Найміты вайсковай групоўкі рухаліся з Растова-на-Доне ў бок Масквы. Прыгожын называе рух калёны «маршам справядлівасьці». У некалькіх рэгіёнах Расеі абвешчаны рэжым «контратэрарыстычнай апэрацыі».
Што адбывалася
- Калёна ПВК «Вагнэр», якая накіроўвалася да Масквы, дасягнула Ліпецкай вобласьці. Раней ПВК узяла пад кантроль Растоў-на-Доне. Мэр Масквы Сабянін абвясьціў у горадзе рэжым «контратэрарыстычнай апэрацыі».
- Пуцін назваў тое, што адбываецца, «узброеным мяцяжом», а яго ўдзельнікаў — «здраднікамі». Прыгожын заявіў, што не зьбіраецца здавацца. Пракуратура РФ завяла супраць Прыгожына крымінальную справу аб мяцяжы.
- ПВК «Вагнэр» сьцьвярджае, што зьбіла тры верталёты расейскай арміі пасьля таго, як яны атакавалі калёны «вагнэраўцаў».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе АПК Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і вайсковыя дамовы з Расеяй» і абвяшчае аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД
- Кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што разгортвае атрады наймітаў, якія ішлі на Маскву і «спыніліся ад яе за 200 кілямэтраў». «Разумеючы ўсю адказнасьць за тое, што будзе пралітая расейская кроў з аднаго з бакоў, мы разварочваем свае калёны і сыходзім у адваротным кірунку ў палявыя лягеры паводле пляну», — заявіў Прыгожын.
- За некалькі хвілінаў да яго заявы было апублікавана паведамленьне прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, якая сьцьвярджала, што паводле дамоўленасьці з Уладзімірам Пуціным Лукашэнка правёў перамовы з Прыгожыным і ўгаварыў яго спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Расейскія мэдыя пішуць, што найміты з ПВК «Вагнэр» пакідаюць Растоў-на-Доне, які амаль содні быў пад іхным кантролем.
- Крымінальная справа супраць Прыгожына будзе спынена, ён «сыдзе ў Беларусь», заявіў прэсавы сакратар Пуціна Пяскоў.
Кроніка падзеяў
Падразьдзелы і тэхніка ПВК «Вагнэр» увайшлі ў Ліпецкую вобласьць Расеі
Па тэрыторыі Ліпецкай вобласьці, якая знаходзіцца ў 400 км ад Масквы, зафіксавана перамяшчэньне вайсковай тэхнікі ПВК «Вагнэр». Пра гэта паведаміў губэрнатар рэгіёну Ігар Артамонаў.
«Сытуацыя пад кантролем. Якіх-небудзь збояў у рабоце крытычнай інфраструктуры няма», — заявіў Артамонаў і заклікаў жыхароў вобласьці не пакідаць свае дамы і адмовіцца ад паездак на любым транспарце.
Паводле інфармацыі расейскага тэлеграм-каналу Sota, у Ліпецкай вобласьці пачалі перакопваць дарогі, якія вядуць да Масквы. Ці гэта ініцыятыва цэнтральных уладаў, ці на гэта пайшлі мясцовыя ўлады, пакуль незразумела.
Пазьней улады Ліпецкай вобласьці пацьвердзілі наўмыснае пашкоджаньне часткі дарог рэгіянальнага значэньня, заявіўшы, што «як толькі дазволіць сытуацыя», пашкоджаныя дарогі будуць адрамантаваны.
Тым часам улады Калускай вобласьці Расеі заявілі пра абмежаваньні аўтамабільнага руху па дарогах рэгіёну на тэрыторыях, прылеглых да межаў рэгіёну з Тульскай, Бранскай, Арлоўскай і Смаленскай вобласьцямі.
Падзеі ў Растове-на Доне
Зьвязаны з Яўгеніем Прыгожыным тэлеграм-канал апублікаваў відэа, на якім, паводле подпісу, Прыгожын «вядзе перамовы» з намесьнікам міністра абароны Юнус-Бекам Еўкуравым і намесьнікам начальніка ГУ Генэральнага штабу Ўладзімірам Аляксеевым.
Ён заяўляе, што ПВК «Вагнэр» прыехала ў Растоў, каб «атрымаць начальніка Генэральнага штабу і Шайгу».
«Пакуль іх ня будзе тут, мы блякуем горад Растоў і ідзем у Маскву», — кажа Прыгожын.
Мясцовыя СМІ публікуюць відэа танкаў і вайскоўцаў ля штабу Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове. ТАСС назваў іх байцамі «Вагнэра». Невядомыя ў камуфляжы ачапілі будынак, дзе разьмешчаныя абласныя кіраўніцтвы МУС і ФСБ.
Пасьля Прыгожын апублікаваў відэа, на якім кажа, што ён «у штабе» і што на гадзіньніку 7:30 раніцы.
Паводле не пацьверджанай пакуль інфармацыі, каля 13:30 адбыўся выбух непадалёк ад памяшканьня штабу Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове. Тэлеграм-канал Baza піша, што чуваць страляніну і пляск. Растоўскі тэлеграм-канал 161.ru з спасылкай на ўласных карэспандэнтаў перадае, што пасьля таго, як «нешта» «ляснула» ў раёне штабу, «вагнэраўцы пачалі адганяць прысутных там гараджан». Карэспандэнт ангельскамоўнай службы расейскага прапагандысцкага каналу RT апублікаваў відэа, як сьцьвярджаецца, першых сэкундаў пасьля выбуху: на ім натоўп людзей бяжыць у паніцы. Афіцыйных камэнтароў ад уладаў Растоўскай вобласьці пра гэта не было.
Кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын запісаў новы аўдыёзварот, у якім сьцьвярджае, што ягоныя найміты з пачатку мяцяжу не забілі ніводнага чалавека і «без адзінага стрэлу захапілі Растоў». Радыё Свабода ня можа апэратыўна праверыць гэтую інфармацыю.
Мясцовыя тэлеграм-каналы пішуць пра чэргі ў крамах і на запраўках Растова і публікуюць відэа чэргаў.
Пазьней у Растове-на-Доне скасавалі ўсе рэйсы з галоўнага аўтавакзалу, прызначаныя на 24 чэрвеня. На чыгуначным вакзале Растова сабраліся шмат людзей, якія хочуць пакінуць горад, паведамляе «Медуза».
Радыё Свабода пакуль ня можа праверыць гэтую інфармацыю зь незалежных крыніц.
Падзеі ў Варонежы
Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі абвясьціў, што ў Варонежы і вобласьці ўвялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі.
Тэлеграм-канал AP Wagner, блізкі да структураў Прыгожына, сьцьвярджае, што байцы ПВК ужо ўвайшлі на тэрыторыю гораду. Візуальных пацьверджаньняў пакуль няма.
«Вайсковыя аб’екты ў Варонежы ўзятыя пад кантроль ПВК „Вагнэр“. Армія пераходзіць на бок народу», — гаворыцца ў канале.
У Варонежы найміты ПВК «Вагнэр» узялі пад кантроль усе вайсковыя абʼекты, паведамляе агенцтва Reuters з спасылкай на крыніцу ў расейскіх спэцслужбах.
Таксама сьцьвярджаецца, што адзін зь верталётаў паспрабаваў атакаваць вагнэраўцаў, але быццам быў зьбіты. Праверыць інфармацыю пакуль няма як. Незалежнага пацьвярджэньня ёй няма.
Варонескі губэрнатар Аляксандар Гусеў паведаміў пра «апэратыўна-баявыя захады» ў рэгіёне:
«У рамках контратэрарыстычнай апэрацыі на тэрыторыі Варонескай вобласці ўзброенымі сіламі Расеі праводзяцца неабходныя апэратыўна-баявыя захады. Буду далей інфармаваць аб разьвіцьці сытуацыі», — напісаў Гусеў у сваім тэлеграм-канале.
Інфармацыю СМІ аб прасоўваньні вайсковай тэхнікі па тэрыторыі вобласьці ён назваў «недакладнай», а таксама прыгразіў крымінальнай адказнасьцю тым, хто распаўсюджвае падобныя паведамленьні.
Выданьне «Вёрстка» з спасылкай на відавочцаў паведамляе аб верталётным удары на паўднёвай ускраіне Варонежу. Там разьмешчаная найбуйнейшая нафтабаза. Кіраўнік Варонескай вобласьці пацьвердзіў інфармацыю аб пажары на нафтабазе ў Варонежы. Паводле яго, ахвяраў у выніку пажару няма. З словаў мясцовых жыхароў, раніцай у суботу яны бачылі наймітаў ПВК «Вагнэр». Ці зьвязаны пажар зь дзеяньнямі байцоў ПВК «Вагнэр», невядома.
У тэлеграм-каналах зьяўляюцца паведамленьні аб баях паміж наймітамі і вайскоўцамі міністэрства абароны Расеі, у тым ліку ў вёсцы Рагачоўка.
У актуальнай сытуацыі Радыё Свабода ня можа праверыць дакладнасьць гэтай інфармацыі.
Тымчасам улады Ліпецкай вобласьці таксама заклікалі жыхароў заставацца дома і нікуды ня езьдзіць без патрэбы.
Ліпецк за 450 км ад Масквы і за 150 км ад Варонежу. Сёньня раніцай Яўгеній Прыгожын заявіў, што найміты ПВК «ідуць на Маскву».
Выданьне «Вёрстка» з спасылкай на відавочцаў паведаміла ў 15.22, што калёна ПВК «Вагнэр» нібыта праяжджае паўз горад Ялец у Ліпецкай вобласьці. У самым горадзе паліцыя перакрыла ўсе буйныя ўезды і выезды. Калёны ПВК, як сьцьвярджаецца, абыходзяць Ялец празь мясцовыя і рэгіянальныя дарогі і імкнуцца не перамяшчацца трасаю «Дон».
Пуцін назваў падзеі ў Растове ўдарам у сьпіну вайскоўцам, якія ваююць супраць Украіны
Уладзімір Пуцін а 10-й раніцы ўпершыню адрэагаваў на падзеі ў Растове. Ён заявіў, што ў Расеі спрабуюць арганізаваць узброены мяцеж.
У тэлезвароце Пуцін сказаў, што зьвяртаецца ў тым ліку да тых, каго «падманам ці пагрозамі ўцягнулі ў авантуру ўзброенага мяцяжу».
Дзеяньні ПВК «Вагнэр» ён назваў «ударам у сьпіну» і параўнаў сытуацыю з кастрычнікам 1917 году, назваў яе «здрадай», а таксама заявіў, што мяцежнікі «панясуць немінучае пакараньне».
Ён заявіў, што будзе адстойваць краіну, што здраднікі штурхаюць Расею да паразы і капітуляцыі.
Яўгеній Прыгожын адрэагаваў на зварот Уладзіміра Пуціна, у якім той абвясьціў ПВК Вагнэра «здраднікамі радзімы», заявіўшы:
«Мы — патрыёты, а тыя, хто нам сёньня супрацьстаіць, сабраліся вакол падонкаў». Таксама ён падкрэсьліў, што «ніхто не зьбіраецца на патрабаваньне прэзыдэнта, ФСБ ці яшчэ каго-небудзь прыйсьці з пакаяньнем».
Рэакцыя ў рэгіёнах Расеі
Міністэрства транспарту Маскоўскай вобласьці паведаміла аб перакрыцьці аўтатрасаў, якія вядуць з поўдня Расеі ў Маскву. За 100–120 кілямэтраў ад Масквы перакрыты рух на трасах М-4 «Дон», М-5 «Урал» і М-2 «Крым».
Тымчасам чыноўнікі ў рэгіёнах «прысягаюць на вернасьць» Пуціну: пасьля ягонага звароту ў тэлеграм-каналах расейскіх губэрнатараў і чыноўнікаў пачаўся флэшмоб «З Прэзыдэнтам!».
У ім ужо паўдзельнічалі кіраўнікі Краснадарскага, Стаўрапольскага і Алтайскага краёў, кіраўнік Рэспублікі Тува, сакратар генэральнага савету «Адзінай Расеі», а таксама кіраўнікі анэксаваных тэрыторыяў Украіны.
Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў сказаў, што «цалкам падтрымлівае кожнае слова» звароту Пуціна, і заявіў, што «байцы міністэрства абароны і „Расгвардыі“ ў Чачэнскай Рэспубліцы ўжо выехалі ў зоны напружанасьці» і зробяць «усё, каб захаваць адзінства Расеі і абараніць яе дзяржаўнасьць».
Паводле інфармацыі пецярбурскага выданьня «Фонтанка», у «ПВК Вагнэр Цэнтар», разьмешчаны ў горадзе, прыехалі праваахоўныя органы — падобна, зь ператрусам.
СМІ Растова-на-Доне працягваюць публікаваць відэа вайсковай тэхнікі і салдатаў міністэрства абароны на вуліцах гораду. Звычайныя жыхары гораду не абмежаваныя ў перасоўваньнях.
У тэлеграм-канале ўкраінскага журналіста Андрэя Цапліенкі апублікавана відэа, аўтарка якога сьцьвярджае, што пагутарыла з адным з узброеных людзей у цэнтры гораду, і ён пацьвердзіў, што гэта людзі з ПВК «Вагнэр». Відэа, як сьцьвярджаецца, з байцамі ПВК у Растове, таксама зьявілася ў тэлеграм-канале «Военный информатор».
Акрамя таго, агенцтва ТАСС у адкрытым фотабанку ў подпісах да фота з Растова назвала узброеных людзей, якія атачылі штаб Паўднёвай вайсковай акругі, байцамі ПВК «Вагнэр».
Заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў выказаў думку, што гэта ўсё ж вайскоўцы міністэрства абароны Расеі.
Расейскія дзяржаўныя СМІ пра танкі і ўзброеных людзей у цэнтры Растова не паведамлялі.
Надзвычайныя захады бясьпекі ў Расеі
Міністэрства абароны Расеі зьвярнулася да байцоў ПВК «Вагнэр» і папрасіла «праявіць разважлівасьць» і хутчэй выйсьці на сувязь з прадстаўнікамі міністэрства ці праваахоўных органаў.
Губэрнатар Растова-на-Доне заявіў пра скасаваньне масавых імпрэзаў. У Варонескай вобласьці таксама скасавалі ўсе бліжэйшыя масавыя імпрэзы. Мэр Масквы Сяргей Сабянін аб’явіў аб правядзеньні ў сталіцы Расеі антытэрарыстычных захадаў.
У Маскве і вобласьці ўведзены рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі, паведамляе нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі.
Таксама ў рэгіёнах Расеі надалей скасоўваюць масавыя захады: у апошніх афіцыйных паведамленьнях называюцца Тульская, Цьверская і Калінінградзкая вобласьці.
Агулам масавыя імпрэзы скасавалі ўжо ў сямі вобласьцях Расеі.
Улады Расеі заявілі, што ў краіне «ўзброены мяцеж»
Так яны назвалі дзеяньні вайскоўцаў ПВК «Вагнэр», якія ўвечары 23 чэрвеня перасеклі мяжу Расеі з Луганскай вобласьцю Ўкраіны і ўвайшлі ў Растоў-на-Доне.
Перад гэтым кіраўнік «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын абвінаваціў вайсковае кіраўніцтва Расеі, у тым ліку міністра абароны Сяргея Шайгу і кіраўніка Генэральнага штабу Герасімава ў «генацыдзе рускага народу» і правале вайсковай кампаніі Расеі ва Ўкраіне, а таксама ў тым, што армія РФ абстраляла лягер «вагнэраўцаў». Ён абвясьціў «Марш справядлівасьці», які павінен дапамагчы прыцягнуць да адказнасьці кіраўніцтва міністэрства абароны.
Заявы і дзеяньні Прыгожына сталі падставай для завядзеньня крымінальнай справы аб закліку да ўзброенага мяцяжу: так дзеяньні «вагнэраўцаў» кваліфікаваў нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі.
У генэральнай пракуратуры Расеі таксама заявілі, што крымінальная справа супраць заснавальніка ПВК «Вагнэр» заведзеная паводле артыкулу 279 КК РФ па факце «арганізацыі ўзброенага мяцяжу». Ведамства прыгразіла Прыгожыну тэрмінам ад 12 да 20 гадоў, а генэральны пракурор Расеі Ігар Красноў такімі ж фармуляваньнямі далажыў Уладзіміру Пуціну аб крымінальнай справе ў дачыненьні да Прыгожына.
ТАСС з спасылкай на Дзьмітрыя Пяскова сьцьвярджае, што Уладзімір Пуцін даў даручэньні ў сувязі з «спробай узброенага мяцяжу».
У тэлевізіі Расеі паказалі вечаровы зварот генэрала арміі Сяргея Суравікіна да наймітаў ПВК «Вагнэр», працытавалі паведамленьне міністэрства абароны Расеі і генэральнай пракуратуры, паведамілі пра «крымінальную справу аб мяцяжы».
Раніцай 24 чэрвеня сацыяльная сетка «УКантакце» пачала блякаваць публікацыі з зваротамі Прыгожына — на патрабаваньне пракуратуры, зьвярнула ўвагу Sota.
У сваю чаргу ТАСС афіцыйна пазначыў вайскоўцаў, якія знаходзяцца каля штабу Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове, як байцоў ПВК «Вагнэр», гэта вынікае з подпісу да некалькіх здымкаў на сайце агенцтва.
Рэакцыя ва Ўкраіне
Кіраўнік украінскай выведкі Кірыла Буданаў пракамэнтаваў сытуацыю з Прыгожыным. Ён заявіў, што гэта не пастаноўка, а «цалкам рэальны канфлікт». Ён сказаў, што Прыгожын «часта кажа праўду» пра сытуацыю ў расейскім войску, адрозна ад міністэрства абароны Расеі.
«Тое, што сёньня адбываецца ў Растове і Варонежы, дакладна ставіць Расею на мяжу грамадзянскай вайны, якая будзе аб'ектыўнай, бо Пуцін страціў сваю сакральнасьць, бо пуцінскае асяродзьдзе неэфэктыўнае з гледзішча апэратыўнага кіраваньня, і, адпаведна, вельмі шмат групаў у Расейскай Фэдэрацыі, якія гатовыя ўжо да праяваў пратэсту», — сказаў памочнік кіраўніка офісу прэзыджэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк у тэлеінтэрвію каналу FREEДОМ.
Падаляк адзначыў, што «гэта толькі пачатак, і, несумненна, гэта прывядзе да сурʼёзных зьменаў і трансфармацыі расейскай палітычнай сыстэмы незалежна ад гэтага раўнду».
Рэакцыя ў Беларусі
Кіраўнік Дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык сярод іншага заявіў з нагоды падзеяў у Расеі:
«Альбо мы выкарыстоўваем гэты гістарычны шанец і станем эўрапейскай краінай, альбо назва „Рэспубліка Беларусь“ застанецца толькі ў кніжках».
«Мы ведаем іншае — што прарасейскі шлях, па якім краіну вёў Лукашэнка ўсе гэтыя гады, завёў нас у тупік. Я хачу зьвярнуцца ў першую чаргу да беларускіх вайскоўцаў: нам няма на каго разьлічваць, але мы з вамі, аб’яднаўшыся, дакладна з гэтым справімся. Мы адна з найлепшых нацыяў сьвету. У нас будзе час пазадаваць адно аднаму пытаньні і выказаць прэтэнзіі. Давайце аб’яднаем нацыю. Выратуем Радзіму», — закончыў ён свой зварот.
Канфлікт Прыгожына і Міністэрства абароны Расеі
Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ўсе паведамленьні і відэакадры аб нанясеньні ўдару расейскімі вайскоўцамі па тылавых лягерах ПВК «Вагнер», якія пашыраюцца ў сацыяльных сетках ад імя Прыгожына, не адпавядаюць рэчаіснасьці і зьяўляюцца інфармацыйнай правакацыяй.
- Адкрыты канфлікт Яўгенія Прыгожына зь Міністэрствам абароны Расеі доўжыцца некалькі месяцаў. На фоне баёў за Бахмут Прыгожын ня раз публікаваў відэаролікі з рэзкай крытыкай міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу і кіраўніка генэральнага штабу Валерыя Герасімава.
- Прыгожын абвінавачваў іх у недахопе боепрыпасаў, здачы «расейскай зямлі», абяцаў, што будзе разьбірацца зь імі, пакуль «гэтых пэрсанажаў не дагоніць адплата». Міністэрства абароны такія заявы звычайна не каментуе.
- 22 чэрвеня Прыгожын заявіў, што вайна з Украінай у лютым 2022 году пачалася праз тое, што міністэрства абароны нібыта падманула прэзыдэнта Расіі Ўладзіміра Пуціна. Паводле Прыгожына, Украіна не правакавала вайну, а баявыя дзеяньні былі патрэбныя, каб міністар абароны Сяргей Шайгу атрымаў званьне маршала. Гэтая вэрсія супярэчыць афіцыйнай пазыцыі Крамля і крыніцам заходніх СМІ, якія паведамлялі, што Пуцін сам прыняў рашэньне пачаць баявыя дзеяньні.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.