Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наперадзе вялікія перамены ў рэгіёне». Былая міністарка абароны Літвы тлумачыць, як дапамагло б Беларусі ўступленьне Ўкраіны ў NATO


Дэпутатка Эўрапарлямэнту, былая міністарка абароны Літвы, экс-прэзыдэнтка Парлямэнцкай Асамблеі NATO Раса Юкнявічэне. Каляж
Дэпутатка Эўрапарлямэнту, былая міністарка абароны Літвы, экс-прэзыдэнтка Парлямэнцкай Асамблеі NATO Раса Юкнявічэне. Каляж

Якія шанцы ў дэмакратычнай Беларусі стаць сябрам NATO? З чым можа быць зьвязаны нядаўні інцыдэнт на беларуска-літоўскай мяжы? Напярэдадні саміту адказвае дэпутатка Эўрапарлямэнту, былая міністарка абароны Літвы і экс-прэзыдэнтка Парлямэнцкай Асамблеі NATO Раса Юкнявічэне.

«Ніхто ў NATO не прымае, калі людзі ня хочуць гэтага»

— 11 ліпеня пачынаецца саміт NATO ў Вільні, дзе галоўным пытаньнем будзе магчымае сяброўства Ўкраіны ў NATO. Чаму гэта вельмі важна для Беларусі?

— Для ўсіх важна, для ўсёй Эўропы, для бясьпекі ўсёй Эўропы, таму што пасьля 24 лютага 2022 году сьвет вельмі моцна зьмяніўся. І будучыня зьмянілася. Калі Пуцін распачаў вайну, мая першая думка была, што гэта пачатак канца ягонага рэжыму. Гэта, я думаю, і адбываецца. Мы бачым першыя крокі. Немагчыма, каб на эўрапейскім кантынэнце засталіся такія рэжымы, як у Беларусі і ў Расеі. Абодва рэжымы цяпер як блізьняты, іх нельга адрозьніць, адзін ад аднаго залежаць.

Ужо каля 50 дэмакратычных дзяржаваў ва ўсім сьвеце дапамагаюць Украіне, гэта ўсё і прывядзе да таго, што Ўкраіна пераможа, а таксама прывядзе да канца абодвух гэтых рэжымаў. І гэта самае важнае для Беларусі. На саміце NATO будуць абмяркоўваць вельмі важныя пытаньні. У NATO ўжо ўступіла Фінляндыя, будзе ўступаць Швэцыя, і Ўкраіна будзе сябрам NATO. Ніхто па-іншаму ня думае, толькі трэба знайсьці формулу, калі гэта будзе. Гэта таксама дапаможа Беларусі, людзям у Беларусі вызначыцца ў будучыні.

Ніхто ў NATO не прымае, калі людзі ня хочуць гэтага. Такі мой адказ наконт Беларусі. Ня будзе аўтаматычнага прыняцьця ці непрыняцьця. Калі беларусы скажуць «так» гэтак жа, як больш за 90% украінцаў цяпер кажуць, то іншага ня будзе. Будзе тое, чаго захочуць людзі ў Беларусі.

«Я ня веру, што хто-небудзь перайшоў на бок Лукашэнкі пасьля 2020 году»

— Калі людзі ў Беларусі захочуць, калі будзе дэмакратычная Беларусь... Але ёсьць і стандарты NATO, якім таксама трэба адпавядаць. Якія шанцы ў дэмакратычнай Беларусі стаць сябрам NATO? Як хутка гэта можна адбыцца ў выпадку, калі Беларусь ужо дэмакратычная краіна?

— 2020 год паказаў, што гэты народ жывы. Вельмі многія людзі не спадзяваліся, што пасьля доўгіх гадоў дыктатуры яшчэ жывы народ, яшчэ жывыя нацыянальныя пачуцьці. Думалі многія, што саветызацыя Беларусі і лукашызацыя Беларусі дала свой плён і што беларусы ўжо прызвычаіліся да таго жыцьця, але вось і не. Большасьць людзей засталася ў Беларусі, тыя, хто вымушана зьехалі, таксама хочуць вярнуцца ў незалежную свабодную Беларусь. Людзі, якія засталіся, цяпер ня могуць нічога сказаць супраць, ня могуць выказаць сваю волю, але яны засталіся з тымі ж думкамі.

Я ня думаю, я ня веру, што хто-небудзь перайшоў на бок Лукашэнкі пасьля 2020 году, так што ўся будучыня ў руках беларусаў. Я веру нават у будучыню Расеі. Я мяркую, што там большасьць людзей або ня думае цяпер, або неяк жыве сваім жыцьцём. Вядома, там шмат людзей, якія падтрымліваюць Пуціна, але бунт Прыгожына паказаў, што ніхто нават ня выйшаў на вуліцы, каб абараняць Пуціна. Пуцін як ніколі слабы. Ён і ня быў ніколі моцным, але цяпер убачылі ўсе, што ён слабы. І Лукашэнка гэта разумее. Так што ў нас наперадзе вялікія перамены ў гэтым рэгіёне, і мы павінны быць гатовыя да гэтага.

Саміт NATO якраз пра тое, як дапамагчы Ўкраіне здабыць перамогу. Усе разумеюць, што гэта ня толькі пра Ўкраіну і яе будучыню, ня толькі пра будучыню Беларусі, Малдовы і Ўсходняй Эўропы, але гэта і пра будучыню дэмакратыі ў сьвеце, і пра будучыню ўсёй Эўропы. Так што Беларусь будзе станавіцца вельмі важным фактарам у будучыні.

Беларусь мяжуе з ЭЗ, NATO. У мінулым гэта была эўрапейская нацыя, разам з палякамі і літоўцамі жылі і вызнавалі заходнія каштоўнасьці. Я думаю, што як Украіна вяртаецца да сваіх эўрапейскіх каранёў, так і беларусы будуць вяртацца. Канечне, дарога нялёгкая, і ўсё залежыць ад саміх беларусаў.

«Галоўнае, каб Украіна перамагла, а далей паглядзім, якія будуць перамены і ў Крамлі, і ў Беларусі»

— Калі гаварыць не пра пэрспэктывы, а пра сёньняшні дзень, якія галоўныя пагрозы для Літвы, краінаў Балтыі, Эўразьвязу нясе рэжым Аляксандра Лукашэнкі?

— Нічога істотна не зьмянілася. Я была сярод тых, хто заўсёды папраўляў заходніх калегаў, калі яны казалі, што Лукашэнка — апошні дыктатар Эўропы. Ужо ясна было і да 24 лютага мінулага году, што Пуцін — самы небясьпечны дыктатар, і што яны разам — Лукашэнка і Пуцін. У 2020 годзе Пуцін прыйшоў на дапамогу дыктатару Лукашэнку, бо Расеі выгадная такая дыктатура.

Многія казалі, што, можа, Пуцін не захоча быць таксычным для людзей, якія выйшлі на вуліцы, бо многія людзі нават верылі, што ў Расеі больш свабодаў, чым у Беларусі. Пуціну гэта не было важна. Пуціну было важна гэтую тэрыторыю мець у сваіх руках. І цяпер ён зьнішчае ўкраінцаў, яму патрэбная тэрыторыя. У Літве мы глядзім на тое, што адбываецца зь Беларусьсю, і на тое, што адбываецца з Расеяй, як на агульнае. Самае галоўнае, каб Украіна перамагла, каб мы дапамаглі Ўкраіне перамагчы, а далей паглядзім, якія будуць перамены і ў Крамлі, і ў Беларусі.

«КДБ у Беларусі і ФСБ у Расеі актыўна працуюць, каб рабіць розныя правакацыі»

— З чым можа быць зьвязаны нядаўні інцыдэнт, правакацыя на беларуска-літоўскай мяжы? Ці выпадковы ён перад самітам NATO?

— І перад самітам, і ня перад самітам. У нас ля мяжы былі нават большыя правакацыі. Перад поўнамаштабнай вайной летам 2021 году была самая вялікая правакацыя з выкарыстаньнем мігрантаў. Іх шукалі ў Іраку, Сырыі, прывозілі спэцыяльна як турыстаў, правазілі да нашай мяжы. Тысячы людзей яны прывозілі зь іншых дзяржаваў. Я думаю, што гэта была апэрацыя КДБ Беларусі, сумесная з Крамлём, каб расхістаць стабільнасьць у Польшчы і Літве.

Тады мы ня ведалі яшчэ, што Расея нападзе на Ўкраіну ў такім маштабе. Цяпер, калі глядзіш назад, мне ясна, што гэта была падрыхтоўка, што гэта было зьвязана з гэтай вайной, каб не было стабільнасьці і быў хаос у памежных дзяржавах. Цяпер Літва і Польшча — самыя галоўныя дзяржавы, якія падтрымліваюць Украіну.

— У якім выпадку мяжа паміж Беларусьсю і Літвой можа быць закрытая?

— Мы павінны вельмі ўважліва сачыць за сваёй дзяржаўнай мяжой. Канечне, ня будзе так, як было калісьці, што ўсе маглі прайсьці празь лес, празь нейкія дарожкі і малыя сьцежкі. Было шмат нелегальнай міграцыі ня толькі з Блізкага Ўсходу, але і з такіх дзяржаваў, як Беларусь. Мы павінны кантраляваць мяжу. Нелегальнай міграцыі не павінна быць увогуле, толькі легальная, калі ў людзей гуманітарныя прычыны. І цяпер гэта адбываецца. У тым ліку і з Расеі людзі прыяжджаюць.

У Вільні працуе і апазыцыя з Расеі, якія прыехала пасьля 24 лютага. І апазыцыя Беларусі, як вядома, працуе ў Вільні. І людзей зь Беларусі тут шмат жыве. Мы ставімся да гэтага з разуменьнем, але мы павінны ахоўваць свае межы. КДБ у Беларусі і ФСБ у Расеі актыўна працуюць, каб рабіць розныя правакацыі і ўнутры нашых дзяржаваў, і зь нейкімі групамі дывэрсантаў, каб унутры Літвы ўчыняць нейкія беспарадкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG