Атрымаўшы статус уцякачкі ў Латвіі, я амаль ня спала ўсю наступную ноч. У галаве круціліся адны і тыя ж думкі: «Я ня траплю на магілы родных», «Я ніколі ня ўбачу тату». І калі трапіць на магілы хоць калісьці ў мяне яшчэ засталася надзея, дык тату я і праўда так і не пабачыла.
Ён памёр на Вялікдзень сёлета, і так я спазнала новыя рытуалы, даступныя нам у нашай новай рэальнасьці. Разьвітвалася з татам я празь відэасувязь, і як апускаюць труну, таксама глядзела онлайн. Сама ў гэты час я сядзела на лаве побач з чужой магілай на адных з рыскіх могілак. Рыдала ўголас і праклінала ўсіх, вінаватых у тым, што нават разьвітацца па-людзку са сваімі роднымі мы цяпер ня можам.
Я шмат разоў размаўляла зь іншымі ўцекачамі і ўцякачкамі на гэтую тэму, але мы заўжды факусаваліся на сьмерці старэйшых родных, быццам забываючыся, што перажываць на адлегласьці даводзіцца ня толькі сьмерць бацькоў і іншых блізкіх сваякоў. Таксама будуць сьмерці публічных асобаў, і гэтыя страты ва ўмовах немагчымасьці разьвітацца моцна на нас паўплываюць.
Зрэшты, думка і пра немагчымасьць пахаваць бацькоў не да ўсіх прыходзіць адразу. Шмат хто, зьяжджаючы зь Беларусі, думае, што гэта ненадоўга. Прынамсі, так дакладна думала большасьць людзей, што зьяжджалі ў 2020 і 2021 годзе.
І я памятаю, як у маёй стужцы ў фэйсбуку пачалі зьяўляцца допісы людзей, якія не маглі прыехаць на пахаваньне родных у Беларусь. І як пачаў зьяўляцца быццам новы корпус ведаў і навыкаў. Зьяўляліся новыя альгарытмы, як перажыць страту ў такіх умовах. Пахаваньні онлайн, памінкі онлайн...
Вядома, усё гэта камусьці даводзілася рабіць і раней, але ёсьць прынцыповая розьніца паміж немагчымасьцю прыехаць здалёк празь фінансавыя цяжкасьці і немагчымасьцю прыехаць, бо цябе арыштуюць проста на мяжы. Грошы можна пазычыць, іх могуць ахвяраваць знаёмыя, а чалавечнасьць у цяперашніх уладаў Беларусі страчана назаўжды.
На пахаваньні Алеся Пушкіна было багата людзей па мерках вёскі Бобр, але наколькі болей людзей туды б прыйшло, калі б толькі можна было трапіць у Беларусь! Я гартала стужкі ў сацсетках і бачыла, як адны і тыя ж здымкі перапошчваюць розныя людзі, і як ледзь ня ўсе яны шкадуюць, што не маглі быць там самі. Як яны (мы) удзячныя людзям, што прыехалі ў Бобр і паказалі нам, як усё было.
Традыцыі і рытуалы, зьвязаныя са сьмерцю, — гэта вельмі важна. Яны дапамагаюць нам прыняць страту, не застываць у шоку і пачаць гараваць. Яны дазваляюць нам яднацца. І ўсё гэта ва ўцекачоў адабраў рэжым Лукашэнкі.
І ў палітвязьняў — таксама.
Мала што выклікае ў мяне такую ж па моцы злосьць і нянавісьць, як думкі пра тое, колькі беларусак і беларусаў ня могуць разьвітацца з самымі роднымі людзьмі. Ёсьць у гэтым штосьці глыбінна няправільнае.
Хоць што рэжым Лукашэнкі ўвогуле робіць правільна...
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.