Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца тэатральнае лета ад Inexkult з «Купалаўцамі» і іншымі беларускімі творцамі. Што можна паглядзець


«Гусі-людзі-лебедзі» — пастаноўка «Купалаўцаў» паводле твору Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы». Фота Мацея Рукаша (Maciej Rukasz)
«Гусі-людзі-лебедзі» — пастаноўка «Купалаўцаў» паводле твору Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы». Фота Мацея Рукаша (Maciej Rukasz)

У Варшаве праходзіць тэатральны фэстываль «Inex Фэст» для беларусаў і ўсіх, хто цікавіцца беларускай культурай. Ліпень і жнівень багатыя на прэм’еры. Пагаварылі з кіраўніцай прадусарскай ініцыятывы Вольгай Кулікоўскай пра тое, што варта паглядзець.

Inexkult — гэта прадусарская ініцыятыва, якая складаецца зь беларускіх і польскіх адмыслоўцаў у галіне мэнэджмэнту выканаўчых мастацтваў, піяру і дызайну. Паўстала яна, каб стварыць умовы для творчай рэалізацыі і ўстойлівага разьвіцьця праектаў незалежнай беларускай культуры, тлумачыць кіраўніца ініцыятывы Вольга Кулікоўская. У ліпені ў межах «Inex Фэсту» ў сталіцы Польшчы пакажуць 4 спэктаклі, яшчэ 3 — у жніўні.

Сучасная інтэрпрэтацыя біблейскай гісторыі

Найбліжэйшая прэм’ера — «Камэдыя Юдыфі» — адбудзецца 14 ліпеня а 19-й гадзіне на сцэне варшаўскага Teatr WAM (па адрасе: Zgrupowania AK Kampinos, 15).

«Камэдыя Юдыфі» — пастаноўка «Купалаўцаў» і neTTheatre паводле п’есы Сяргея Кавалёва, біблейскіх тэкстаў і бэкетаўскіх маналёгаў. Шматгалосьсе тэкстаў пастаноўкі гучыць у перакладах Малгажаты Бухалік, Натальлі Русецкай, Васіля Сёмухі і нават Францішка Скарыны.

«Гэта вельмі нязвыклая праца для „Купалаўцаў“, і зусім ня тое, чаго чакаюць ад акадэмічнага тэатру. Ставіць п’есу рэжысэр Павал Пасіні, ён паляк, мастачка Аляксандра Канарска — таксама. Таму я раю яе паглядзець.

Ролі выконвае зорны склад Купалаўскага тэатру: Зоя Белахвосьцік, Валянціна Гарцуева, Аляксандар Казела. Аляксандар Гарцуеў у гэтым спэктаклі таксама актор. Пастаноўка відовішчная, візуальная, музычная.

Праект быў створаны з такой мэтай, каб паспрабаваць упісаць беларускі тэатар у польскую культурную прастору. То бок ён разьлічаны ня толькі на беларускую, але і на польскую аўдыторыю. Галоўным чынам спэктакль камунікуе з гледачом праз насычаныя візуальныя вобразы. Мова спэктакля беларуская з польскімі субтытрамі», — расказала кіраўніца прадусарскай ініцыятывы Inexkult Вольга Кулікоўская.

Сцэны са спэктакля «Камэдыя Юдыфі».
Сцэны са спэктакля «Камэдыя Юдыфі».
Сцэны са спэктакля «Гусі-людзі-лебедзі».
Сцэны са спэктакля «Гусі-людзі-лебедзі».

Спэктакль пра жанчын у эміграцыі на польскай мове: каб беларусы хутчэй інтэграваліся

20 ліпеня адбудзецца прэм’ера спэктакля Паліны Дабравольскай «Выйду зь лесу, выцягну хрыбет, і будзе ён мне замест мяча». У ім удзельнічаюць 7 акторак зь Беларусі, Украіны і Польшчы.

«Спэктакль пастаўлены па п’есе беларускай пісьменьніцы — імя ня можам называць, бо яна дагэтуль у Беларусі. Ананімны тэкст, але вельмі актуальны для Беларусі.

Спэктакль пра жанчын у эміграцыі, як яны прызвычайваюцца, знаходзяць сябе, што ім дапамагае шукаць бясьпечную прастору. Пра жанчыну, яе прыроду, жаданьне схавацца і быць адкрытай.

Пастаноўка ідзе на польскай мове. Мы лічым, што гэта важная спроба ўзаемадзеяньня, бо беларусы, якія жывуць у Варшаве больш за год, павінны гэтую мову разумець», — кажа Вольга Кулікоўская.

Сцэны са спэктакля Паліны Дабравольскай «Выйду зь лесу, выцягну хрыбет, і будзе ён мне замест мяча».
Сцэны са спэктакля Паліны Дабравольскай «Выйду зь лесу, выцягну хрыбет, і будзе ён мне замест мяча».

Гісторыя пра перапляценьне жывёльнага і чалавечага

24 ліпеня (пляцоўка яшчэ ўдакладняецца) чакаецца прэм’ера спэктакля Юрыя Дзівакова «Канец паўсьвіньні». У ім удзельнічаюць два акторы: купалавец Мікалай Стонька і былы актор «Свабоднага тэатру» Аляксей Сапрыкін. Харэаграфію да спэктакля стварае польская мастачка Паўліна Пракапюк.

«Вельмі сьмелы спэктакль. Робім яго на польскай мове. Ёсьць пытаньне па пляцоўцы, бо ня кожны тэатар пагаджаецца на нашы экспэрымэнты. Цяпер тэрмінова вырашаем, у якім тэатры будзе паказ.

„Канец паўсьвіньні“ — п’еса польскага драматурга-канцэптуаліста, тэарэтыка тэатра і пэдагога Гельмута Кайзара. Гісторыя пра перапляценьне жывёльнага і чалавечага, сьмерці і жыцьця, забароны і жарсьці. Шо застаецца, калі абрываецца зямное існаваньне? Ці можна забраць штосьці з сабой? І хто раскажа нашу гісторыю?», — так прэзэнтуе спэктакль Вольга Кулікоўская.

Сцэна са спэктакля Юрыя Дзівакова «Канец паўсьвіньні».
Сцэна са спэктакля Юрыя Дзівакова «Канец паўсьвіньні».

І дрэвы бываюць беспрацоўнымі

29 ліпеня — прэм’ера спэктакля «Беспрацоўнае дрэва» беларускай рэжысэркі Сьвятланы Бень.

«Гэтае дрэва адарвалася ад сваёй зямлі, як і мы. Сьвятлана кажа, што гэта спэктакль для дзяцей і добра выхаваных дарослых.

Будзе паказана гісторыя дрэва, якое вымушанае пакінуць парк, дзе яно ўсё сваё жыцьцё прапрацавала... дрэвам. Яго чакае дарога, поўная прыгод, цудоўных, небясьпечных, а часам абсалютна нечаканых. Гэта гісторыя пра тое, што кожны можа дапамагчы іншым, знайсьці сяброў і сваю важную справу. Нават калі ты пазбаўлены дома і звычайнага ладу жыцьця», — тлумачыць Вольга Кулікоўская.

Сцэна са спэктакля «Беспрацоўнае дрэва» беларускай рэжысэркі Сьвятланы Бень
Сцэна са спэктакля «Беспрацоўнае дрэва» беларускай рэжысэркі Сьвятланы Бень

«Раман-прыпавесьць, які толькі прыкідваецца гістарычным»

І нарэшце пра сюрпрыз, які абяцалі «Купалаўцы». 12 жніўня чакаецца новая прэм’ера — спэктакль па «Плошчы Перамогі» Альгерда Бахарэвіча. Спэктакль будзе пастаўлены на сцэне тэатру TR Warszawa.

«Гэта авантурная прыпавесьць пра ўладу і нацыю, пра цану слова і славы. Бахарэвіч напісаў кнігу ў 2020 годзе. Тады ў сваім фэйсбуку Бахарэвіч напісаў, што марыць, каб па ягонай прыпавесьці паставілі спэктакль „Вольныя Купалаўцы“. Мы да гэтага ішлі 3 гады. І нарэшце гэта зробім».

Сам Бахарэвіч пра сваю прыпавесьць кажа так:

«Не пытайся, дзе і калі ўсё гэта адбылося, папярэджвае гэтая кніга. Раман-прыпавесьць, які толькі прыкідваецца гістарычным — а насамрэч выводзіць чытача са свайго „ніколі і нідзе“ наўпрост у ХХІ стагодзьдзе зь ягоным новым успрыманьнем праўды, хлусьні, інфармацыі і ўлады. А адначасова — у тую Беларусь, што адчула нарэшце подых Вялікай Гісторыі».

Суэны са спэктакля па «Плошчы Перамогі» Альгерда Бахарэвіча. Фота Кацярыны Ігнашэвіч.
Суэны са спэктакля па «Плошчы Перамогі» Альгерда Бахарэвіча. Фота Кацярыны Ігнашэвіч.

«Быць беларусам — гэта ня мець свайго месца ў сьвеце»

Нарэшце і ў Варшаве 18 жніўня пакажуць спэктакль «Гусі — людзі — лебедзі» па адной з частак «Сабакаў Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. Гэта антыўтопія, фантасмагорыя пра беларускую вёску 2049 году, дзе насельніцтва дэградуе, нішчыцца мова, культура, мараль.

«Быць беларусам — гэта ня мець свайго месца ў сьвеце. Або інакш: быць беларусам — гэта ўсюды адчуваць сябе чужым, іншым. Магчыма, што і Чужаніцай, і Іншым. Ці так можна жыць? Ды так, па сутнасьці, мы і жывём», — так самі купалаўцы анансавалі спэктакль.

Рэжысэр-пастаноўшчык спэктакля «Гусі — людзі — лебедзі» — Аляксандар Гарцуеў.

Прэм’ера адбылася год таму ў Любліне, летась былі паказы ва Ўроцлаве і Беластоку. Пасьля таго як спэктакль амаль год ня гралі, акторам даводзіцца перад варшаўскім паказам фактычна яго ставіць наноў.

Кіраўніца прадусарскай ініцыятывы Inexkult Вольга Кулікоўская.
Кіраўніца прадусарскай ініцыятывы Inexkult Вольга Кулікоўская.

«Я ня бачыла беларусаў-баязьліўцаў»

19 жніўня ў Варшаве можна паглядзець «рЭвалюцыю Зайца». Гэта інтэрактыўны тэатральны праект для дзяцей і дарослых, зроблены мастачкай, сцэнографкай і пэдагогам Тацянай Дзіваковай.

Праект складаецца з выставы, тэатральнай пастаноўкі па матывах народнай казкі «Ліса і заяц», майстар-клясаў, дзе юныя гледачы і ўдзельнікі спэктакля зробяць свайго казачнага пэрсанажа.

Ліса жыла ў ледзяной хатцы, якая растала з надыходам цяпла, і бяздомная папрасілася пераначаваць у драўлянай хатцы Зайца. Але калі прыйшоў час высяляцца, яна выгнала гаспадара. Колькі Заяц ні клікаў на дапамогу іншых зьвяроў, усе баяліся пагроз захопніцы. І Заяц вырашае сам выгнаць лісу і абараняе свой дом.

Тацяна Дзівакова расказала на Свабодзе, што ёй было крыўда, калі беларусаў называлі баязьліўцамі, якія не давялі пратэсты да канца.

«Я ня бачыла беларусаў-баязьліўцаў, я бачыла людзей, якія былі гатовыя страціць сям’ю, нават дзяцей, каб проста адстаяць свой пункт гледжаньня, сваю свабоду. Для мяне было важна паказаць у гэтай гісторыі, што перажывае гэты Заяц, як зьмяняецца эмацыйна, духоўна, як ён вырастае на вачах».

Сцэны са спэктакля «рЭвалюцыю Зайца» Тацяны Дзіваковай.
Сцэны са спэктакля «рЭвалюцыю Зайца» Тацяны Дзіваковай.

Кніга, дзіцячы творчы летнік і тэатральная школа для падлеткаў

Зь сярэдзіны ліпеня на ўсіх імпрэзах прадусарскай ініцыятывы INEXKULT можна набыць новую кнігу «Сучасны беларускі тэатар: нарысы», створаную зь люблінскім цэнтрам Warsztaty Kultury.

Гэтая кніга — збор тэкстаў беларускіх аўтараў, якія ў роднай краіне страцілі права голасу, а на чужыне выступаюць пад псэўданімамі.

«У кнізе сабраныя артыкулы і рэцэнзіі беларускіх крытыкаў, тэатразнаўцаў, а таксама іх польскіх калег. Гэта кніга пра тое, што адбываецца зь беларускім тэатрам з 2010 і пасьля падзей 2020 году. Нічога не спынілася, але ўсё пайшло іншым шляхам. Вялікай колькасьці актыўных, супэрпрафэсійных актораў, рэжысэраў давялося зьехаць з краіны, Нягледзячы на складаныя абставіны, шмат хто застаўся ў прафэсіі, людзі не згубіліся, робяць цікавыя праекты — міжнародныя, беларускія.

Беларускі тэатар — нягледзячы на адсутнасьць умоваў — адраджаецца, як фэнікс з попелу. Дарэчы, кнігу можна набыць на ўсіх спэктаклях і праз сацыяльныя сеткі @inexkult», — расказала Вольга Кулікоўская.

З 24 ліпеня па 6 жніўня ў Варшаве будзе працаваць тэатральны летнік для дзяцей. Ён цалкам бясплатны. Зь дзеткамі будуць займацца прафэсіяналы: вядомы беларускі актор і рэжысэр Раман Падаляка, харэографка, танцорка, пэдагог Іна Асламава, сцэнографка, ілюстратарка, дызайнэрка Тацяна Дзівакова і польская акторка, пэрформэрка, рэжысэрка і пэдагог Паўліна Пракапюк.

«Маланка — навіна. У гэты летнік ёсьць яшчэ два месцы! Летнік бясплатны. Дзеткі будуць займацца два тыдні па 6 гадзін у дзень. А потым яны паставяць спэктакль „Гульня ў радасьць“ — кожны дзень дзеці будуць знаходзіць, што выклікае ўсьмешку. Будзем усё гэта зьбіраць у агульную гісторыю, якую потым пакажам на сцэне», — кажа Вольга Кулікоўская.

Увосень плянуецца адкрыцьцё адмысловай тэатральнай школы для падлеткаў. Куратарам яе будзе народная артыстка Беларусі, прыма Купалаўскага Зоя Белахвосьцік. Падлеткі змогуць рыхтавацца для паступленьня ў польскія тэатральныя ВНУ. Калі вам важна адсочваць гэтую падзею — падпішыцеся на сацсеткі @inexkult

Сцэны са спэктакля «Гульня ў радасьць»
Сцэны са спэктакля «Гульня ў радасьць»

Чаму варта падтрымаць беларускі тэатар у Польшчы

Кіраўніца прадусарскай ініцыятывы Вольга Кулікоўская кажа, што крыху складана прадаваць квіткі на спэктаклі, бо беларусы ў Варшаве ўжо прызвычаіліся шмат на якія культурніцкія імпрэзы хадзіць бясплатна.

«Я якраз хачу гэта зьмяніць, каб артысты маглі працаваць і атрымліваць заробак. Бо зараз ніхто ня мае сталага фінансаваньня, у нас ёсьць нейкія праекты, гранты, і за кошт гэтага мы часам паказваем спэктаклі бясплатна. Людзі прывыкаюць, а потым яны папросту не гатовыя купляць квіткі. І гэта ўжо вялікая праблема», — разважае Вольга.

У тых жа «Вольных купалаўцаў» у Польшчы няма сваёй сцэны, трупу час ад часу прытуляюць калегі ў тэатрах Любліна, Беластоку, Варшавы. Знайсьці польскі тэатар, які б прыняў трупу і дазволіў ёй рэпэтаваць пастаянна, не ўдалося. Так што свайго дома ў купалаўцаў няма.

«Калі квіткі на спэктаклі актыўна прадаюцца, калі людзі гатовыя плаціць за відовішча — мы можам працаваць далей. Дарэчы, квіток на спэктакль у межах нашага фэстывалю каштуе 80 злотых. Можна набыць абанэмэнт на ўсе спэктаклі фундацыі Inexkult (stripe. com). Мы цяпер разыгрываем 3 абанэмэнты.

А пакуль мы атрымліваем фінансаваньне ў межах культурніцкіх грантавых праектаў на конкурснай аснове: падаём заяўкі, калі выйграем, атрымліваем грошы.

Дапамагаюць ажыцьцяўляць праекты Беларуская Рада культуры, Варшаўскі тэатральны інстытут, Нямецкі інстытут Гётэ. У межах прадусарскай ініцыятывы Inexkult мы распрацоўваем і дасылаем на розныя конкурсы новыя праекты. І калі шчасьціць, атрымліваем фінансаваньне і ствараем умовы для працы мастакам тэатру.

А вось беларускі бізнэс, які актыўна і хутка разьвіваецца ў Польшчы, пакуль нам не дапамог. Так што спадзеў толькі на продаж квіткоў. Так выжываюць усе тэатры ў сьвеце», — кажа Вольга Кулікоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG