Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Медуза»: Байцы «Вагнэра» ачапілі адміністрацыйныя будынкі ў Растове


Байцы Яўгенія Прыгожына ў цэнтры Растова, 24 чэрвеня 2023 году
Байцы Яўгенія Прыгожына ў цэнтры Растова, 24 чэрвеня 2023 году

Яўгеній Прыгожын заявіў: «Блякуем Растоў і ідзем на Маскву».

Байцы ПВК «Вагнэр» ачапілі адміністрацыйныя будынкі ў Растове-на-Доне, у тым ліку штаб Паўднёвай вайсковай акругі (ПВА), у цэнтры гораду танкі, паведамляе «Медуза».

Байцы і тэхніка ПВК «Вагнэр» у цэнтры Растова-на-Доне
Байцы і тэхніка ПВК «Вагнэр» у цэнтры Растова-на-Доне

Кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў: «Блякуем Растоў і ідзем на Маскву».

ПВК «Вагнэр» мае намер блякаваць Растоў-на-Доне і ісьці на Маскву, калі байцам ня выдадуць міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу і начальніка генэральнага штабу расейскай арміі Валерыя Герасімава. Пра гэта заявіў кіраўнік ПВК Яўгеній Прыгожын на відэа, апублікаваным блізкімі да ПВК тэлеграм-каналамі.

На відэа Прыгожын размаўляе з намесьнікам міністра абароны Расеі Юнус-Бекам Еўкуравым і генэралам Уладзімірам Аляксеевым, які напярэдадні зьвяртаўся да вагнераўцаў з заклікам спыніцца і называў тое, што адбываецца, спробай дзяржаўнага перавароту.

Байцы ПВК «Вагнэр» у цэнтры Растова-на-Доне.
Байцы ПВК «Вагнэр» у цэнтры Растова-на-Доне.

Прэс-служба Прыгожына таксама апублікавала яго відэапаведамленьне. На ім сярод іншага Прыгожын сьцьвярджае, што ўсе вайсковыя аб’екты Растова пад кантролем ПВК, а «начальнік генэральнага штабу зьбег адсюль, як толькі даведаўся, што мы падыходзім».

«Салдатаў забітых у тры-чатыры разы больш, чым гэта ў дакумэнтах падаецца наверх. А тое, што падаецца, — гэта ў дзесяць разоў менш, чым гавораць у тэлевізары. Санітарныя страты ў пэўныя дні складаюць да тысячы чалавек. Гэта забітыя, бязь вестак зьніклыя, параненыя і адмоўнікі», — сказаў таксама Прыгожын.

Паводле інфармацыі пецярбурскага выданьня «Фонтанка», у «ПВК Вагнэр Цэнтар», разьмешчаным у горадзе, прыехалі праваахоўныя органы — верагодна, з ператрусам.

Раней ТАСС з спасылкай на прэсавага сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова піша, што «Пуцін паінфармаваны аб сытуацыі вакол Прыгожына, прымаюцца ўсе патрэбныя меры».

ФСБ завяла крымінальную справу супраць Яўгенія Прыгожына паводле артыкулу 279 Крымінальнага кодэксу РФ аб арганізацыі ўзброенага мяцяжу, паведамляе расейская генэральная пракуратура. «Яго дзеяньням будзе дадзена належная праўная ацэнка», заявілі ў ведамстве. «За гэтае злачынства прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 12 да 20 гадоў». У паведамленьні пракуратуры сказана, што ФСБ распачала справу «законна і абгрунтавана» (такія фармуляваньні звычайна не выкарыстоўваюцца ў афіцыйных паведамленьнях).

Праўладным расейскім СМІ забаранілі публікаваць заявы Прыгожына. Таксама паведамляюць аб закрыцьці «мяжы» паміж РФ і так званай «ДНР».

«У Маскве ўзмоцненыя меры бясьпекі, пад узмоцненую ахову ўзятыя ўсе найважнейшыя аб’екты, органы дзяржаўнай улады і абʼекты транспартнай інфраструктуры», — паведамляе ТАСС.

Паводле суразмоўцы агенцтва ў праваахоўных органах, па трывозе паднятыя падразьдзяленьні АМАП і САХР Расгвардыі.

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ўсе паведамленьні і відэакадры аб нанясеньні ўдару расейскімі вайскоўцамі па тылавых лягерах ПВК «Вагнэр», якія пашыраюць у сацыяьлных сетках ад імя Прыгожына, не адпавядаюць рэчаіснасьці і зьяўляюцца інфармацыйнай правакацыяй.

  • Адкрыты канфлікт Яўгенія Прыгожына зь міністэрствам абароны Расеі доўжыцца некалькі месяцаў. На фоне баёў за Бахмут Прыгожын ня раз публікаваў відэаролікі з рэзкай крытыкай міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу і кіраўніка генэральнага штабу Валерыя Герасімава.
  • Прыгожын абвінавачваў іх у недахопе боепрыпасаў, здачы «расейскай зямлі», абяцаў, што будзе разьбірацца зь імі, пакуль «гэтых пэрсанажаў не дагоніць адплата». Мінісэрства абароны такія заявы звычайна не камэнтуе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG