Як стала вядома Свабодзе, у рашэньні Эўразьвязу прадугледжваецца, што дзяржавы-сябры павінны зрабіць усе неабходныя захады для забесьпячэньня паставак, альтэрнатыўных імпарту сырой нафты з Расеі праз трубаправод «Дружба».
У адпаведнасьці з гэтым рашэньнем часовае выключэньне з папярэдніх санкцый, якое раней мелі Нямеччына і Польшча на пастаўку сырой нафты з Расеі праз паўночны ўчастак нафтаправоду «Дружба», павінна спыніцца.
Праз паўднёвы ўчастак «Дружбы» транзыт расейскай нафты працягваецца, у тым ліку ў Вугоршчыну.
Імпарт нафты, якая паходзіць з Казахстану ці іншай трэцяй краіны, транзытам праз Расею па нафтаправодзе «Дружба» не забаронены.
Нафтаправод «Дружба» пабудавалі ў 1960-х гадах, ён быў прызначаны для пастаўкі сырой нафты з Уралу ў эўрапейскія краіны: Вугоршчыну, Чэхаславаччыну, Польшчу і ГДР. Цяпер ён праходзіць з Расеі ў краіны Эўразьвязу праз тэрыторыю Беларусі і Ўкраіны.
Летась у сьнежні 2022 году ЭЗ увёў эмбарга на імпарт расейскай нафты, а ў пачатку лютага 2023-га — і на імпарт нафтапрадуктаў. Пры гэтым магчымасьць паставак праз нафтаправод «Дружба» пакінулі, прадугледзелі і некаторыя іншыя паслабленьні.
Новы пакет санкцый, прыняты амбасадарамі краін Эўразьвязу 21 чэрвеня, найперш уключае ў сябе захады супраць абыходу раней уведзеных абмежаваньняў, а таксама дапаўняе санкцыйны сьпіс новымі асобамі, фізычнымі і юрыдычнымі.
Паводле папярэдніх дадзеных, у санкцыйны сьпіс увайшлі 70 чалавек (сярод іх — тыя, хто мае дачыненьне да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею) і каля 30 юрыдычных асобаў, якія дапамагаюць Расеі абыходзіць санкцыі.
Тэкст рашэньня будзе апублікаваны 23 чэрвеня ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу.
Раней паведамлялі, што ў рамках новага пакета, у прыватнасьці, плянуюць увесьці абмежаваньні супраць дзясяткаў кампаній з розных краін, якія дапамагаюць Расеі абыходзіць санкцыі.
Папярэдні пакет санкцый ЭЗ супраць Расеі быў прыняты 25 лютага. Тады пад абмежаваньні падпалі 96 арганізацый.