Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнку Прыгожын і чым «Вагнэр» пагражае Беларусі? Вэрсіі Марка Фейгіна


Расейскі адвакат і праваабаронца Марк Фейгін. Яўгеній Прыгожын, кіраўнік ПВК «Вагнэр». Каляж.
Расейскі адвакат і праваабаронца Марк Фейгін. Яўгеній Прыгожын, кіраўнік ПВК «Вагнэр». Каляж.

Вядомы расейскі адвакат і праваабаронца Марк Фейгін — пра тое, якія пагрозы нясе для Беларусі зьяўленьне на яе тэрыторыі Яўгенія Прыгожына і наймітаў ягонай групоўкі «Вагнэр», якую ЗША лічаць «транснацыянальнай крымінальнай арганізацыяй».

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

«Калі гэтыя людзі трапяць разам з Прыгожыным на тэрыторыю Беларусі, то гэта пагражае магчымай крывавай разьвязкай»

— Марк, апошнія дні вы прысьвячалі стрымы на сваім youtube-канале ФЕЙГИН LIVE «мяцяжу» Прыгожына і ўсяму таму, што з гэтага вынікала — заявы Пуціна, пасярэдніцтва Лукашэнкі, «адпраўленьне» ў Беларусь Прыгожына і «вагнэраўцаў». Ці стала вам больш зразумела, што стаіць за ўсімі гэтымі афіцыйнымі заявамі, кожную зь якіх варта браць пад сумнеў? І якія пагрозы гэта нясе людзям у Беларусі?

— Гэта нябачаная рэч для пуцінскай Расеі нават на фоне вайны. Імавернасьць такога разьвіцьця падзей была, але не 100%. Я не чакаў, што кампрамісам гэтай паразы будзе пасярэдніцтва Лукашэнкі і адной з умоваў — сыход самога Прыгожына і некаторых удзельнікаў рэйду на Маскву ў Беларусь. Што тычыцца Прыгожына, я магу верыць, што такая дамоўленасьць і гарантыя яму былі дадзеныя, але не перакананы, што яны будуць выкананыя ў поўнай меры...

Лукашэнка ня можа быць шчасьлівы ад таго, што 8 тысяч чалавек з расейскімі пашпартамі, яшчэ і крымінальнікаў, будуць знаходзіцца ў Беларусі. Я ў гэта ня вельмі веру. Але небясьпека ўсё ж ёсьць. Калі ўсё ж пад нейкія першасныя гарантыі гэтыя людзі трапяць разам з Прыгожыным на тэрыторыю Беларусі, то гэта пагражае магчымай крывавай разьвязкай, бо Прыгожына так не пакінуць, Масква яму не даруе здрады. Пуцін пра гэта некалькі разоў заявіў публічна. Як не даруе і самім удзельнікам рэйду. Напэўна, будзе нейкая разборка зь імі на тэрыторыі Беларусі, калі яны туды трапяць.

А калі ўявіць, што ў Лукашэнкі ёсьць плян выкарыстаньня ПВК і Прыгожына ў сваіх мэтах? Адказ на паверхні ляжыць — гэта магчымасьць выкарыстаньня ПВК для адбіцьця магчымай атакі палку Каліноўскага ці іншых такіх фармаваньняў беларускіх грамадзян, якія цяпер ваююць на тэрыторыі Ўкраіны.

Другі момант. Лукашэнка ня можа быць на 100% упэўнены ў сваёй арміі, якая ня хоча ваяваць. Можна меркаваць, што Лукашэнка захоча выкарыстаць для такой мэты 8 тысяч кантрактнікаў-вагнэраўцаў. Але пытаньне, як яны будуць узброеныя, ці сам ён іх будзе ўзбройваць для атакі на Ўкраіну?

Усё ж я думаю, што таго, што цяпер публічна агучваецца, не адбудзецца. З вайсковай тэхнікай і ўзбраеньнямі ніякі кантрактнік ПВК «Вагнэр» на тэрыторыю Беларусі ня трапіць.

«Ці ёсьць у Лукашэнкі грошы на ўтрыманьне ПВК „Вагнэр“?»

— Беларускія аналітыкі цяпер разважаюць пра тое, што атрымаў з гэтага Лукашэнка. Найперш піяр, Лукашэнка зноў у цэнтры ўвагі. Па-другое, могуць быць і бізнэс-інтарэсы рэжыму, зьвязаныя з афрыканскім бізнэсам «вагнэраўцаў». Але гаворыцца і аб прамых пагрозах для рэжыму Лукашэнкі, бо добра падрыхтаваных байцоў, баевікоў арганізацыі, створанай пад патранатам Пуціна, могуць скарыстаць для зрынаньня самога Лукашэнкі пры патрэбе. Наколькі асьцерагаецца Лукашэнка такога разьвіцьця падзей?

— Ён павінен асьцерагацца. ПВК «Вагнэр» — грамадзяне Расеі. На якія грошы ён будзе іх утрымліваць? На свае? Ці Расея гатовая плаціць грошы гэтым «здраднікам», вінаватым у спробе збройнага мяцяжу? Хто даць грошы на гэтыя 8 тысяч чалавек? Шайгу агучваў суму, якая выдаткоўвалася на ўтрыманьне ПВК «Вагнэр» — 3,5–4 мільярда даляраў у год. Ці ёсьць у Лукашэнкі або ў бюджэце Беларусі такія грошы на ўтрыманьне ПВК «Вагнэр»? Або іх за ежу будуць утрымліваць?

А рыхтаваць іх да чаго? Калі Лукашэнка будзе ствараць беларускую ПВК з інструктарамі з Расеі, з вагнэраўцамі з асноўнага складу ад Прыгожына, гэта адна размова. Але, у прынцыпе, гэта неляяльнае асяродзьдзе. Яны наладзілі збройны мяцеж, чаму б ім не зрабіць збройны мяцеж на тэрыторыі Беларусі? У чым розьніца? Яны выглядаюць як флібуст'еры. Зробяць пераварот хоць у Сырыі, хоць у Лібіі, хоць у Беларусі. З 55 краінаў Афрыкі прынамсі ў 10 краінах яны зьяўляюцца вырашальнай сілай.

Пагроз вельмі шмат. Да таго ж і Пуцін, і Лукашэнка заяўляюць, што на тэрыторыі Беларусі ўжо знаходзяцца ядзерныя боегалоўкі, ядзерная зброя. Мядзьведзеў падчас рэйду ад Варонежа да Масквы казаў, што бандытаў нельга дапусьціць да ядзернай зброі. Значыць, у Расеі нельга бандытаў дапусьціць да ўлады, таму што ў іх рукі трапіць ядзерная зброя. А ў Беларусі, атрымліваецца, можна зрабіць зь іх нейкую самастойную баявую адзінку, даць ім у рукі зброю і не баяцца, што раптам пры нейкіх абставінах яны будуць прэтэндаваць на ядзерную зброю, якую разьмясьціла там Расея. Нелягічна...

Мне падаецца, што ўсё выглядае вельмі падазрона і цёмна. Усе гэтыя словы, каб адцягнуць увагу саміх «вагнэраўцаў», каб яны не рабілі рэзкіх дзеяньняў, а ціха супакоіліся, а потым іх спакойна «расьпіхаюць» па тэрыторыі Беларусі ці Расеі. Дакладна яны не застануцца аўтаномным злучэньнем.

«Нягледзячы на яго ініцыятыву, Лукашэнка быў цалкам кантраляваны з Крамля»

— Лукашэнка ў інтэрвію Гардону 2020 году расказваў пра сяброўскія адносіны з Прыгожыным, якога ён Жэнем называў. Якая роля Лукашэнкі ў гэтай гісторыі — тэхнічная, як кажуць многія аналітыкі, ці нейкую сваю гульню ён спрабуе весьці?

— Ён такі спэцыфічны пэрсанаж, што можа сваю ролю пасярэдніка, сваю ролю службовага паказваць як ролю самастойную. Такая яго асаблівасьць. Я ніколі яго высока не ацэньваў. Ён вельмі хітры, выкрутлівы, умее выказаць сваю карыснасьць. Нешта круцельскае ў ім ёсьць. Але я ня вельмі веру, што ён можа будаваць нейкія гіганцкія схемы, прыдумляць нейкія расклады. Канечне, стэлефаноўваўся з Пуціным у рамках АДКБ. Пуцін жа ня толькі яму званіў, але і ў Казахстан, і ў Кіргізстан. Урэшце ўсе перамовы з Прыгожыным Пуцін асабіста кантраляваў, як і дамоўленасьці аб спыненьні рэйду, і адпраўку частак да месцаў сталай дысьлякацыі і далей у Беларусь. Я ня думаю, што Лукашэнку дазволена гэтыя пытаньні вырашаць. Занадта цана вялікая была — пасад у Расеі. Я думаю, што, нягледзячы на яго ініцыятыву, усё ж ён цалкам быў кантраляваны з Крамля.

«Гэта можа пагражаць сацыяльным выбухам»

— Давайце ўявім атмасфэру ў Беларусі. Затэрарызаваныя сілавікамі людзі, беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі апошніх гадоў, масавая эміграцыя, і да гэтага ўсяго дадаецца прысутнасьць узброеных наймітаў-крымінальнікаў у Беларусі, калі гэта канчаткова пацьвердзіцца. Якія эфэкты гэта можа выклікаць унутры Беларусі, як вы мяркуеце?

— Гэта можа пагражаць сацыяльным выбухам. Як гэтыя людзі сябе паводзяць у Расеі, калі вяртаюцца па заканчэньні кантракту? Чалавек, які кагосьці забіў, зноў едзе ваяваць, але за забойства яго ўжо не саджаюць, а ўзнагароджваюць. Якая там бурлівая сьвядомасьць узьнікае, усёдазволенасьць. Мы гэта бачым у Расеі, але Расея вялікая, іх могуць адсарбаваць. Гэтыя людзі доўга не жывуць. Беларусь — кампактная, невялікая паўднёва-ўсходняя эўрапейская краіна. Калі на вуліцах гарадоў зьявяцца гэтыя пэвэкашнікі... Канечне, Лукашэнка і з гэтым справіцца, але гэта можа выклікаць сацыяльнае напружаньне вельмі высокай ступені ў тых гарадах, дзе яны будуць зьяўляцца. Ці зможа ён кантраляваць, каб яны сядзелі ў палях, у лягерах? Не ўяўляю. Гэта вялікая маса людзей для Беларусі.

Калі 8 тысяч чалавек сапраўды перамесьцяцца ў Беларусь, могуць быць вялікія праблемы і з насельніцтвам, і з вайскоўцамі, і з КДБ Беларусі, могуць павялічыцца ўнутраныя супярэчнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG