Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца амэрыканскага Сэнату беларусам: «Мы хочам свабоды для ўсіх. Каб быць моцнымі, важна ведаць, што мы разам»


Пэці Мюрэй
Пэці Мюрэй

Пэці Мюрэй — сэнатар ЗША ўжо на працягу 30 гадоў, з 1993 году, прадстаўляе ў Сэнаце штат Вашынгтон. Цяпер яна часова выконвае абавязкі прэзыдэнта Сэнату.

Перад самітам NATO, які пройдзе ў Вільні 11-12 ліпеня, Літву наведаюць сэнатары Кангрэсу ЗША. Дэлегацыю ўзначальвае старшыня камітэту Сэнату па асыгнаваньнях Пэці Мюрэй, якая цяпер часова кіруе Сэнатам, верхняй палатай парлямэнту ЗША.

Сэнатар Пэці Мюрэй у Вільні дала інтэрвію Радыё Свабода.

— Мы чулі пра ініцыятыву сэнатараў Ліндсі Грэма і Рычарда Блюмэнталя ў Вашынгтоне. Яны прапанавалі ўхваліць рэзалюцыю, згодна зь якой выкарыстаньне Расеяй тактычнай ядзернай зброі са сваёй або зь беларускай тэрыторыі ва Ўкраіне будзе расцэньвацца як напад на NATO. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін раней заявілі, што расейская ядзерная зброя ўжо разьмешчаная на беларускай зямлі. Як вы лічыце, ці адпавядае рэакцыя ЗША і іншых краін NATO гэтай пагрозе? І што яшчэ маглі б зрабіць Злучаныя Штаты Амэрыкі ў гэтай сытуацыі?

— Перш за ўсё, калі мы гаворым пра ядзерную зброю, мы павінны быць вельмі асьцярожнымі і не дапускаць эскаляцыі. Кожны раз, калі мы гаворым пра ядзерную зброю, мы павінны весьці размову надзвычай сур’ёзна. І я думаю, што вельмі важна гэта памятаць.

Пазьбяганьне эскаляцыі тут абсалютна мэта нумар адзін, а значыць, трэба мець адкрытыя дыпляматычныя каналы, трэба гаварыць пра гэта сур’ёзна, і, паўтаруся, мы павінны быць вельмі асьцярожныя.

Пэці Мюрэй у інтэрвію для беларускай службы Радыё Свабода
Пэці Мюрэй у інтэрвію для беларускай службы Радыё Свабода

— Маё другое пытаньне тычыцца Беларусі. Пэўна, вы ведаеце, што ў 2004 годзе Кангрэс ЗША прыняў Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. І з таго часу ў закон уносілі дапаўненьні. Але, магчыма, надышоў час абнавіць яго ці ўхваліць нейкія іншыя законы ў дачыненьні да Беларусі, улічваючы ўсё тое, што адбылося з 2020 году? Якая цяпер пазыцыя Кангрэсу ў дачыненьні да Беларусі, рэжыму Лукашэнкі і дэмакратычнай апазыцыі?

— Гэта вельмі добрае пытаньне, і я думаю, што мы ўсе вельмі занепакоеныя напрамкам, у якім пайшла Беларусь пры Лукашэнку, і хадой эскаляцыі. Мы павінны глядзець на гэта вельмі сур’ёзна.

Я тут як старшыня Камітэту па асыгнаваньнях Сэнату ЗША, і я магу вам сказаць, што мы ў Злучаных Штатах вельмі глыбока ўсьведамляем гэтую агрэсію, вельмі ўважліва сочым і дзейнічаем настолькі рашуча, наколькі можам.

— Ці магу я спытаць пра Ўкраіну? Злучаныя Штаты ўзначальваюць кааліцыю, каб дапамагчы Ўкраіне ў вайне і адбудаваць яе. Як вы лічыце, ці могуць Злучаныя Штаты павялічыць гэтую дапамогу ў наступным фінансавым годзе?

— Я думаю, што адна з прычын, чаму Злучаныя Штаты неадкладна распачалі такія істотныя захады на адрас Расеі, калі тая ўварвалася ва Ўкраіну, — гэта каб даць зразумець Расеі, што ня толькі Злучаныя Штаты, але і многія іншыя краіны абʼядналіся, каб дапамагчы Ўкраіне ў барацьбе, што мы з Украінай і мы будзем зь ёю.

Мы выдзелілі больш за 100 мільярдаў даляраў, і ў Кангрэсе ёсьць падтрымка гэтага з боку абедзьвюх партый. Гэта пасылае Расеі вельмі выразны прамы сыгнал, што мы ня прымем такой агрэсіі.

Ёсьць моцная дзьвюхпартыйная падтрымка Ўкраіны. Я ўзначальваю Камітэт па асыгнаваньнях Сэнату, і толькі ўчора ў нас былі слуханьні, і абодва бакі, дэмакраты і рэспубліканцы, вельмі моцна выказаліся за тое, каб далей падтрымліваць Украіну ў рамках нашага цяперашняга бюджэту.

Cэнатар Пэці Мюрэй
Cэнатар Пэці Мюрэй

Зараз мы вядзем перамовы зь Белым домам і прэзыдэнтам пра дадатковыя сродкі, якія нам спатрэбяцца, сочачы за тым, што адбываецца на месцах.

І, вядома, неўзабаве ў Вільні адбудзецца саміт NATO, на якім мы вызначым, што нам трэба, каб працягваць выконваць сваю ролю разам з усімі іншымі краінамі, якія аб’ядналі свае намаганьні ў гэтай справе.

— І на заканчэньне нашага інтэрвію я б спытаў вас: што б вы хацелі сказаць беларусам у Беларусі і ў замежжы ў такой сытуацыі, якая цяпер склалася?

— Я б хацела сказаць беларусам, што ў Злучаных Штатах, а таксама ў многіх краінах па ўсім сьвеце, як мы гэта бачым, мы падтрымліваем дэмакратыю, мы хочам свабоды для людзей, свабоды для кожнага асобнага грамадзяніна ў сьвеце. Каб быць моцнымі, вам важна ведаць, што мы разам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG