Справу горадзенскага журналіста Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч разглядае судзьдзя Максім Філатаў.
Як стала вядома Свабодзе, у справе разглядаюць два эпізоды: 23 лютага і 30 сакавіка 2022 году. Сьледзтва сьцьвярджае, што ў гэтыя дні Юлія Юргілевіч нібыта расказала ў тэлефоннай размове Паўлу Мажэйку пра свае звальненьне з адвакатуры і пра вырак Алесю Пушкіну.
Пракурор спрабуе даказаць, што менавіта Павал разьмясьціў гэтую інфармацыю на старонцы «Белсату» — у нявызначаны час, нявызначным спосабам, празь нявызначаных асоб.
Павал і Юлія цалкам адмаўляюць віну. Юргілевіч заявіла, што яе трымаюць у «скоцкіх умовах» і ёй не далі азнаёміцца са справай. На першым паседжаньні Юлія зьявілася ў робе з надпісам «Карцар №2», заўважылі праваабаронцы.
Падчас расьсьледаваньня фігуранты адмовіліся даваць паказаньні, у судзе Мажэйка адказвае на пытаньні выбарачна. Бацька журналіста Іван Мажэйка адмовіўся сьведчыць супраць свайго сына. На допыт у якасьці сьведкі выклікалі актора Васіля Калача, але ён не зьявіўся ў суд.
Павал і Юлія выглядалі на працэсе досыць добра. Іх прыводзяць на працэс у кайданках, але здымаюць іх на час паседжаньня. На другі дзень паседжаньня яны выглядалі больш змучанымі.
Суд над журналістам і грамадзкім дзеячом Паўлам Мажэйкам і адвакаткай Юліяй Юргілевіч пачаўся 10 ліпеня ў 14:15 у Горадзенскім абласным судзе.
Палітвязьняў абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці», ім пагражае да 6 год зьняволеньня.
Пра сьмерць пры невысветленых абставінах палітзьняволенага мастака Алеся Пушкіна стала вядома 11 ліпеня. Ён адбываў пакараньне ў горадзенскай турме.
- Паўла Мажэйку затрымалі летась у канцы жніўня па вяртаньні ў Беларусь. У сакавіку стала вядома, што журналіста абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК).
- Юлія Юргілевіч працавала адвакаткай амаль 18 гадоў. Яна абараняла ў судзе палітвязьняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцэра, Андрэя Аўсіевіча, Андрэя Сакалоўскага. 23 лютага 2022 году яе выключылі са складу Горадзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сыстэматычныя парушэньні заканадаўства». Пад вартай яе трымаюць ужо больш за 10 месяцаў.