Спадарожнікавы здымак за 16 ліпеня 2023 году ад кампаніі Planet Labs паказаў павышаную актыўнасьць у вайсковым лягеры каля вёскі Цэль Асіповіцкага раёну. На гэтых выходных туды прыбыла каля 20 транспартных сродкаў, якія вонкава падобныя на тыя, што выкарыстоўваюць найміты групы «Вагнэр». Яны ўключаюць у сябе грузавыя машыны, фургоны, легкавыя аўтамабілі.
На здымку можна заўважыць, што амаль усе грузавыя машыны стаяць каля будынкаў вайсковай часткі, падобных да складоў.
Нагадаем, што згодна з інфармацыяй, якая была разьмешчана на сайце Асіповіцкага раённага выканаўчага камітэту, тэрыторыя вайсковага гарадка, дзе разьмешчаны лягер, уключае ў сябе 31 будынак агульнай плошчай 28 389 кв.м (дзесяць сховішчаў тэхнікі, плошчай ад 1246 кв.м да 1835 кв.м; тры склады плошчай ад 427 кв.м да 736 кв.м, тры сховішчы для агародніны, ад 139 кв.м. да 427 кв.м; дзьве сталовыя, плошчай 896 кв.м і 1058 кв.м; кв.м; навучальны корпус на 1828 кв.м; казарма на 3313 кв.м; КПП плошчай 49 кв.м; вартавое памяшканьне на 254 кв.м; санчастка на 501 кв.м; штаб плошчай 1406 кв.м; лазьня, у тым ліку кацельня, на 314 кв.м). Аб’екты разьмешчаныя на зямельным участку агульнай плошчай 15 гектараў.
Здымкі са спадарожніка не даказваюць канчаткова той факт, што сілы «Вагнэра» прыбылі ў Беларусь, але пацьвярджаюць заяву Мінабароны Вялікай Брытаніі, што невялікая колькасьць наймітаў, магчыма, прыбыла ў Беларусь 15 ліпеня. Таксама паведамленьне пра пачатак навучаньня беларускіх падразьдзяленьняў тэрытарыяльных войскаў інструктарамі «Вагнэра» зьявіліся ад Мінабароны Беларусі. 16 ліпеня калёну з машынамі, падобнымі да тых, якія відаць на спадарожнікавым здымку, паказала таксама маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Яны ж сьцьвярджаюць, што сёньня ўжо трэцяя калёна з вайскоўцамі прыбыла ў гэты лягер.
Актыўнасьць у закінутым вайсковым гарадку ў вёсцы Цэль пачалася адразу пасьля мяцяжа Прыгожына, які адбыўся 24 чэрвеня 2023 году. Па вэрсіі Лукашэнка, гэта ён запрасіў наймітаў «Вагнэра» ў Беларусь.
27 чэрвеня ён пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, як плянуецца, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
Яшчэ 17 чэрвеня 2023 году сьлядоў разгортваньня палявога лягера на тэрыторыі вайсковай часткі ля Цэлі не было. Гэта відаць на спадарожнікавым здымку, які публікавала Свабода. Не відаць лягера і на спадарожнікавым фота за 24 чэрвеня. А вось на здымках за 27 чэрвеня ўжо можна разгледзець меркаваныя палявыя намёты і прыкметы будаўніцтва — раскапаныя катлаваны і новыя аб’екты. Пасьля гэтага больш за два тыдні ў лягеры з 300 намётамі ніякай актыўнасьці не назіралася.