«Хаоса столькі, што ніякаю хлусьнёю яго не схаваеш»
Аб узробеным мяцяжы ў Расеі выказаўся прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«Кожны, хто выбірае шлях зла, разбурае сам сябе. Пасылае калёны вайскоўцаў зьнішчаць жыцьцё іншай краіны — і ня можа ўтрымаць іх ад уцёкаў і здрады, калі жыцьцё супраціўляецца. Тэрарызуе ракетамі, а калі іх зьбіваюць — прыніжаецца, каб далі „Шахеды“. Прыніжае людзей і кідае на вайну сотні тысяч — каб нарэшце забарыкадавацца ў Маскоўскай вобласьці ад тых, каго сам узброіў», — заявіў Зяленскі.
Паводле Зяленскага, Расея «доўга маскавала прапагандай сваю слабасьць і дурасьць свайго кіраўніцтва».
«А цяпер хаосу ўжо столькі, што ніякаю хлусьнёю яго не схаваеш. І ўсё гэта — адзін чалавек, які зноў і зноў палохае 1917 годам, хоць наагул ні да чаго іншага прывесьці ня здольны», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Паводле яго, «слабасьць Расеі відавочная», а засьцерагчы Эўропу «ад распаўзаньня расейскага зла і хаосу» здольная Ўкраіна.
Кіраўнік украінскай выведкі Кірыла Буданаў пракамэнтаваў сытуацыю з узброеным мяцяжом у Расеі пад кіраўніцтвам Яўгена Прыгожына.
Ён заявіў, што гэта не пастаноўка, а «цалкам рэальны канфлікт». Буданаў сказаў, што Прыгожын «часта кажа праўду» пра сытуацыю ў расейскім войску, адрозна ад міністэрства абароны Расеі.
Памочнік кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк у інтэрвію тэлеканалу FREEДОМ заявіў:
«Тое, што сёньня адбываецца ў Растове і Варонежы, дакладна ставіць Расею на мяжу грамадзянскай вайны, якая будзе аб’ектыўнай, бо Пуцін страціў сваю сакральнасьць, бо пуцінскае асяродзьдзе неэфэктыўнае з гледзішча апэрацыйнага кіраваньня, і, адпаведна, вельмі шмат групаў у Расейскай Фэдэрацыі, што ўжо гатовыя да выяўленьня пратэсту», — сказаў Міхайла Падаляк.
Падаляк адзначыў, што «гэта толькі пачатак, і, несумненна, гэта прывядзе да сурʼёзных зьменаў і трансфармацыі расейскай палітычнай сыстэмы незалежна ад гэтага раўнду».
Кіраўнік Камітэту Вярхоўнай рады Ўкраіны ў замежнай палітыцы і міжпарлямэнцкай супрацы Аляксандар Мярэжка ў камэнтары «Зеркалу» выказаў думку, што цяперашняя сытуацыя ў Расеі таксама «стварае шанец для падзеньня рэжыму Лукашэнкі»:
«Гэта значыць, імпэрская вайна Расеі супраць Украіны можа ператварыцца ў грамадзянскую вайну ўнутры Расеі. Больш за тое, узьнікае шанец і на падзеньне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. (...) Падзеньне рэжыму Пуціна ў Расеі ці грамадзянская вайна там дае вялікі шанец Беларусі на свабоду. Гэта можа натхніць беларускае грамадзтва на аднаўленьне актыўнай барацьбы супраць Лукашэнкі».
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.