Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад 11-ы пакет антырасейскіх санкцый Эўразьвязу трапілі два беларускія чыноўнікі


Яшчэ двух прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі уключылі ў 11-ы пакет санкцый Эўразьвязу ў зьвязку з агрэсіяй Расеі супраць Украіны.

Пад пэрсанальныя санкцыі Эўразьвязу трапілі:

  • Уладзімер Марозаў, начальнік Беларускай чыгункі. Ён, як сьцьвярджаецца, падтрымліваў разгортваньне і транспартаваньне расейскага вайсковага пэрсаналу і тэхнікі, якія ўдзельнічалі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны, таму нясе адказнасьць за падтрымку і рэалізацыю дзеяньняў і палітыкі, якія пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны і падрываюць іх.
  • Дзьмітры Пантус, старшыня Дзяржаўнага камітэту вайсковай прамысловасьці Беларусі. Гэты камітэт распрацоўвае і абслугоўвае ўзбраеньне, садзейнічае вытворчасьці зброі падведамаснымі прадпрыемствамі, забясьпечвае вайскова-прамысловую каапэрацыю, ажыцьцяўляе нагляд за перамяшчэньнем зброі празь дзяржаўную мяжу і забясьпечвае навігацыю расейскага войска. Падкрэсьліваецца, што на сваёй пасадзе Дзьмітры Пантус аказвае ваенную падтрымку Расеі ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны.

11-ы пакет санкцый Эўразьвязу

У Эўразьвязе ўхвалілі 11-ы пакет санкцый супраць Расеі за яе збройны напад на Ўкраіну. У сілу ён мае ўступіць 23 чэрвеня.

У рашэньні Эўразьвязу прадугледжваецца, што дзяржавы-сябры павінны зрабіць усе неабходныя захады дзеля забесьпячэньня паставак, альтэрнатыўных імпарту сырой нафты з Расеі праз трубаправод «Дружба».

У адпаведнасьці з гэтым рашэньнем часовае выключэньне з папярэдніх санкцый, якое раней мелі Нямеччына і Польшча на пастаўку сырой нафты з Расеі праз паўночны ўчастак нафтаправоду «Дружба», павінна спыніцца.

Праз паўднёвы ўчастак «Дружбы» транзыт расейскай нафты працягваецца, у тым ліку ў Вугоршчыну.

Імпарт нафты, якая паходзіць з Казахстану ці іншай трэцяй краіны, транзытам праз Расею па нафтаправодзе «Дружба» не забаронены.

Нафтаправод «Дружба» пабудавалі ў 1960-х гадах, ён быў прызначаны для пастаўкі сырой нафты з Уралу ў эўрапейскія краіны: Вугоршчыну, Чэхаславаччыну, Польшчу і ГДР. Цяпер ён праходзіць з Расеі ў краіны Эўразьвязу праз тэрыторыю Беларусі і Ўкраіны.

Летась у сьнежні 2022 году ЭЗ увёў эмбарга на імпарт расейскай нафты, а ў пачатку лютага 2023-га — і на імпарт нафтапрадуктаў. Пры гэтым магчымасьць паставак праз нафтаправод «Дружба» пакінулі, прадугледзелі і некаторыя іншыя паслабленьні.

Новы пакет санкцый, прыняты амбасадарамі краін Эўразьвязу 21 чэрвеня, найперш уключае ў сябе захады супраць абыходу раней уведзеных абмежаваньняў, а таксама дапаўняе санкцыйны сьпіс новымі асобамі, фізычнымі і юрыдычнымі.

Паводле папярэдніх дадзеных, у санкцыйны сьпіс увайшлі 70 чалавек (сярод іх — тыя, хто мае дачыненьне да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею) і каля 30 юрыдычных асобаў, якія дапамагаюць Расеі абыходзіць санкцыі.

Папярэдні пакет санкцый ЭЗ супраць Расеі быў прыняты 25 лютага. Тады пад абмежаваньні падпалі 96 арганізацый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG