Кансэрватыўная партыя Рутэ «Народная партыя за свабоду і дэмакратыю» імкнулася ўзмацніць жорсткасьць умоваў для наданьня прытулку ў краіне. За больш жорсткія меры выступала і партыя хрысьціянскіх дэмакратаў. Дзьве іншыя ўдзельніцы кіроўнай кааліцыі — «Дэмакраты 66» і «Хрысьціянскі саюз» — з узмацненьнем жорсткасьці іміграцыйнай палітыкі не згаджаліся.
«На жаль, мы вымушаны канстатаваць, што рознагалосьсі сталі непераадольнымі», — сказаў Рутэ, заявіўшы, што неадкладна падасьць каралю прашэньне аб адстаўцы ўсяго кабінэта міністраў.
Сытуацыя канчаткова зайшла ў тупік на гэтым тыдні, калі Рутэ прапанаваў абмежаваць уезд дзяцей тых, хто бег у Нідэрлянды ад вайны. Згодна з ініцыятывай прэмʼер-міністра, семʼі маглі б узьяднацца толькі праз два гады. «Дэмакраты 66» і «Хрысьціянскі саюз» наадрэз адмовіліся падтрымаць гэтую ідэю.
Цяперашняя кааліцыя пакуль застанецца ў якасьці часовага ўрада і ня зможа прымаць рашэньні аб новай палітыцы. Парлямэнцкія выбары арыенціровачна пройдуць у лістападзе 2023 года. Чакаецца, што Рутэ, прэмʼер-міністар Нідэрляндаў з 2010 года, зноў узначаліць сваю партыю на выбарах.
У 2022 годзе колькасьць заяваў аб наданьні прытулку ў Нідэрляндах вырасла на траціну і перавысіла 46 тысяч, прычым амаль палова зь іх прыпала на жыхароў краінаў Эўропы. Паводле прагнозах уладаў, сёлета колькасьць заяваў можа дасягнуць 70 тысяч. Сярод іншага наплыў уцекачоў стварае нагрузку на жылы фонд, які і так малы для густанаселеных Нідэрляндаў.