Праваабаронцы «Вясны» паведамілі, што беларускія памежнікі на мяжы прымушаюць беларусаў «добраахвотна» адмаўляцца ад «карты паляка» — інакш пагражаюць суткамі.
Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра тое, што ўладальнікаў «карты паляка» пры праходжаньні беларускай мяжы накіроўваюць «на размову» з супрацоўнікамі КДБ — справа ў тым, што памежнікі бачаць на візе «Мэта выданьня 18», што сьведчыць аб тым, што яе атрымалі на падставе гэтага дакумэнта.
Вядома пра выпадкі, калі апэратыўнікі прапануюць «добраахвотна» адмовіцца ад «карты паляка» і наўпрост на мяжы напісаць заяву на імя консула. Калі чалавек адмаўляецца гэта рабіць — яму пагражаюць суткамі.
Журналістка выданьня Zerkalo як звычайная грамадзянка патэлефанавала ў Дзяржпамежкамітэт з пытаньнем, ці сапраўды ва ўладальніка «карты паляка» могуць узьнікнуць праблемы пры перасячэньні беларускай мяжы.
У ведамстве запэўнілі, што цяжкасьцей быць не павінна.
«Нам гэта (наяўнасьць «карты паляка») нецікава. Мы глядзім толькі пашпарт, а візу не правяраем», – паведамілі ў ДПК.
Там параілі, «калі няма праблем з законам, ехаць празь мяжу спакойна». Аб выпадках, калі ў людзей патрабавалі здаць «карту паляка», у ведамстве нічога ня ведаюць.
Што гавораць чыноўнікі і прапагандысты на тэму «карты паляка»
Пасьля выказваньня Лукашэнкі пра «карту паляка» тэму пачалі абмяркоўваць чыноўнікі і прапагандысты. Так, на тэлеграм-каналах, зьвязаных зь дзяржаўнай журналістыкай, былы дэкан факультэту філязофіі БДУ Вадзім Гігін прапанаваў «увесьці нулявую цярпімасьць да ўласьнікаў «карты паляка».
«Фактычна гэта двайная ляяльнасьць. Дадзеныя перадаюцца польскім спэцслужбам. Гэтыя людзі атрымліваюць асаблівыя правы на тэрыторыі польскай дзяржавы», — выказаўся ён.
Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Кубракоў выказаўся, што пасьля прыняцьця адпаведнага закону ўласьнікі «карты паляка» могуць быць абмежаваныя ў правах.