Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяброўка маладосьці Алеся Пушкіна: «Яшчэ не арыентуючыся ва ўсіх тонкасьцях палітыкі, ён з усёй шчырасьцю й любасьцю аддаўся Беларусі»


Алесь Пушкін, архіўнае фота
Алесь Пушкін, архіўнае фота

Валянціна Якімовіч, сяброўка маладосьці Алеся Пушкіна, успамінае ў інтэрвію Свабодзе пра першыя грамадзкія акцыі і часы сталеньня будучага выдатнага мастака і нацыянальнага дзеяча, які 11 ліпеня загінуў у зьняволеньні.

«Калі хочаш, каб цябе пачулі, трэба крычаць гучна»

— У чэрвені 1988 году ў Літве ўтварыўся палітычны рух «Саюдзіс», які ставіў за мэту выхад Літвы з СССР, — успамінае Валянціна Якімовіч. — У той год восеньню ў Беларусі была створана грамадзкая арганізацыя «Мартыралёг Беларусі» і арганізацыйны камітэт Беларускага Народнага Фронту. Камуністы Літвы ў кастрычніку 1988-га забаранілі «Саюдзісу» правесьці мітынг на Катэдральнай плошчы, і яго правядзеньне было перанесена на Замкаваю гару. Талакоўцы, «Тутэйшыя», арганізацыйны камітэт БНФ і сьвядомая грамада паехалі ў Вільню на падтрымку «Саюдзісу». Вось тады ў цягніку Менск — Вільня я ўпершыню і ўбачыла Алеся Пушкіна. Яму тады было 22 гады.

Высокі, хударлявы, у акулярах, з адкрытым поглядам блакітных вачэй; просты, зь лёгкай гарбінкай нос, над чуйнымі вуснамі ледзь прабіваюцца яшчэ мяккія вусікі, і густая капа пругкіх сьветла-русых, да плячэй, валасоў. Прыгажун!

Ён вёз з сабою зробленую ім ляльку — пудзіла Мураўёва-вешальніка, які тварам быў нават падобны на сапраўднага. Валасы й вусы былі зробленыя зь мяцёлкі, якой у вёсках беляць столь. Апрануты ў сіні халат прыбіральшчыцы, з рукавоў вызіралі гумовыя пальчаткі, а на плячах — пагоны з адпаведнымі прыбамбасамі тых часоў.

У Вільні мы спачатку пайшлі да месца, дзе ў 1864 годзе сядзеў за кратамі і быў асуджаны генэрал-губэрнатарам Міхаілам Мураўёвым на сьмяротную кару ў свае 26 гадоў наш Кастусь Каліноўскі. Аддалі яму даніну памяці. А потым пайшлі ў парк, дзе, недалёка ад Замкавай гары, стаяў помнік расейскаму паэту Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну. Менавіта насупраць яго наш мастак Аляксандар Мікалаевіч Пушкін і паставіў пудзіла таго Мураўёва-вешальніка.

Адзначэньне Дня Беларускай вайсковай славы ў 1993 г., наперадзе - Валянціна Якімовіч. Фота Ул. Сапагова, vytoki.net
Адзначэньне Дня Беларускай вайсковай славы ў 1993 г., наперадзе - Валянціна Якімовіч. Фота Ул. Сапагова, vytoki.net

А пасьля мы пачалі ўздымацца па Замкавай гары да вежы Гедзіміна, і ўжо прайшлі амаль палову таго шляху, як да мяне падышоў літовец і сказаў, што там сабраліся якраз камуністы, і паказаў мне кірунак, куды нам трэба ісьці. Тады я з усяе моцы зычным голасам крыкнула нашым, каб вярталіся. І ўвесь гурт нашых беларусаў змушаны быў зьмяніць кірунак. Мы прыйшлі да сяброў «Саюдзісу».

У мяне ў той дзень была тэмпэратура +39, але я не магла не паехаць з нашымі, бо ў мяне быў намаляваны на льняным палатне штандар «Пагоня» і вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Ды хто б так гучна засьпяваў там нашу «Пагоню» Багдановіча? Да мяне падышоў Алесь Пушкін і з усьмешкай запытаў: «Ты Валя?» — «Так», — адказваю. «Настаўніца?» — «Так». — «Ты выпіваеш?» — пытаецца. «Ты дурань?» — пытаю ў адказ. «А чаму ў цябе такі моцны голас?» — зноў пытае ён. «Таму што калі хочаш, каб цябе пачулі, трэба крычаць гучна», — тлумачу яму. Так адбылося маё першае знаёмства з Алесем Пушкіным.

«Натоўп упершыню раптам даведаўся, што Беларусь, аказваецца, была незалежнай»

— А ці былі вы на самай першай грамадзка-мастацкай публічнай акцыі Алеся Пушкіна 25 сакавіка 1989 году?

— Так. Алесь пачаў рыхтавацца да гэтае даты, схаваўшыся ў бамбасховішчы побач з інтэрнатам інстытуту. Зрабіў там з паперы вялікага бусла, да яго прымацаваў шары, надзьмутыя газам, і вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Ён намаляваў два пляншэты: адзін, як на здымку, павесіў сабе сьпераду, а другі — ззаду. На іх былі выявы Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча з завязанымі ратамі — як знак таго, што зьнішчаецца наша беларуская мова. І а 10-й раніцы ён выйшаў пры ўсім гэтым парадзе з інстытуцкага інтэрнату.

Была субота. Падаў дробны сьняжок. Народу ў тралейбусах, якія праяжджалі міма, было няшмат. Праз дарогу ад інстытуту спыніўся цэлы аўтобус з амонаўцамі, які перакрыў рух гарадзкому транспарту. Зацікаўленыя людзі выходзілі зь яго і пыталіся, што ж там адбываецца. Таму, акрамя нас — талакоўцаў, і студэнтаў, там сабраўся вялікі натоўп, які ўпершыню даведаўся раптам, што Беларусь, аказваецца, была незалежнай!

Алесь Пушкін, 25 сакавіка 1989 г.
Алесь Пушкін, 25 сакавіка 1989 г.

Алесь з рупарам і нейкі палкоўнік КДБ з такім жа рупарам стаяць за 19 мэтраў адзін ад аднаго. Палкоўнік загадвае Пушкіну не перакрываць руху транспарту і не парушаць парадку, а Алесь просіць прыбраць аўтобус з АМОНам і дазволіць яму прайсьці па праспэкце, тады імя Леніна. Тут амонаўцы накідваюцца на Алеся — і ён запускае ў неба бусла з нашым сьцягам. Той узьлятае над Менскам. Амонаўцы зрываюць з Алеся пляншэты і, ухапіўшы яго за рукі і ногі, бы бервяно, закідваюць у свой аўтобус. Такім жа чынам закідваюць і тых, хто спрабаваў уратаваць Пушкіна. Талаковец і студэнт таго ж інстытуту Вадзім Александровіч лёг пад колы аўтобуса. Яго адтуль выцягнулі ды ўкінулі ў той жа аўтобус.

Міліцыя спрабуе спыніць пэрформанс Алеся Пушкіна 25 сакавіка 1989 г.
Міліцыя спрабуе спыніць пэрформанс Алеся Пушкіна 25 сакавіка 1989 г.

Празь дзьве гадзіны мой сын Руслан Малахоўскі, які таксама вучыўся ў тэатральна-мастацкім, і маскоўскі карэспандэнт Ігар, прозьвішча якога ня памятаю ўжо, але чула, што яго забілі, былі ў нас дома і мы глядзелі зьняты Ігарам фільм.

Потым мы езьдзілі па ўсіх бліжэйшых міліцэйскіх пастарунках, шукаючы Алеся. Знайшлі. Напісалі заяву, што возьмем яго на парукі і пастараемся перавыхаваць. І Пушкіна выпусьцілі. Але ў інстытуце зноў паўстала пытаньне аб ягоным выключэньні.

«Пераканаць Алеся было немагчыма»

— Даводзілася чуць ад паважаных людзей, што тая акцыя была заўчасная. Маўляў, яшчэ грамадзтва не сасьпела для ўсьведамленьня гістарычнай значнасьці абвяшчэньня ў 1918-м Беларускай Народнай Рэспублікі.

— Талакоўцы адгаворвалі яго ад гэтае акцыі, што, маўляў, народ яшчэ ня ведае паходжаньня гэтага сьцяга, а ў газэтах пішуць, што гэта фашыстоўскі сьцяг. Але пераканаць Алеся было немагчыма.

Суд над мастаком Пушкіным за пэрформанс на 25 сакавіка 1989 году. За сталом у цэнтры — судзьдзя Ўладзімер Чамрукоў.
Суд над мастаком Пушкіным за пэрформанс на 25 сакавіка 1989 году. За сталом у цэнтры — судзьдзя Ўладзімер Чамрукоў.

Алесь Пушкін пасьля пятае клясы ў 10 гадоў быў залічаны на вучобу ў менскую рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і жывапісе, якую навучэнцы называлі проста Парнат, дзе адвучыўся сем гадоў. А ў 1983 годзе паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут на факультэт манумэнтальнага жывапісу. Студэнты зь любоўю празвалі яго Пуша. Здавалася, што Алеся не цікавілі палітычныя падзеі. Але аднойчы ён даведаўся, што 25 сакавіка 1918 году была абвешчана незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. І раптам, нечакана для ўсіх, не параіўшыся ні з кім з дасьведчаных змагароў, якія б яму сказалі, што можна, а што не, ён выйшаў на свой мітынг зь лёзунгам: «Я за Беларусь без жыдоў і камуністаў!».

Яшчэ не арыентуючыся ва ўсіх тонкасьцях палітыкі, Алесь з усёй шчырасьцю й любасьцю аддаўся Беларусі. У выніку пасьля трэцяга курсу яго выгналі з інстытуту і прызвалі на службу ў войска і, не папярэдзіўшы, адправілі на вайну ў Афганістан. Праз два гады ён вярнуўся жывы, але з парушанай нэрвовай сыстэмай. Калі ён аб нечым моцна перажываў, то пачынаў грызьці свой вялікі палец, зь якога ўжо лілася кроў, а ён не адчуваў болю.

«Хацелася схаваць яго ў сябе на грудзях, як немаўля, і засланіць ад усіх бедаў і нядобрых людзей»

— Варта нагадаць, што пазьней Алесь Пушкін сказаў, што хоча бачыць Беларусь і з габрэямі, і з камуністамі, і што месца ў Беларусі павінна быць для ўсіх. За акцыю 25 сакавіка 1989 году Алеся пакаралі. Як ён сам, сябры і блізкія ўспрынялі прысуд? Ці перасьцерагалі тады вы, а мо хто іншы, Алеся ад далейшых падобных учынкаў, каб не сапсаваў сабе на самым пачатку творчую кар’еру? Як ён успрымаў падобныя перасьцярогі?

— Зноў паўстала пытаньне аб выключэньні Алеся з інстытуту. У актавай залі сабраліся ўсе студэнты. На ўваходзе стаялі выкладчыкі і кадэбісты, якія не прапускалі іншых. Я на той час была завучам па выхаваньні ў мастацкай вучэльні імя Глебава і сказала ім, што я настаўніца, і мяне прапусьцілі. У залі не было дзе ўпасьці яблыку. На сцэне я ўбачыла Алеся, такога хударлявага, здавалася, яшчэ хлопчыка, якога мне хацелася схаваць у сябе на грудзях, як немаўля, і засланіць ад усіх бедаў і нядобрых людзей.

Выступалі нейкія людзі з абвінавачаньнямі, прыгадалі яму і «Беларусь без жыдоў і камуністаў». Але ж была адна акалічнасьць: Алесь Пушкін быў найлепшым студэнтам інстытуту. Нават па ангельскай мове ў яго былі пяцёркі. І ён адзіны ў інстытуце атрымліваў стыпэндыю імя Францішка Скарыны. У той час, калі ўсе мелі стыпэндыю 30 рублёў, Алесь атрымліваў 90.

Выкладчыкі адзываліся аб ім вельмі добра, для выгляду трошкі дакаралі і абяцалі яго перавыхаваць. І адміністрацыя на сваю рызыку вырашыла пакінуць Алеся Пушкіна ў інстытуце. Я ж пасьпела перадаць яму на сцэну цыдулку: «Алесь, калі табе ня будзе дзе жыць ці ня будзеш мець што есьці, то прыходзь да нас з сынам. Наш тэлефон: 57-71-58». Далей наш адрас. Пасьля таго сходу Алесь патэлефанаваў і ў жартаўлівым тоне сказаў: «Валя, я куплю гарэлкі, прыйду да вас, і мы вып’ем!» Давялося расчараваць яго, што я не ўжываю ніякага сьпіртнога.

«Алесь выжыў і ў гэты раз»

— Грамадзянскае і творчае сталеньне мастака адбывалася на вашых вачах. Ці можаце расказаць нешта адметнае пра яго ў тым часе, што не на слыху ў шырокай публікі?

— 18 красавіка таго ж 1989 году за адзін дзень туман зьеў сьнег. Ён нібы выпарыўся. Надвор’е, халоднае з ранку, зрабілася такім цёплым, што вечарам на рэпэтыцыю «Дзяньніцы» я пайшла ў строга пашытай, з каўняром-стойкай, сукенцы цёмна-смарагдавага колеру, якая выгадна падкрэсьлівала мой стан. Пасьля рэпэтыцыі я ішла па праспэкце зь сямнаццацігадовай Марынай Мацюш. На плошчы Перамогі да мяне падышоў Сяргей Палуда і папрасіў перадаць Пушкіну слоік распушчальнай кавы ў падарунак, бо сам ён сьпяшаецца на цягнік. Мы з Марынай пайшлі да інтэрнату тэатральна-мастацкага інстытуту.

Але вахцёрка не дазволіла нам прайсьці ўдзьвюх. Я запытала, у якім пакоі жыве Пушкін, і пайшла адна. Ён у той час быў на кухні і смажыў сабе яечню. Выслухаў прычыну майго візыту, абняў, прытуліўшы да сябе, сказаў: «Калі гэтая кава мая, то я хачу падараваць яе табе, бо я ня п’ю кавы. А ты хадзі са мной вячэраць». Прызналася, што каля вахцёркі мяне чакае дзяўчына. Ён тут жа правёў і яе. На стол выклаў сала, свойскі тварог, сочыва, мёд, якія ягоная старэйшая на два гады сястра Сьвятлана перадала, думаючы, што яго пасадзяць за краты. Алесь прачытаў нам ананімны ліст, у якім аўтар пагражаў забіць яго. І ў мяне зноў зьявілася жаданьне засланіць яго ад усіх бедаў.

«Валя, а ты замужам?» — запытаўся Алесь. «Так», — падманула я яго. «Не, ты кажаш няпраўду, бо заручальнага пярсьцёнка ў цябе няма», — канстатаваў Алесь.

Было ўжо за поўнач. Мы з Марынай узьняліся ісьці дадому. Алесь прапанаваў правесьці да хаты Марыну. Я пагадзілася, бо яна жыла ў Зялёным Лузе. Калі дзяўчына, разьвітаўшыся, пабегла ў свой пад’езд, Алесь зьнянацку пацалаваў мяне ў скронь. Здалося, што там зьвіўся апёк. Потым ён узяў мяне за руку, як бацька бярэ пяцігадовую дачушку, і павёў напрасткі праз пралесак да прыпынку тралейбуса.

У ліпені 1989 году ў Фрунзэнскім судзе Менску Алесю Пушкіну прысудзілі два гады зьняволеньня ўмоўна. Праз два тыдні ён пайшоў са студэнтам малодшага курсу ў кавярню, што была ля крамы «Алеся». Размаўлялі, пілі каву. Да іх падышлі трое мардатых з кароткімі фрызурамі і ў скураных куртках. Адзін папрасіў у Алеся цыгарэту. Той адказаў, што ня курыць. «Хадзем выйдзем», — прапанаваў бугай.

Пушкін зразумеў, што будуць біць, але выйшаў. На вуліцы бугай сарваў і растаптаў акуляры Алеся, потым зьбіў яго з ног. Утрох яны пачалі мясіць мастака нагамі, прыгаворваючы: «Сейчас ты получишь твою независимость ото всех и навсегда». Білі ботамі па целе і па твары. Калі зламалі Алесю ботам нос, ён страціў прытомнасьць. Наёмныя бандзюкі падумалі, што забілі яго, і, сарваўшы зь ягонай шыі срэбны праваслаўны крыжык, уцяклі. Але Алесь выжыў і ў гэты раз!..

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG