не змагла незалежна праверыць месца або дату здымкі відэа, але калёна падобная да той, што рухалася сёньня па беларускай трасе.
Пра той факт, што невялікая колькасьць байцоў «Вагнэра» прыбыла ў Беларусь, 15 ліпеня заявіла таксама Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі. Паведамленьне пра пачатак навучаньня беларускіх падразьдзяленьняў тэрытарыяльных войскаў інструктарамі «Вагнэра» зьявіліся ад Мінабароны Беларусі. 16 ліпеня калёну з машынамі, падобнымі да тых, якія відаць на спадарожнікавым здымку, паказала маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Яны ж сьцьвярджаюць, што сёньня ў гэты лягер прыбыла ўжо трэцяя калёна з вайскоўцамі. Магчыма, гэта менавіта яна, бо кірунак руху супадае з заяўленым.