Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сахашчык паказаў 1-ю асобную дэсантна-штурмавую роту беларусаў ва Ўкраіне і зьвярнуўся да расейскіх вайскоўцаў


1-я асобная дэсантна-штурмавая рота беларусаў ва Ўкраіне, фота t.me/sahashchik
1-я асобная дэсантна-штурмавая рота беларусаў ва Ўкраіне, фота t.me/sahashchik

Кіраўнік Дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэта Валеры Сахашчык расказаў пра 1-ю асобную дэсантна-штурмавую роту беларусаў ва Ўкраіне, а таксама зьвярнуўся да беларускіх сілавікоў і расейскіх вайскоўцаў.

У сваім тэлеграм-канале Валер Сахашчык апублікаваў фота роты, створанай зь беларускіх добраахвотнікаў. Пра яе зьяўленьне стала вядома 9 чэрвеня, яна ўваходзіць у склад дэсантна-штурмавых войскаў Украіны.

«Наша падразьдзяленьне ўжо другі месяц выконвае баявыя задачы на адным з самых цяжкіх участкаў фронту на паўднёвым усходзе Ўкраіны і атрымлівае баявы вопыт, неабходны для стварэньня новага, высокатэхналягічнага і высокаэфэктыўнага беларускага войска», — расказаў Сахашчык.

Пасьля ён зьвярнуўся да беларускіх сілавікоў, папрасіўшы іх памятаць пра прысягу, якую яны давалі народу, і выконваць свой воінскі абавязак, «каб гарантаваць бясьпеку нашага народу, абараняць яго ад ворагаў, якія праліваюць кроў беларусаў і пазбаўляюць іх свабоды».

Таксама Валер Сахашчык зьвярнуўся да расейскіх вайскоўцаў, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Ён падкрэсьліў, што дамоўленасьці Лукашэнкі з Пуціным «ня вартыя нават той паперы, на якой яны напісаныя», і іх «ніхто ня клікаў» у Беларусь, таму тут яны «такія ж акупанты, як і іх суайчыньнікі ва Ўкраіне».

«Неўзабаве мы прапануем вам пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і вярнуцца ў Расею, і калі гэты момант надыдзе, у вашых інтарэсах будзе зрабіць гэта добраахвотна», — заявіў Сахашчык.

  • 24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. Тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне. У ліпені 2022 году Лукашэнка публічна прызнаў уварваньне 20-тысячнага кантынгенту расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.
  • У кастрычніку 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дамовіўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным пра разьмяшчэньне сумеснай групоўкі войскаў на тэрыторыі Беларусі. У беларускім вайсковым ведамстве тады казалі, што колькасьць расейскіх вайскоўцаў у групоўцы складзе крыху менш за 9 тысяч чалавек.
  • Сёлета 11 красавіка першы намесьнік міністра абароны Ўкраіны Аляксандар Паўлюк заявіў, што на пачатку вайны 70 тысяч вайскоўцаў 35-й агульнавайсковай арміі РФ на 7 тысячах бронемашын «зь беларускай мяжы ўварваліся» на тэрыторыю Кіеўскай вобласьці. На пачатку красавіка 2022-га захопнікаў адтуль выгналі.
  • Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG