Замовіць кнігу можна тут
Лявонці Зданевіч (Машэраўская выбарчая акруга № 39, Менск): Апошнім часам рэзка павялічылася колькасьць скаргаў грамадзян на адмовы органаў улады ў выдзяленьні зямельных надзелаў для стварэньня фэрмэрскіх гаспадарак. «Я і мой муж настаўнікі, — піша Зінаіда Міхайлаўна Краўчанка з Быхаўскага раёну. — У нас трое дзяцей. Вырашылі ўзяць 7 гектараў зямлі. У гаспадарцы маем 5 галоў буйной рагатай жывёлы, трактар. Пасьля доўгага нашага блуканьня сельскі савет прыняў рашэньне выдзеліць зямлю. Далей гэтай паперы ходу не далі. Райвыканкам даў указаньне старшыні калгасу адмовіць. Пазюмка, старшыня райвыканкаму, дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, адказаў, што не ў яго інтарэсах раздаваць зямлю». За тры гады рэформы, абвешчанай Вярхоўным Саветам, у сфэры таварнай сельскай гаспадаркі зьмяніліся землеўладальнікі толькі на 0,5 працэнта агульнай плошчы сельскагаспадарчых угодзьдзяў. Працэс стварэньня фэрмэрскіх гаспадарак фактычна прыпынены. За першы квартал 1993 году створаны толькі 177 сялянскіх гаспадарак. Кожны пяты гектар фэрмэрскай зямлі — гэта балота і хмызьняк. Якія захады зьбіраецца рабіць Савет міністраў, каб… задаволіць тых грамадзян, якія напісалі заявы на атрыманьне зямельных участкаў год, два, тры гады назад і не атрымалі нічога?
З выступу ў "Розным"
Адным з галоўных аргумэнтаў прыхільнікаў уступленьня Беларусі ў сыстэму калектыўнай бясьпекі СНД была эканоміка.
Эканоміка ў тым выглядзе, як яна разумелася ўрадам і кіраўнікамі прадпрыемстваў — адміністрацыйнае разьмеркаваньне рэсурсаў, жорсткае выкананьне загадаў «цэнтру» і дэталёвае, да дробязяў плянаваньне, ад выпуску трактароў да жаночых панчох (з апошнімі, праўда, у СССР былі вялікія праблемы).
«...Калі б не было СНД, дык цяжкасьці ў эканоміцы былі б нашмат большыя. І гэта трэба прызнаць. Гэта добра ведала апазыцыя, настойваючы пастаянна на рэзкім адыходзе ад сувязяў, якія традыцыйна склаліся, і пераарыентацыі на Захад. Ім таксама вядома, што з боку нашых партнэраў па СНД непазьбежна былі б прынятыя крокі ў адказ, якія ніколі не былі б кампэнсаваныя магчымай падтрымкай Захаду. Інакш кажучы, нам прапаноўвалі рэалізацыю мадэлі «чым горш — тым лепш». Пытаньне толькі ў тым, што лепш апазыцыі і што горш беларускаму народу».
Гэта словы не дэпутата — вэтэрана камуністычнай партыі, а старшыні ўраду Вячаслава Кебіча на нечарговай сэсіі. Што ж насамрэч прапаноўвала апазыцыя і ў чым бачылі паратунак «генэралы» ваенна-прамысловага комплексу (ВПК)?
Самая моцная падтрымка ініцыятывы далучэньня Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі сыходзіла ад кіраўнікоў прадпрыемстваў ВПК, якія раней падпарадкоўваліся, як правіла, Маскве. Іх часам называлі «чырвонымі дырэктарамі». За часамі СССР у невялікіх гарадах і нават у абласных цэнтрах такія прадпрыемствы выконвалі бюджэтатворную ролю, вакол іх круцілася ўсё, а генэральныя дырэктары адчувалі сябе ніяк не ніжэйшымі за самага высокага мясцовага начальніка: яны маглі даць, а маглі і ня даць грошы на школы, дзіцячыя садкі, паліклінікі, на рамонт дарог — на што заўгодна.
У Менску кіраўнікі гігантаў ВПК у адносінах з рэспубліканскім кіраўніцтвам паводзілі сябе больш стрымана (паколькі першая «пяцёрка» з гэтага кіраўніцтва ўваходзіла ў склад ЦК КПСС і, такім чынам, у партыйнай герархіі была на роўных з кіраўнікамі саюзных абаронных міністэрстваў). Але фінансавыя іх магчымасьці былі яшчэ большыя, чым у рэгіёнах — бо і прадпрыемствы былі буйнейшыя. З дасягненьнем незалежнасьці і распадам саюзнага ваенна-прамысловага комплексу значнасьць «генэралаў ВПК» пачала імкліва зьмяншацца, але ў 1993-м усё яшчэ захоўвалася. Яны абʼядналіся ў розныя «навукова-прамысловыя» асацыяцыі, каб больш каардынавана ціснуць на ўрад.
У часе надзвычайнай сэсіі яны ўжо пачалі ціснуць і на Вярхоўны Савет — на патрабаваньне групы дэпутатаў некаторым кіраўнікам далі магчымасьць выступіць з трыбуны.
«Прычына — у ідэалізаваным разуменьні сувэрэнітэту»
У Авальнай залі «чырвоныя дырэктары» паводзілі сябе вальяжна, як гаспадары, хоць і не былі дэпутатамі. Генэральны дырэктар вытворчага абʼяднаньня «Гарызонт» Аляксандар Санчукоўскі пачаў свой выступ з ацэнкі дзейнасьці Вярхоўнага Савету і нават агрызнуўся на старшыню:
«Пры разглядзе тых або іншых праблем няма прафэсійнага падыходу. Бо ў парлямэнце дастаткова эканамістаў, юрыстаў, гісторыкаў, і кожнаму павінна, па ідэі, быць адведзена сваё прафэсійнае лобі. Мы, выбаршчыкі, гэтага не адчуваем. Асабліва калі разглядаюцца праблемы палітычнага характару, тут наогул поўны мікрафонны бунт...»
Cтаршыня: «Шаноўны Аляксандр Аляксандравіч, я прашу вас гаварыць па тэме. Вам ня дадзена права даваць ацэнку працы дэпутатаў, іх выступаў».
Санчукоўскі: «Я выступаю як просты выбаршчык, Станіслаў Станіслававіч, прашу мяне не перабіваць». (Шум у залі).
Як «просты выбаршчык» Санчукоўскі прапанаваў даць дадатковыя паўнамоцтвы Кебічу.
Акрамя яго, на запатрабаваньне групы дэпутатаў выступілі таксама прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі прадпрыемстваў радыёэлектронікі, інфарматыкі і прыборабудаваньня Віл Ганчароў і генэральны дырэктар прамысловага абʼяднаньня «БелаўтаМАЗ», прэзыдэнт Беларускай навукова-вытворчай асацыяцыі Міхаіл Лаўрыновіч. ФОТА 19А
Віл Ганчароў: «Так, і ўрад, і кіраўнікі прадпрыемстваў не бязгрэшныя, але глыбінная прычына, паводле нашага глыбокага перакананьня, хаваецца ў ідэалізаваным разуменьні сувэрэнітэту і нэўтралітэту некаторымі палітыкамі (тымі самымі дэпутатамі БНФ — »), што прывяло да эканамічнай адасобленасьці, празьмернай ідэалізацыі і перабольшаньня ўласных сілаў і магчымасьцяў у перабудове і разьвіцьці эканомікі рэспублікі, якая практычна ня мае сваіх сыравінных і энэргетычных рэсурсаў».
Тэзіс пра адсутнасьць (як варыянт — поўную адсутнасьць) сыравінных рэсурсаў пачаў эксплёатавацца з таго самага моманту ў 1990 годзе, як БНФ заявіў пра дасягненьне незалежнасьці як пра галоўную палітычную мэту. Аднак тады ж акадэмік Радзім Гарэцкі прадставіў даволі ўражлівую карціну наяўнасьці ў Беларусі радовішчаў карысных выкапняў; ён зрабіў даклад на пасяджэньні апазыцыі, паводле ягонай інфармацыі я падрыхтаваў прэс-рэліз, які разаслаў у СМІ, некаторыя палажэньні былі імі апублікаваныя.
Зрэшты, мяне зьдзіўляла іншае: «генэралы» ВПК адносіліся да самых высокааплочваных катэгорый, яны часта выяжджалі за мяжу, у так званыя капіталістычныя краіны, адкуль прывозілі вельмі дэфіцытную ў той час электронную пабытовую тэхніку. Асаблівым попытам карысталіся відэамагнітафоны ды іншая электроніка, вырабленая ў Японіі. Цяжка ўявіць, каб генэральныя дырэктары ня ведалі, што ў гэтай краіне ні нафты, ні вугалю, ні нейкіх вялікіх радовішчаў карысных выкапняў няма. Тым ня менш, яны актыўна эксплёатавалі тэзу пра немагчымасьць наладзіць эканоміку без залежнасьці ад расейскай (менавіта расейскай) сыравіны.
«Выхад — гэта стварэньне, а дакладней аднаўленьне эканамічнага саюзу і падпісаньне непарыўна зьвязанай зь ім дамовы аб калектыўнай бясьпецы ў першую чаргу з Расеяй і Казахстанам», — падсумаваў Ганчароў.
Выглядае, у працягнутую руку мы мусілі пакласьці сувэрэнітэт краіны.
Праз год Аляксандар Санчукоўскі будзе фігураваць у апытаньнях як найбольш верагодная кандыдатура на пасаду прэзыдэнта — усьлед за Кебічам, Пазьняком. Шушкевічам, Лукашэнкам. Але вылучацца ня будзе — узначаліць перадвыбарчы штаб Кебіча.
А яшчэ празь невялікі час, недзе ў канцы 1995-га, я сустрэну Санчукоўскага на першым паверсе Цэнтральнага ўнівэрсаму, у расшпіленай куртцы і крыху пад шафэ, што ніяк ня будзе спалучацца са звыклым вобразам саліднага генэральнага дырэктара прамысловага гіганту. Але ён ужо некалькі месяцаў як быў зьняты з пасады асабістым распараджэньнем Лукашэнкі, з абвяшчэньнем па тэлебачаньні. Разам зь ім у краме былі двое сяброў зь вядомымі на ўсю краіну прозьвішчамі, якія пры Кебічу таксама займалі генэральскія пасады, кожны ў сваёй сфэры. «Ну, калі вы, БНФ, нарэшце ўжо зваліце гэтага Лукашэнку?» Ня памятаю ўжо, што канкрэтна я адказаў на гэтае пытаньне, але, напэўна, дваццаць гадоў улады нядаўна абранаму прэзыдэнту не даваў.
Тады ў такі доўгі тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі ні мне, ні Санчукоўскаму, ні ягоным сябрам паверыць было немагчыма. Гэтак сама, як гэтая кампанія колішніх паплечнікаў Кебіча не ўяўляла, што зусім хутка простая адстаўка будзе здавацца ледзь ня ласкаю — міністрам пад тэлекамэры будуць начэпліваць кайданкі.
«Сэнс палітыкі ўраду — спадзяваньне на нафту з Расеі па нізкіх цэнах»
Нашым галоўным аргумэнтам супраць калектыўнай бясьпекі была верагоднасьць удзелу беларускіх вайскоўцаў у баявых дзеяньнях за межамі краіны, пра гэта мы казалі няспынна. ФОТА 20
Але — ня толькі.
У чым жа бачыла апазыцыя прычыны крызісу, ад чаго перасьцерагала і што прапаноўвала? Працытую некалькі выступаў дэпутатаў БНФ у часе абмеркаваньня.
Зянон Пазьняк, старшыня Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце: «Пачынаючы з 27 ліпеня 1990 году, дня прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, перад рэспублікай паўсталі новыя задачы. У жніўні 1991 году пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ўзьніклі рэальныя магчымасьці ажыцьцяўленьня гэтых задачаў. Зь іх важнейшыя тры — дзяржаўнае будаўніцтва, адраджэньне нацыянальнай культуры і рыначная рэформа эканомікі. Для ўвасабленьня новых задачаў павінна быць дасягнута абавязковая палітычная ўмова — абнаўленьне дзяржаўнага кіраўніцтва. Гэта значыць, калі абвяшчаецца новая незалежная дэмакратычная дзяржава, тады абавязкова праводзяцца новыя дэмакратычныя выбары. Стары парлямэнт і стары ўрад, створаныя пры таталітарным рэжыме, ня ў стане праводзіць дэмакратычныя і рыначныя пераўтварэньні, ажыцьцяўляць новыя задачы. Гэта аксіёма».
Пазьняк лічыў неабходным нагадваць, што дэпутаты і сфармаваны яшчэ ў камуністычныя часы ўрад «пераседзелі» тэрмін, адведзены ім гісторыяй, але і гэты час быў змарнаваны.
«Што перашкаджала ўраду і старшыні Кебічу ўсе гэтыя гады праводзіць пераарыентацыю нашай прамысловасьці і ўсёй эканомікі на патрэбы Рэспублікі Беларусь? — пытаўся лідэр апазыцыі. — Што перашкаджала не тармазіць, а ініцыяваць захаваньне і разьвіцьцё сельскай гаспадаркі? Што перашкаджала рэальна спрыяць стварэньню сапраўднай фінансава-крэдытнай і банкаўскай сыстэмы, садзейнічаць падрыхтоўцы ўвядзеньня нацыянальнай валюты? Што перашкаджала займацца канвэрсіяй ваеннай прамысловасьці? Што перашкаджала шукаць і ствараць другія і трэція крыніцы забесьпячэньня энэргарэсурсамі, і перш за ўсё нафтай і газам? Ёсьць жа досьвед іншых краінаў, ёсьць канструктыўныя прапановы. Ёсьць выйсьце. Чаму нічога не скарыстана? Чаму паставілі такім чынам Беларусь у залежнасьць ад расейскай нафтаздабычы, якая, дарэчы, згортваецца і дэградуе? Што перашкаджала ўраду ініцыяваць абгрунтаваную, зручную для разьвіцьця вытворчасьці падатковую палітыку? Што перашкаджае, нарэшце, праводзіць эфэктыўную барацьбу са злачыннасьцю і карупцыяй? Чаму ў дзяржаве фактычна адсутнічаюць неабходныя мэдыкамэнты, а мільёны даляраў, выдаткаваныя зь ведама старшыні Саўміну на іх закупку камэрцыйнымі структурамі, у якіх працуюць родзічы прэмʼер-міністра, выкарыстаныя не па прызначэньні?» ФОТА 42
Сапраўды, узьнікала ўражаньне, што галоўным сваім палітычным рэсурсам Кебіч лічыць не падкантрольны яму парлямэнт і адданых кіраўнікоў рэгіёнаў, а добрыя адносіны з кіраўнікамі Расеі. Канвэртацыя сяброўства ў нафту магла б успрымацца і станоўча, калі б пры гэтым пільнаваліся ўласныя, нацыянальныя інтарэсы. А з гэтым ва ўрадзе былі, як мы лічылі, праблемы.
«Усе навокал нас будуюць свае незалежныя дзяржавы, свае дзяржаўныя інстытуты. Трэба будаваць і нам. Выклікае пэўнае недаўменьне заклік кіраўніка ўраду, зроблены 18 сакавіка, скасаваць найважнейшую палітычную каштоўнасьць нашай дзяржавы — нэўтралітэт і заключыць ваенны саюз зь нестабільнай Расеяй. Такія заклікі ня толькі супярэчаць Канстытуцыі, але і сьведчаць пра высьпяваньне дзяржаўнай здрады. Беларусі не патрэбныя ніякія ваенныя саюзы, тым больш з ваюючай велізарнай краінай, што знаходзіцца на парозе развалу і грамадзянскай вайны».
На завяршэньне свайго выступу Пазьняк выказаўся за зьмену кіраўніка ўраду: «Лічу, што Вярхоўны Савет павінен запатрабаваць адстаўкі спадара Вячаслава Кебіча з пасады старшыні Савету міністраў… Незалежнасьць дзяржавы зьяўляецца найвялікшай каштоўнасьцю. І выклікае вялікае зьдзіўленьне, непаразуменьне, калі кіраўнік дзяржавы фактычна выступае за скасаваньне гэтай найвялікшай каштоўнасьці грамадзтва, калі ставяцца пад сумненьне яе нэўтралітэт і яе незалежнасьць».
Пазьняк унёс прапанову пра адстаўку Кебіча ў пісьмовай форме (гэтага патрабаваў рэглямэнт, інакш пытаньне ня ставілася на галасаваньне), але прагаласуюць 23 дэпутаты — толькі тыя члены апазыцыі, якія былі ў залі.
«Рэнтабэльная вытворчасьць развальваецца на вачах»
Кожны дэпутат апазыцыі ў сваіх выступах ацэньваў прапанову аб далучэньні да сыстэмы калектыўнай бясьпекі як вельмі небясьпечную для сувэрэнітэту краіны.
Барыс Гюнтэр, дэпутат Апазыцыі БНФ: «Сёньня кожны з нас павінен прыняць сурʼёзнае рашэньне — быць ці ня быць нашай рэспубліцы дзяржавай у поўным разуменьні гэтага слова або зноў стаць вобласьцю імпэрыі, як прапануе наш прэмʼер.
На працягу трох гадоў працы нашага Вярхоўнага Савету было прынята некалькі праграмаў эканамічнага разьвіцьця, прапанаваных урадам. І як жа яны рэалізаваныя? Адказ напрошваецца сам сабой — ды ніяк, за выключэньнем аднаго пункту, а менавіта ў частцы лібэралізацыі цэнаў. І то гэта не дасягненьне Вячаслава Францавіча Кебіча, а абʼектыўны працэс. Па гэтым шляху пайшла Расея, і ўрад вымушаны быў ісьці гэтым самым шляхам. Пры гэтым стрымліваліся закупныя і розьнічныя цэны на асноўныя прадукты харчаваньня, што правакавала і правакуе вываз яго за мяжу і разбурае нашу сельскую гаспадарку. Вёска лямантуе ад гэтага бязьмежжа, і некалі рэнтабэльная вытворчасьць развальваецца на вачах. Пры манапалізьме вытворчасьці, мытных барʼерах сумежных дзяржаў, што замінае ўвозу замежных тавараў, рэспубліканскі рынак адасобіўся, што дало права вытворцы нарошчваць цану і пры агульным скарачэньні вытворчасьці атрымліваць той самы, а мо і яшчэ большы прыбытак (я не кажа пра ўсе прадпрыемствы). Урадам ня зроблена ніводнага кроку для стварэньня рынкавай інфраструктуры».
Далей Барыс Гюнтэр прывёў прыклады карупцыі ў Гомельскай вобласьці: «Будаўніцтва мэдцэнтру так і засталося на паперы, затое 220 тысяч даляраў былі пералічаныя ў Галяндыю на закупку какава-бабоў. Вынік — ні какава-бабоў, ні даляраў... Акрамя таго, рэалізацыя 50 тысяч тон нафты была праведзеная без афармленьня мытнай грузавой дэклярацыі і аплаты падатку на экспарт, што ў выніку з улікам нядоімкі і пені без малога склала 1 мільён даляраў».
Тое, што сказаў Гюнтэр, было шырока распаўсюджанай зьявай: блізкія да ўлады прадпрымальнікі (як правіла, іх фірмы былі створаныя яшчэ пры ўдзеле партыйных і камсамольскіх камітэтаў), атрымлівалі ліцэнзіі на рээкспарт нафты — узамен абавязаньняў увезьці ў Беларусь прадукты харчаваньня альбо мэдыкамэнты.
Розьніцу (у Эўропе нафта каштавала нашмат даражэй) клалі сабе ў кішэню. Існавала і пэўная такса хабару за ліцэнзію; мне дакладна вядома, што ў выпадку з подпісам другой-трэцяй асобы вобласьці яна дасягала ста тысяч даляраў; даўшы такі хабар, бізнэсовец атрымліваў мільёны. На гэтыя грошы потым і прыватызаваліся дзяржаўныя прадпрыемствы; шмат якія буйныя карпарацыі і ў рэгіёнах, і ў Менску паўсталі на гэтым мэханізьме.
«Нельга давяраць дзяржаву людзям няшчырым»
Пра карупцыйныя вытокі эканамічнага крызісу сказаў і дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Антончык: «Не было б такога бязьмежжа зьнізу, калі б не было прыкрыцьця зьверху. А ўспомніце, колькі каштуе абʼект, былы камандны пункт. Каля 60 мільярдаў рублёў. А за колькі яго спрабавалі прадаць? За 20 мільёнаў рублёў. А хто даваў каманду ахове не перашкаджаць вывозіць прадукцыю? Вы таксама ведаеце — намесьнік старшыні Саўміну Косьцікаў. Хто-небудзь адказаў? Дык жа не!»
Тэму працягнуў Лявон Баршчэўскі: «Усе нашы беды ня толькі ў Расеі. Наш дарагі ўрад ня змог, а можа і ня надта хацеў кантраляваць сытуацыю з рээкспартам сыравіны і тавараў з Расеі ў трэція краіны. Хто на гэтым добра набіў сабе кішэню, спадзяюся, у хуткім часе высьветліць незалежны суд… Нельга давяраць кіраваць дзяржавай людзям няшчырым, тым, хто ненавідзіць сувэрэнітэт, культуру, мову, звычаі народа, якім кіруе. Нельга давяраць рыначныя формы і фарміраваньне здаровай эканомікі камуністам, якія гістарычна засьведчылі сваю абсалютную няздольнасьць да гэтага…
Днямі падаў у адстаўку адзінаццаты за апошнія трынаццаць гадоў урад Бэльгіі ў сувязі са зьніжэньнем тэмпаў эканамічнага разьвіцьця краіны. Куды ж трэба загнаць наша эканамічнае разьвіцьцё, каб вы, шаноўная большасьць, адправілі ў адстаўку свой выпеставаны яшчэ ў ЦК КПБ на дражджах былой ВПШ урад ці хоць бы яго кіраўніка?!»
Мікалай Крыжаноўскі, дэпутат Апазыцыі БНФ: «Урад, які ўзначальваецца Кебічам, падводзячы вынікі работы за 1992 год, адзначыў, што захоўваецца «…дэфармаваная ў адносінах да патрэб рэспублікі і магчымасьцей сыравіннай базы структура вытворчасьці. Вось у чым галоўная прычына». Канец цытаты. Але нічога не рабіў і ня робіць для паляпшэньня становішча. Па-ранейшаму недапушчальна нізкі ўзровень інвэстыцый у структурную перабудову нашай эканомікі. Не выконваюцца і практычна ператвораны ў пустыя паперкі рэспубліканскія праграмы “Лён”, “Цукар”, “Збожжа” і іншыя. Працягваецца арыентацыя на павелічэньне абʼёмаў закупкі бавоўны, адна тона якой каштуе больш як 1000–1200 даляраў. Штогод скарачаюцца пасевы льну, з-за недахопу гэтай чыста нашай беларускай сыравіны не на поўную магутнасьць працуе адзіны ў рэспубліцы Аршанскі льнокамбінат. Так нам вельмі цяжка будзе знайсьці на сусьветным рынку сваю беларускую эканамічную нішу».
Прыклад поўнага падпарадкаваньня прадпрыемстваў ВПК Маскве прывёў дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Папкоў: «Чаму адміністрацыя прадпрыемстваў ВПК імкнецца да гэтага ваенна-палітычнага саюзу? Каб пазьбегнуць адказнасьці. Я вам прывяду просты прыклад. Я працаваў на абʼяднаньні “Інтэграл” і добра ведаю, што там рабілася і як. У 1989 годзе (у канцы году) 300 мільёнаў рублёў прыбытку “Інтэграл” пералічыў проста так у канцы году ў Маскву ў былое міністэрства. Гэта тыя сродкі, якія мусілі ісьці на разьвіцьцё гораду Менску, на разьвіцьцё раёнаў, у якіх жывуць рабочыя “Інтэгралу”, а гэтыя 300 мільёнаў (вы разумееце, што такое 300 мільёнаў на той час) зьніклі зь Беларусі».
У 1989 годзе прылаўкі былі ўжо паўпустыя, але цэны будматэрыялаў былі фіксаваныя. Таму няцяжка падлічыць, колькі жылых дамоў можна было пабудаваць за тыя пералічаныя ў Маскву 300 мільёнаў, калі ўзьвядзеньне 100-кватэрнага панэльнага дома абыходзілася ў сярэднім у паўтара мільёна рублёў: атрымліваецца невялікі горад.
Прэмʼер-міністар Ценявога кабінэту выказвае прапановы
Паняцьце «ценявы кабінэт» у палітычны лексіыкон уведзена брытанскай традыцыяй, паводле якой апазыцыйная партыя фармуе склад кабінэту зь ліку сваіх дэпутатаў — яны і сядзяць у першым шэрагу крэслаў у залі Палаты абшчынаў парлямэнту, насупраць дзейнага кабінэту. Гэтую залю зь зялёнымі скуранымі крэсламі, доўгім сталом са стосамі даведнікаў і крэслам сьпікера мне давялося наведаць, калі я быў у брытанскі парлямэнце. Пазнаёміўся я і са сьпікерам Бэці Бутройд, першай (і пакуль што адзінай) за доўгую гісторыю брытанскага парлямэнтарызму жанчынай на гэтай пасадзе.
У Брытаніі, у выпадку перамогі апазыцыйнай партыі на выбарах, «ценявы кабінэт» робіцца дзейным. Таму «ценявых» міністраў трымаюць у курсе ўсіх спраў ведамстваў, якія, магчыма, ім давядзецца ўзначаліць — гэта гарантыя пераемнасьці і стабільнасьці.
А ў нас стабільнасьць забясьпечвалася стрымліваньнем улады тымі, хто сеў у міністэрскія крэслы яшчэ ў камуністычныя часы. Калі літаральна, сядзелі яны, як я ўжо пісаў, ва «ўрадавым» сэктары (у першым шэрагу — Кебіч), ну а члены Ценявога кабінэту БНФ — на сваіх дэпутацкіх месцах, па ўсёй Авальнай залі.
Ценявы кабінэт узьнік амаль адразу пасьля стварэньня Апазыцыі БНФ. Калі ў жніўні і верасьні 1990 году мы рыхтавалі пакет законапраектаў да другой сэсіі, прыцягнулі да працы экспэртаў у розных галінах. Адна група выпрацоўвала канцэпцыю прыватызацыі, другая распрацоўвала зямельную рэформу, іншыя займаліся банкаўскай сфэрай, пытаньнямі абароны.
Узначальвалі групы дэпутаты. Дарэчы, прадстаўлены Апазыцыяй у кастрычніку 1990-га на сэсію пакет законапраектаў прывёў дэпутатаў парлямэнцкай большасьці ў шокавы стан: яны не чакалі, што мы зробім такую працу за такі кароткі тэрмін ды яшчэ кваліфікавана (дакумэнты прайшлі экспэртызу). Адзін за адным нашыя законапраекты адкідаліся, але шмат якія палажэньні былі прынятыя.
Тады, увосень 1990-га, і было вырашана ператварыць экспэртныя групы ў сталы дзейны орган — Ценявы кабінэт пры дэпутацкай апазыцыі (назоў, калі не памыляюся, прапанаваў Пазьняк). Прэм’ерам Ценявога кабінэту быў Уладзімер Заблоцкі. Пазьней структура кабінэту мянялася, найбольш істотныя зьмены адбыліся ў 1994 годзе, калі прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Членамі кабінэту былі, пераважна, дэпутаты. Я адказваў за інфармацыйны блёк.
Канешне, Ценявы кабінэт (яго яшчэ часта называлі Ценявым урадам) працаваў без усялякіх дзяржаўных датацый, ніхто нікому нічога не плаціў — у нас проста не было на гэта грошай, а бізнэсоўцы не выяўлялі нейкага жаданьня нам дапамагчы. Але праца за некалькі галоў была зробленая вялікая: пяць эканамічных праграм і некалькі дзясяткаў законапраектаў. Па сутнасьці, была створаная канцэпцыя незалежнай беларускай дзяржавы (на жаль, рэалізаваная толькі часткова).
Уладзімер Заблоцкі меў досьвед працы ў прамысловасьці і цалкам не стэрэатыпныя, не сацыялістычныя падыходы да эканомікі. Можа быць, адзіным ягоным недахопам было — на пачатку дэпутацтва — занадта частае ўжываньне навуковай тэрміналёгіі, якую цяжка было ўспрыняць сакратарам райкамаў ды «крепким хозяйственникам». Камуністы Заблоцкага паважалі, бо нічога не разумелі. Але на пачатку 1993-га Заблоцкі прамаўляў ужо даходліва, і камуністы яго запаважалі яшчэ болей.
Іншая справа, што гэта ніяк не адбівалася на выніках іх галасаваньня.
Уладзімер Заблоцкі: «Што канструктыўнага прапануецца з боку апазыцыі? Гэта ўжо вядомыя прапановы, якія ўжо каму-каму, а ўраду былі прапанаваныя ў першую чаргу і, акрамя ўсяго іншага, у выглядзе заканадаўчых паправак. Яны былі зробленыя досыць даўно (яшчэ восеньню). Першае. Прызнаць, што Беларусь — дзяржава з усімі наступствамі з гэтай высновы. Другое. Падрыхтаваць прававы падмурак рэформы, у аснове якой — упарадкаваньне адносінаў уласнасьці, прызнаньне права дзяржавы на ўласнасьць, гэта значыць не дзяржаўная ўласнасьць у ранейшым разуменьні, а ўласнасьць субʼекта, дзяржавы…
Новая бюджэтная палітыка прадугледжвае іншую падатковую сыстэму, якая будзе садзейнічаць вытворчасьці. Асобна паўстае пытаньне аб грашовай крэдытна-фінансавай палітыцы. Беларусь пры самастойнай палітыцы магла б пазьбегнуць гіпэрінфляцыі. Сукупная рэформа валюты, крэдытаў, цэнаў. Для гэтага неабходныя атрыбуты дзяржаўнасьці, мытні, мяжа. Нельга ўводзіць гэтыя сыстэмы, не забясьпечыўшы ўласную мытную прастору. Такая рэформа патрабуе волі, і перш за ўсё палітычнай.
Стабілізацыя курсу грашовай адзінкі і цэнаў створыць умовы для нармальнай працы прадпрыемстваў. Але яе стабілізацыя патрабуе таксама і прызнаньня для таго, каб быў стабільны курс тавару (у якасьці тавару — зямля і сродкі вытворчасьці, гэта значыць яны павінны быць на рынку як тавары). Структурная цэнавая рэформа дазволіць усталяваць суадносіны цэнаў па групах тавараў і ўнутры групаў.
…Ваенныя заказы, якія тут хочуць захаваць для таго, каб падтрымаць частку нашай эканомікі, патрабуюць ваеннага бюджэту гэткіх самых памераў, як і было раней. І мы дойдзем да таго, што 55 адсоткаў бюджэту будзе траціцца на вайну. Мы гэтага хочам?»
Словы пра падатковую рэформу дэпутаты парлямэнцкай большасьці маглі зразумець і нават прыняць — яны і самі час ад часу патрабавалі зьменшыць падаткі (кожны — для сваёй галіны). Магчыма, яны, хоць і зь цяжкасьцю, але ўяўлялі ўласную мытную прастору і нават дзяржаўную мяжу. Сродкі вытворчасьці як тавар? Чаму не — шмат у каго ўжо былі створаныя фірмы, куды перайшла дзяржаўная (ці, па-іншаму — народная) маёмасьць. Але было ў выступе Ўладзімера Заблоцкага тое, што ні пры якіх умовах больш як дзьвесьце чалавек у Авальнай залі дапусьціць не маглі — гэта каб на рынку ў якасьці тавару апынулася зямля.
Права прыватнай уласнасьці на зямлю — гэта быў апошні бастыён, які з усёй сілай абаранялі былыя і цяперашнія бальшавікі. І нашая прапанова раздаць да траўня 1993-га ўсім ахвочым па 10 сотак зямлі (гэта было б добрай падтрымкай у цяжкія часы) — не набрала належнай колькасьці галасоў.
Лукашэнка просіць у КДБ паратунку
Лукашэнка любіў хадзіць у лазьню. Звычка пахвальная, для здароўя карысная, але ў выпадку з дэпутатам ад 310-й Шклоўскай выбарчай акругі яна сумяшчалася яшчэ і з палітычнай дзейнасьцю.
Не магу ўявіць сябе Шушкевіча, або Кебіча, або Пазьняка, якія б без патрэбы, маючы дома ванну або магчымасьць наведаць лазьню ў кампаніі сяброў, пацягнуліся б у грамадзкае месца, дзе зьбіраецца паўсотні, а то і болей малазнаёмых ці зусім незнаёмых людзей. Мне самому даводзілася быць у такіх сытуацыях — у часе студэнцкіх будатрадаў, у войску. У дзяцінстве, у Сідаравічах, пад Магілёвам, дзед браў мяне па «мужчынскіх» днях у агульную вясковую (здаецца, па нядзелях — бо ў суботу хадзілі жанчыны) — але ў дзедавай хаце не было ванны або душа, і ўвогуле, як гаворыцца, былі «зручнасьці ў двары».
У доме ў Лукашэнкі ванна была. Лукашэнка наведваў грамадзкую лазьню ў Шклове ня столькі з так бы мовіць гігіенічных прычынаў, колькі з палітычных. Ён, як прыгадвалі пазьней, наведваўся туды па выходных, калі там зьбіралася найбольш людзей і, канешне, апынаўся ў цэнтры ўвагі. Трэба прызнаць, тое быў добры спосаб ня толькі падтрымаць уласны рэйтынг, але і ведаць, чым жыве народ. Выглядае, што ў Шклове народ спавядаў тыя самыя ідэі, што і Лукашэнка, паколькі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году за яго ў раёне прагаласавала 90% — больш, чым дзе-небудзь у краіне.
Лукашэнка лёгка знаходзіў агульную мову з жыхарамі невялікіх гарадкоў, мястэчак і вёсак, насельніцтва якіх потым сацыёлягі вызначаць як асноўны ягоны электарат. Са сталічнымі жыхарамі было цяжэй. Са сталічнымі ў яго не атрымлівалася.
І ўжо зусім немагчыма было з тымі, хто катэгарычна не падзяляў ягоных поглядаў. Калі Шушкевіч або Пазьняк маглі добра «трымаць удар» ад палітычных апанэнтаў, псыхалягічна ўстойліва ўспрымалі атакі і не выходзілі зь сябе (увогуле, гэта няпроста), часта адбіваліся дасьціпнай фразай ці жартам — дык Лукашэнка імгненна зрываўся, скідваўся ў гістэрыку.
Але 8 красавіка такой дыскусіі абмінуць не ўдалося.
Усе дні, пакуль Вярхоўны Савет абмяркоўваў пытаньне аб далучэньні да сыстэмы калектыўнай бясьпекі, на Плошчы былі актывісты БНФ. Некалькі дзясяткаў чалавек трымалі плякаты, бел-чырвона-белыя сьцягі. Калі ўвечары канчалася пасяджэньне сэсіі — людзей зьбіралася болей, і мы, дэпутаты БНФ, выходзілі да іх. Фронтаўцаў цікавілі падрабязнасьці абмеркаваньняў, а ў агульным раскладзе сілаў яны арыентаваліся досыць добра. У тым ліку — і ў пазыцыях дэпутатаў.
І таму калі на Плошчы зьявіўся Лукашэнка, актывісты БНФ выказалі ўсё, што пра яго думаюць. Я ня ведаю, што канкрэтна яму казалі, але дакладна гэта не была лаянка і дакладна гэта былі толькі словы. Ніякіх дзеяньняў не было, ніхто Лукашэнку і пальцам не крануў.
Увогуле, за амаль шэсьць гадоў кадэнцыі Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня быў толькі адзін выпадак, калі чалавек пэўным чынам пацярпеў на Плошчы — пасьля правалу праімпэрскага маскоўскага путчу, 24 жніўня сакратар ЦК КПБ Валер Ціхіня быў апляваны людзьмі, якія сабраліся на Плошчы — пры гэтым дружына БНФ па камандзе Вячаслава Сіўчыка адразу ўзяла Ціхіню ў «кола» і правяла ў гатэль «Мінск». Я перакананы, што сярод тых, хто пляваў, «фронтаўцаў» не было — у нашых прыхільнікаў былі іншыя мэтады ўзьдзеяньня.
Лукашэнку ратаваць не давялося — яго не чапалі, проста выказалі ацэнку ягонай пазыцыі.
Але гэтага хапіла, каб на другі дзень на сэсіі Лукашэнка пачаў скардзіцца:
«Паважаныя члены Вярхоўнага Савету! Паважаны Станіслаў Станіслававіч! Я вас вельмі прашу ўважліва мяне выслухаць, я больш трох хвілін вашу ўвагу не займу. Перш чым па сутнасьці сказаць, я б хацеў зьвярнуцца да вас, Зянон Станіслававіч Пазьняк, як да чалавека, перад якім я абсалютна ні ў чым не вінаваты, і папрасіць, каб вы ці сваім “баевікам”, ці сваёй “шпане”, ня ведаю, як вы яе называеце, загадалі, каб больш... (Шум у залі). Вы мяне, калі ласка, не перапыняйце, я ў тры хвіліны ўкладуся. Калі ўчора Антончык выступаў з трыбуны, вы яму далі сказаць. І я вам скажу, Станіслаў Станіслававіч, чаму я гэта кажу. Таму вы, калі ласка, папярэдзьце сваіх людзей: крычаць, калі ласка, крычыце, але нападкі прадпрымаць супраць народных дэпутатаў, я маю на ўвазе перш за ўсё супраць мяне... Таму я вас вельмі прашу, як чалавека, разьбярыцеся з тымі, каго вы ўчора прывялі на Плошчу. І вось тут сядзіць старшыня КДБ, калі гэта правакацыя, ён вам, спадар Баршчэўскі, скажа... Гэтая заява была ад трэцяга мікрафона не выпадковая, што вы там раздасьцё тэлефоны і пачняце камусьці пагражаць. Я асабіста вас не баюся».
(Пасаж на адрас Баршчэўскага быў выкліканы ягонымі словамі пра распаўсюд сярод выбаршчыкаў інфармацыі, хто з дэпутатаў галасаваў за калектыўную бясьпеку).
Выглядае, што Лукашэнка ўжо пасьпеў быў зьвярнуцца і да старшыні КДБ Шыркоўскага — праўда, ніякіх наступстваў гэта ня мела дый не магло мець у тыя часы: людзі на Плошчы законаў не парушалі, проста выказалі сваё меркаваньне, хоць і экспрэсіўным чынам.
Гэта ўжо ў іншыя часы за нязгоду з прэзыдэнтам Лукашэнкам КДБ будзе распачынаць крымінальныя справы.