Гэта найвышэйшы паказьнік з 2016 году, зазначае Frontex.
Часьцей за ўсё мігранты нелегальна ўяжджаюць у Эўропу праз краіны Заходніх Балканаў — паводле Frontex, у 2022 годзе гэты маршрут выкарысталі больш за 128 тысяч мігрантаў, у асноўным з Бурундзі, Афганістану і Іраку. Некаторыя зь іх прылятаюць у бязьвізавую Сэрбію, якая не ўваходзіць у Эўразьвяз, а потым рушаць да межаў ЭЗ.
Таксама мігранты спрабуюць трапіць у Эўропу, дабраўшыся да Італіі празь Міжземнае мора. Колькасьць уездаў гэтым кірункам перавысіла 79 тысяч за дзесяць месяцаў 2022 году, паведамляе Frontex.
Пры гэтым інтэнсіўнасьць нелегальнай міграцыі зьменшылася маршрутамі праз Гішпанію і па зямлі — з Украіны і Беларусі. Сябры Эўразьвязу Польшча, Літва і Латвія пабудавалі сьцены на сваіх межах зь Беларусьсю, каб спыніць плынь нелегальных мігрантаў.
Паток уцекачоў, якія прыбываюць у Эўропу, шматкроць павялічыўся ў 2015 годзе. Сярод прычын — абвастрэньне ваенных канфліктаў у Сырыі, Іраку і Афганістане, грамадзянская вайна ў Лівіі і пагаршэньне ўмоваў у лягерах для уцекачоў у Турцыі і іншых краінах Сярэдняга Усходу. Тады ў Эўропу прыбылі да 1,8 мільёна ўцекачоў. Краіны ЭЗ да гэтага не былі гатовыя — у эўрапейскім публічным дыскурсе зьявіўся тэрмін «міграцыйны крызіс».