Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія шанцы ў Лукашэнкі зрабіцца гаспадаром Крамля


У чэрвені, пасьля мяцяжу ПВК «Вагнэр», расейскі Аналітычны цэнтар Юрыя Лявады правёў апытаньне больш як тысячы жыхароў Расеі. Сярод іншага, апытаным прапанавалі выказацца пра давер да канкрэтных палітыкаў.

Больш за іншых апытаныя расейцы давяраюць Пуціну — 76%, што не сюрпрыз.

Ня дзівіць і тое, што міністар замежных спраў Лаўроў з 68% апярэджвае свайго фармальнага начальніка, кіраўніка ўраду Мішусьціна (у яго 56%) — у сёньняшняй Расеі прэм’ер выконвае хутчэй тэхнічныя функцыі і, па вялікім рахунку, палітыкай у яе клясычным разуменьні, адрозна ад кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства, не займаецца. Таму нават у Кадырава рэйтынг большы за прэм’ерскі (62%). Узровень даверу да Прыгожына — 22%.

Але і Лаўроў, і Мішусьцін, і Кадыраў, і Прыгожын, і ўсе іншыя саступаюць, акрамя Пуціна, яшчэ аднаму дзеячу.

Гэта — Лукашэнка. Яму давяраюць 70% апытаных.

Такім чынам — адразу за дзейным прэзыдэнтам РФ Пуціным. І на 14% болей, чым у прэм’ер-міністра — другой, паводле расейскай Канстытуцыі, асобы ў дзяржаве.

Між іншым, калі апошнім разам сацыёлягі пыталіся ў расейцаў пра давер Лукашэнку (гэта было ў 2016 годзе), вынік быў 3–4%.

Прыкметна тут яшчэ і тое, што Лукашэнка — адзіны з замежных палітыкаў, уключаных у апытаньне.

Можна, вядома, выказаць сумненьне ў правамернасьці зьяўленьня прозьвішча Лукашэнкі ў сьпісе, складзеным з расейскіх палітыкаў, і нават убачыць у гэтым элемэнт правакаваньня.

Але, з другога боку, гэта можа быць індыкатарам пэўных працэсаў як у палітычнай эліце Расеі, гэтак і ў расейскім грамадзтве.

Маю на ўвазе выказваньні пра тое, што Лукашэнка можа ўступіць на расейскае палітычнае поле ўжо ня ў якасьці пасярэдніка ў перамовах, а ў іпастасі рэальнага гульца. Некаторыя разглядаюць і пэрспэктывы ягонага ўдзелу ў барацьбе за пасаду прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі.

Так, днямі ў інтэрвію тэлеканалу «Дождь» генэрал ФСБ у адстаўцы Яўген Савасьцьянаў выказаў меркаваньне, што мяцеж «вагнэраўцаў» мог навесьці Лукашэнку на думку, што «у Расеі могуць быць далейшыя закалоты і ў яго (Лукашэнкі) можа зьявіцца шанец» і нават зьвязаў з гэтым імкненьне мець на тэрыторыі Беларусі ядзерную зброю.

Прычыну зьяўленьня такіх разважаньняў можна зразумець: у дні мяцяжу Пуцін прадэманстраваў слабасьць, і, што важна, — ня выявіў сябе гарантам бясьпекі крамлёўскай эліты. Зьнешне, вядома, усё адбываецца як і раней — выступы, уручэньне ўзнагародаў у Крамлі ды падобнае, але некаторыя параўноўваюць цяперашні давер эліты да Пуціна з тым, што было ў 1998–1999 гадах зь Ельцыным. Тады, нагадаем, пры поўным захаваньні зьнешняга антуражу ліхаманкава ішоў пошук пераемніка.

Пра тое, што адбывалася ў Крамлі амаль чвэрць стагодзьдзя таму, мы даведаліся пазьней. Сёньня таксама зь вяршыняў расейскай улады ў публічную прастору і нават у экспэртную супольнасьць даходзіць зусім няшмат, прымушаючы аналітыкаў рабіць прагнозы зь мінімуму інфармацыі. Зрэшты, а калі ў Расеі было інакш?

«Для Лукашэнкі галоўнай мэтай быў Крэмль, і менавіта Пуцін яе перакрыў»

Размовы пра магчымасьць для Лукашэнкі надзець «шапку Манамаха» маюць сваю гісторыю і пачаліся амаль адразу пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў.

Публікацыя ў газэце "Свабода", 1995 г.
Публікацыя ў газэце "Свабода", 1995 г.

У 1995 годзе аўтар гэтых радкоў надрукаваў у незалежнай газэце «Свабода» артыкул «Цель» (на расейскай мове), дзе паспрабаваў абгрунтаваць сур’ёзнасьць намераў Лукашэнкі замяніць Барыса Ельцына на пасадзе прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. Аналіз некаторых якасьцяў Лукашэнкі, як палітычных, гэтак і асабістых, а таксама становішча ў РФ, дазваляў, на погляд аўтара, бачыць у ім рэальнага прэтэндэнта ў параўнаньні з тагачаснымі лідэрамі рэйтынгавых апытаньняў у Расеі — Зюганавым, Лебедзем і Жырыноўскім. У тым выпадку, зразумела, калі б адбылося аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву.

Тую публікацыю неадназначна ўспрынялі ў экспэртным асяродзьдзі. І ня дзіўна: аўтар ня меў магчымасьці спаслацца на канкрэтных асобаў, у тым ліку і ў атачэньні Лукашэнкі, якія наўпрост казалі пра намер кіраўніка Беларусі ўступіць у барацьбу за Крэмль — але казалі на ўмовах ананімнасьці.

Пазьней некаторыя пачалі заяўляць пра гэта публічна. Вось фрагмэнт інтэрвію былога міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава Віталю Цыганкову.

«Лявонаў: ...Мяне паклікаў пагаварыць кіраўнік Адміністрацыі Леанід Сініцын. І сэнс гутаркі быў такі: у нас малады Аляксандар Рыгоравіч, у Маскве — стары і лядашчы Ельцын. Уступай у каманду, не патрэбны нам сувэрэнітэт, давай будзем працаваць на заваёву Крамля. Я адказаў, што ў гэтай авантуры ня ўдзельнічаю.

Цыганкоў: Ці была заваёва Крамля галоўнай мэтай усёй гэтай „інтэграцыі“, ці галоўнай мэтай было „даіць“ Расею? А Крэмль — другаснае, калі атрымаецца?

Лявонаў: Не, менавіта Крэмль быў галоўнай мэтай. Ельцын гуляў сваю гульню, яму трэба было апраўдацца перад народам за Белавескія пагадненьні, забраць інтэграцыйную карту ў камуністаў.

Цыганкоў: І калі адбыўся паваротны момант? У 1998-м, калі Чубайс убачыў праект дамовы, які даваў Лукашэнку велізарныя саюзныя паўнамоцтвы, і завярнуў яго?

Лявонаў: Не, Лукашэнка зразумеў, што ўсё скончылася, толькі тады, калі прэзыдэнтам Расеі стаў Пуцін.

Цыганкоў: Значыць, у Лукашэнкі ёсьць усе прычыны, мякка кажучы, не любіць Пуціна?

Лявонаў: Так, і гэта пацьвярджае маю думку пра тое, што для Лукашэнкі галоўнай мэтай быў Крэмль, і менавіта Пуцін яе перакрыў».

Трэба прызнаць, што крокі Лукашэнкі ў 1994–1999 гадах цалкам укладаліся ў такі намер. І калі шэраг дамоўленасьцяў з Расеяй, якія зьмяншалі вайсковы і эканамічны сувэрэнітэт Беларусі, можна было патлумачыць імкненьнем займець эканамічныя прэфэрэнцыі ад Масквы дзеля ўтрыманьня ўлады, дык стварэньне так званай «саюзнай дзяржавы» ніякімі разумнымі эканамічнымі ды палітычнымі аргумэнтамі не тлумачылася.

Нарэшце, у першыя гады свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка практычна штомесяц наведваў расейскія рэгіёны (асабліва «чырвоны пояс», дзе кіравалі камуністы), і нязьменна сустракаў цёплы прыём у мясцовага насельніцтва. На нейкім этапе гэтыя ваяжы пачалі турбаваць Крэмль, і ён загадаў іх спыніць.

Заўважым, што ў свой час у інтэрвію Беларускай службе Радыё Свабода Барыс Беразоўскі казаў, што на пэўным этапе кандыдатура Лукашэнкі ў Крамлі разглядалася ў якасьці пераемніка Ельцына. Аднак вылучэньне яшчэ нядаўна мала каму вядомага Ўладзіміра Пуціна паставіла кропку ў пасяганьнях Лукашэнкі на шапку Манамаха.

Крамлёўскія амбіцыі Лукашэнкі другой паловы 90-х, як вядома, не рэалізаваліся — але на шляху да іх беларускі сувэрэнітэт моцна пацярпеў.

І вось цяпер — рэйтынг 70% у Лукашэнкі і заявы некаторых палітычных назіральнікаў пра яго шанцы замяніць Пуціна ў крэсьле гаспадара Крамля.

Магчымасьці і ўмовы

Рэалізацыя гэтага варыянту магчымая пры выкананьні мінімум трох, але абавязковых умоваў.

Першая — прававыя падставы, другая — сыход Пуціна, трэцяя — жаданьне кіроўнай эліты, якая ў цяперашняй Расеі складаецца пераважна з былых супрацоўнікаў спэцслужбаў.

Нягледзячы на тое, што шмат якія камэнтатары адзначаюць аслабленьне пазыцый Пуціна пасьля вагнэраўскага мяцяжу (сапраўды, гаспадар Крамля паказаў сябе ня толькі бездапаможным, але часам і камічным), Пуцін застаецца — ва ўсякім разе, у вачах большай часткі насельніцтва — легітымным прэзыдэнтам Расеі. Аднак эліта атрымала сур’ёзныя падставы сумнявацца, што Пуцін у далейшым можа гарантаваць ёй захаваньне і пазыцый, і капіталаў.

Што, калі раптам на Маскву пойдзе войска Кадырава, якое, як лічыцца, нашмат лепей арганізаванае і тэхнічна забясьпечанае? Таму з Пуціным, як той казаў, можа здарыцца рознае. І зусім не абавязкова самае горшае.

Людзі сталага веку памятаюць, як раніцай 19 жніўня 1991 году ім абвясьцілі пра «немагчымасьць па стане здароўя выкананьня Міхаілам Гарбачовым сваіх абавязкаў Прэзыдэнта СССР». У жніўні 91-га на вуліцы Масквы выйшлі сотні тысяч прыхільнікаў дэмакратыі — у чэрвені 23-га на плошчы расейскай сталіцы ня выйшаў ніхто. У пэўным сэнсе, між іншым, гэта індыкатар гатоўнасьці звычайных людзей абараняць Пуціна «ў выпадку чаго», і тыя, хто думае альбо рыхтуе такі «выпадак», безумоўна, гэта ўлічваюць.

Другая ўмова — Лукашэнка павінен мець прававыя падставы балятавацца на пасаду прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. Атрымаць іх ён можа толькі ў выпадку ўступленьня ў грамадзянства РФ.

Відавочна, што шлях для гэтага (як і ў сярэдзіне 90-х) ляжыць толькі праз уключэньне Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі альбо адным, альбо некалькімі суб’ектамі. Для гэтага можа спатрэбіцца рэфэрэндум. Вынікі ягоныя, грунтуючыся на досьведзе папярэдніх рэфэрэндумаў, прадбачыць няцяжка, як няма і ніякіх ілюзій адносна свабоды волевыяўленьня на такім «плебісцыце». Аднак адпаведнасьць міжнародным стандартам даўно ўжо не цікавіць ні Крэмль, ні афіцыйны Менск.

Але можа быць скарыстаная і іншая форма — да прыкладу, гэтак званая саюзная дзяржава Беларусі і Расеі, якой, шляхам унясеньня зьменаў у Канстытуцыі дзьвюх дзяржаў, можа быць нададзены значна больш рэальны зьмест, чым існуе цяпер.

Шэраг палітычных аглядальнікаў сьцьвярджаюць, што менавіта такая форма прапаноўвалася Пуціным Лукашэнку ў канцы 2019 году, калі перад дзейным расейскім прэзыдэнтам паўстала праблема трэцяга бесьперапыннага тэрміну. Паводле іх, Лукашэнку была прапанаваная пасада альбо намесьніка кіраўніка «саюзнай дзяржавы», альбо прэм'ера ці кіраўніка Савету Фэдэрацыі (у тым выпадку, калі б адбылося поўнае аб’яднаньне Беларусі і Расеі).

Мяркуючы па ўсім, Лукашэнку пазыцыя № 2 не задаволіла, і праблема вырашылася зьменай у Канстытуцыі, калі Валянціна Церашкова прапанавала зьняць абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

Аднак з 2019 году пазыцыі Пуціна і Лукашэнкі зьмяніліся.

Калі чатыры гады таму ў вачах расейскага істэблішмэнту Лукашэнка ўспрымаўся як «малодшы брат», які смокча з расейскай газавай трубы, а ў 2020-м — як васал, абавязаны Пуціну сваім палітычным (а магчыма, і ня толькі) існаваньнем, дык пасьля нападу Расеі на Ўкраіну вобраз зазнаў істотную карэкцыю.

Сёньня Лукашэнка ва ўспрыманьні тых, хто выступае за «величие России» — выратавальнік Пуціна (тое, што перамовы з Прыгожыным маглі ісьці не зусім так, як пра іх расказаў сам Лукашэнка, цікавіць зусім нязначную частку насельніцтва: ягоную станоўчую ролю пацьвердзіў сам гаспадар Крамля). Так, у 2020-м ён утрымаўся ва ўладзе дзякуючы Расеі, але вось ужо некалькі гадоў трымае сваю краіну ў кулаку. Ніякай дэмакратыі, ніякага іншадумства, ніякіх табе «эўрапейскіх каштоўнасьцяў» — нічога, чаго гэтак ня любіць «глыбінны» расейскі чалавек.

Фактар 24 лютага 2022 году, між іншым, таксама вельмі істотны ва ўспрыманьні прыхільнікаў «единой и неделимой». Лукашэнка дазволіў расейскім войскам учыніць напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, а потым пагадзіўся на ўвод расейскай ядзернай зброі — што яшчэ можа лепш сьведчыць пра адданасьць «баявому братэрству»?

Але куды важней тое, што, маючы ўнікальную магчымасьць калі не «абнуліць», дык істотна зьменшыць напружанасьць у сваіх адносінах з Захадам, а затым, ня выключана, і атрымаць пэўныя прэфэрэнцыі — Лукашэнка не адмовіўся ад падтрымкі Расеі ў вайне з Украінай. Ён на справе паказаў, што па-сапраўднаму адданы «русскому миру». Які кантраст з паводзінамі Такаева — той імгненна забыўся на ўсё добрае, зробленае Масквой у дні крызісу пачатку 2022 году.

І яшчэ адзін важны фактар, які ў вачах расейскіх сілавікоў вышэйшага зьвяна спрацоўвае на карысьць Лукашэнкі — ён з самага пачатку сваёй палітычнай кар’еры абапіраўся на падтрымку спэцслужбаў, пра што сам неаднаразова заяўляў яшчэ ў 90-я. Зрэшты, наўрад ці ў самой Расеі сёньня знойдзецца хоць адзін высокапастаўлены чыноўнік, пачынаючы ад губэрнатараў, чый шлях у вялікую палітыку ня быў ухвалены спэцслужбамі.

І неверагодныя сцэнары ажыцьцяўляюцца

Усё гэта (і ня толькі гэта) робіць Аляксандра Лукашэнку прымальнай кандыдатурай і для тых, хто стаіць «другім эшалёнам» за Пуціным, і для большасьці расейскага насельніцтва (70% рэйтынгу — пацьверджаньне гэтаму).

Вядома, у выпадку прыходу Лукашэнкі расейскі істэблішмэнт перажыве пэўныя пэртурбацыі — але гарантавана меншыя, чым было б у выпадку ўзыходу на вяршыню ўлады кіраўніка ПВК «Вагнэр».

А тое, што пры рэалізацыі пляну «Лукашэнка — гаспадар Крамля» Беларусь перастане існаваць як самастойная дзяржава, для расейскай эліты якраз вялікі плюс: анэксія Беларусі будзе падавацца расейскаму народу як перамога, хай і не такая маштабная, якой выглядала б перамога над Украінай. Затое — бяскроўная: усякі публічны пратэст у Беларусі здушаны.

Гэткі суцяшальны прыз замест «Кіеў за тры дні».

Наступствы ж запанаваньня Лукашэнкі над тэрыторыяй зь ядзерным арсэналам — тэма асобная. Беларусы, якія жывуць пры ягонай уладзе амаль тры дзесяцігодзьдзі, могуць падзяліцца сваімі ацэнкамі і прагнозамі.

Усе гэтыя развагі, вядома, можна аднесьці да катэгорыі абстрактных — але падзеі апошняга часу сьведчаць, што ў палітычным жыцьці няма нічога немагчымага, і часта рэалізуюцца самыя неверагодныя (і зусім ня лепшыя) сцэнары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG