Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя палярніка, які ўцёк зь Беларусі ў Літву: «Калі параўноўваць зь месцам, адкуль я прыехаў, гэта неба і зямля»


Дзьмітры Лукашанец
Дзьмітры Лукашанец

За апошнія тры гады ў Літву, Латвію і Эстонію, паводле зьвестак мясцовых міграцыйных ведамстваў, прыбылі дзясяткі тысяч людзей зь Беларусі.

Паток беларусаў рэзка павялічыўся пасьля пратэстаў 2020-га. Лідэрам у колькасьці ўцекачоў зь Беларусі сярод краін Балтыі сёньня зьяўляецца Літва. Па ацэнках Дэпартамэнту міграцыі Літвы, цяпер тут знаходзяцца каля 40 тысяч грамадзян Беларусі. Абсалютная большасьць пакінула радзіму з палітычных прычынаў. Большая частка беларусаў, якія прыехалі ў Літву, знайшла працу. Некаторыя — у навуковай сфэры.

Журналісты «Настоящего времени» пагаварылі з адным зь іх, навукоўцам-палярнікам зь Менску.

Дзьмітрый Лукашанец — беларускі біёлаг, навуковец, удзельнік палярных экспэдыцый у Антарктыдзе і ў Арктыцы. Да 2020 году ён быў адным з кіраўнікоў былога Інстытута заалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, але пасьля пачатку пратэстаў і хвалі рэпрэсій быў вымушаны пакінуць радзіму.

«Усё было добра нейкі час. 2018–2019 гады былі, скажам так, часам майго ўзыходжаньня, і ў той пэрыяд я заняўся дасьледаваньнем Антарктыды. Так атрымалася, што я трапіў у беларускую антарктычную экспэдыцыю і выбраў такі шлях дасьледчыка-палярніка», — расказвае Дзьмітры Лукашанец.

Па словах Дзьмітрыя, пасьля «беспрэцэдэнтнага ціску і гвалту» з боку ўлады працягваць займацца навукай у Беларусі стала немагчыма.

«Проста было прынята рашэньне ехаць. Зразумела, акцэнт быў зроблены на блізкім замежжы. У прыярытэце былі Польшча і Літва. Я нават памятаю момант, калі я канкрэтна гэтым заняўся — гэта быў лістапад 2020 году. Калі (можа, вы памятаеце) адбылося гучнае забойства Рамана Бандарэнкі ў Беларусі. Гэта быў такі важны паказчык. Было відавочна, што гэты гвалт ня спыніцца. Нічога наша рэвалюцыя, на жаль, не адваявала», — працягвае Дзьмітры Лукашанец.

Мянчук Раман Бандарэнка, як мяркуецца, быў пабіты да сьмерці беларускімі сілавікамі. Гэтае забойства, кажа Дзьмітры, стала для яго асабіста «апошняй кропляй і заахвоціла сьпешна зьехаць».

Цяпер вучоны жыве ў Літве, у Клайпедзе. Тут яму прапанавалі працу ў адным з навуковых інстытутаў Клайпедскага дзяржунівэрсытэта.

«Два гады я ўжо жыву тут, — кажа ён. — Працую ў навуцы, у Інстытуце марскіх дасьледаваньняў. У цэлым я працягнуў свой трэнд — вывучэньне палярных экасыстэм. З тых часоў я ўжо чатыры разы пабываў у Арктыцы, тры разы на Шпіцбэргене і адзін раз у Грэнляндыі. Гэта, вядома, досьвед незабыўны — і як для чалавека наогул, і для дасьледніка гэта, вядома, таксама вельмі важна».

Дзьмітры не адзіны імігрант у Клайпедзкім унівэрсытэце. ВНУ прымае як беларусаў, якія пакінулі краіну пасьля пратэстаў, так і ўцекачоў з Украіны.

«Людзі часова інтэгруюцца, пакуль ідзе вайна. Прыемна, што яны знаходзяць для сябе магчымасьці тут, у Літве, у Клайпедзе, увасабляць у жыцьцё тыя мэты, якія яны ставілі перад сабой раней. Разам з клайпедзкімі вучонымі яны могуць займацца сваімі дасьледаваньнямі і той дзейнасьцю»., якая для іх важная«, — расказвае рэктар Клайпедзкага ўнівэрсытэту Артурас Разбадаўскас.

Ён зазначае, што Дзьмітры і ягоныя клайпедзкія калегі-палярнікі «робяць вельмі важную справу». Леднікі на Шпіцбэргене зьяўляюцца ўнікальным месцам для назіраньня за зьменай клімату і глябальнай экасістэмы.

Інстытут марскіх дасьледаваньняў у Клайпедзе ўваходзіць у топ-200 найлепшых акіянаграфічных вышэйшых школ сьвету, паводле Шанхайскага рэйтынгу ВНУ. Сёньня тут працуе каля 200 чалавек, у іх сучаснае абсталяваньне. Больш за тое, у клайпедзкіх навукоўцаў нават ёсьць сваё ўласнае дасьледчае судна і падводныя робаты, якія дапамагаюць ім у экспэдыцыях.

Дзьмітры Лукашанец зазначае: нягледзячы на тое, што Літва не ўваходзіць у пул «арктычных дзяржаў», у навуковай супольнасьці краіны ў галіне палярных дасьледаваньняў ёсьць свае моцныя бакі. Напрыклад, праца ў зонах ледавікоў, якія адступілі. Гэта важна для вывучэньня працэсаў глябальнай зьмены клімату. Акрамя таго, калі параўноўваць узровень клайпедзкай ВНУ з профільнымі інстытутамі ў Беларусі, кажа ён, апошнія «яўна прайграюць літоўцам».

«Вядома, калі параўноўваць зь месцам, адкуль я прыехаў, гэта неба і зямля. На карысьць Клайпеды, натуральна. Пра гэта можна доўга гаварыць — у палоне якіх ілюзій знаходзяцца навукоўцы постсавецкіх краін. Я маю на ўвазе краін СНД. Ім здаецца, што ўсё ў іх добра, але папраўдзе розьніца калясальная», — працягвае Дзьмітры Лукашанец.

Пасьля пратэстаў у Беларусі вучоны пераехаў у Літву разам зь сям’ёй. Ягоная жонка таксама навуковец, сёньня працуе ў марскім музэі Клайпеды, а дзеці вучацца ў школе. Неўзабаве Дзьмітры зноў плянуе адправіцца ў экспэдыцыю і разьлічвае на тое, што ў будучыні пры яго ўдзеле літоўскія вучоныя адкрыюць для сябе Антарктыду.

«Гэта такая мара, напэўна, таму што Антарктыда не адпускае. Гэта немагчыма забыць. Арктыка — гэта вельмі прыгожа, так, але Антарктыка — гэта космас. Гэта зусім іншае», — кажа ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG