Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Са 150 дзён у калёніі 96 я правёў у ШЫЗА і ПКТ». Гутарка з былым палітзьняволеным Станіславам Паўлінковічам


Станіслаў Паўлінковіч на акцыі супраць ядзернай зброі ў Беларусі, Варшава, чэрвень 2023
Станіслаў Паўлінковіч на акцыі супраць ядзернай зброі ў Беларусі, Варшава, чэрвень 2023

Жыхар Магілёва трапіў на «хімію» за «абразу судзьдзі». Адтуль яго перавялі на «суткі». З «сутак» — у калёнію. У размове са Свабодай беларус расказвае пра ўмовы ў карных установах краіны.

Станіславу Паўлінковічу 34 гады. Да затрыманьня ў 2020 годзе ён жыў у Магілёве. Мае вышэйшую эканамічную адукацыю. Працаваў на мэталюргічным заводзе сартавальнікам. Яшчэ да падзей 2020 году ўдзельнічаў у розных акцыях пратэсту. Меў штрафы і «суткі».

У траўні 2020 году Станіслаў браў удзел у акцыі «кармленьне галубоў». Расказвае, што за гэта атрымаў 15 сутак. Пасьля яшчэ «дадаткова» 15 за «непадпарадкаваньне міліцыі». Але за краты тады ня трапіў.

«„Суткі“ падвесілі, каб забраць мяне тады, калі ім будзе трэба. Так і адбылося — мяне арыштавалі пад выбары 9 жніўня. І распачалі крымінальную справу за абразу судзьдзі Аксаны Ратнікавай», — узгадвае актывіст.

Бірка з турмы Станіслава Паўлінковіча
Бірка з турмы Станіслава Паўлінковіча

У кастрычніку 2020 году суд пакараў яго «хіміяй» на тры гады. Станіслаў адбываў пакараньне ў Крупках, у папраўчай установе № 39. Былы палітвязень расказвае, што спакойна адбыць пакараньне яму не далі супрацоўнікі КДБ. У лютым 2022 году спэцслужбы нейкім чынам атрымалі доступ да чату «Волейбол по выходным», дзе перапісваліся палітычныя «хімікі». Чат быў прызнаны экстрэмісцкім, некаторых ягоных удзельнікаў затрымалі і пакаралі пераводам у калёніі і новымі крымінальнымі справамі.

Пад «раздачу» трапіў і Станіслаў. Актывіст кажа, што пасьля допыту ў КДБ яго перавялі на Акрэсьціна.

«90% супрацоўнікаў Акрэсьціна — проста зьвяры»

«Пасьля допыту ў КДБ мяне „перадалі“ міліцыянтам у Менску. Яны склалі адміністрацыйны пратакол і патлумачылі, што ім КДБ даў загад мяне пасадзіць. Так я трапіў на Акрэсьціна — самае жудаснае месца ў Беларусі. Спачатку далі 15 сутак, потым — 10 сутак, потым яшчэ раз, 11 сутак. Падставы? Кожны раз я нібыта выходзіў з ізалятара і праяўляў агрэсію да міліцыі. У пратаколах было такое, што „размахваў рукамі, упіраўся нагамі, спрабаваў уцячы“. На словах міліцыянты мне казалі „Ты сам усё разумееш“. Умовы былі жудасныя. Ніводнага разу не вадзілі ў душ. Пасьцельнай бялізны не было, ноччу падымалі на праверкі, у камэры на 8 месцаў сядзелі 35 чалавек», — сьцьвярджае Станіслаў.

Ён кажа, што за час адбыцьця пакараньня ў ізалятарах, у калёніі, у ШЫЗА і ПКТ яго ніводнага разу ня білі.

«У калёніі супрацоўнікі проста выконваюць сваю працу. А на Акрэсьціна 90% супрацоўнікаў — проста зьвяры», — лічыць беларус.

У камэрах на Акрэсьціна са Станіславам, паводле яго словаў, сядзелі пераважна «палітычныя». Але адміністрацыя падкідала ў камэру бяздомных, якія мелі вошы.

«Там я заразіўся каростай. Сьвярбела ўсё цела невыносна. Пайшло раздражненьне, ня мог спаць, але лекаў мне не давалі», — кажа суразмоўца.

«Супрацоўнік КДБ прапанаваў „пасябраваць“»

З Акрэсьціна Станіслава перавялі ў ІЧУ Барысава. Мужчына кажа, што там адбыў 50 сутак арышту.

«Да мяне прыяжджалі супрацоўнікі „маёй“ „хіміі“ і пісалі парушэньні. За кожнае я атрымліваў чарговыя 10 сутак арышту. Парушэньні — нявыплата камунальных паслуг за „хімію“ або чытаньне кнігі ў ШЫЗА, куды мяне кідалі. Я там ускрыў вены — гэта быў жэст адчаю. Паставілі на адмысловы ўлік, але „пазытыў“ быў у тым, што ўрэшце далі лекі ад паразытаў», — узгадвае былы палітвязень.

Суразмоўца кажа, што ў ізалятар да яго прыяжджаў супрацоўнік КДБ — той самы, які браў удзел у затрыманьні на «хіміі». «Прапаноўваў супрацоўніцтва — каб я даносіў на тых, на каго яны папросяць. „Станислав, мы хотим тебе помочь, но сначала мы должны подружиться с тобой“, — вось што даслоўна ён мне сказаў. Я адмовіўся. Ён пачаў пагражаць, што „паедзеш на лягер і можаш там проста зьнікнуць“. Абяцаў, што калі я пагаджуся, то вярнуся на „хімію“, і дадаў, што ён кіруе маім лёсам. Па выніку быў суд, і „хімію“ мне замянілі на калёнію, на тэрмін пяць з паловай месяцаў», — кажа актывіст.

«У ШЫЗА кідалі за тое, што я ў кішэні меў хлебны мякіш»

Станіслава перавялі ў наваполацкую калёнію. Там ён трапіў у адзін атрад зь Віктарам Бабарыкам. Наогул, кажа былы вязень, у кожным атрадзе было прыкладна па 10 «палітычных». Для Бабарыкі былі створаныя «адмысловыя ўмовы».

«Размова зь ім — дарога наўпрост у ШЫЗА. Гэта не афармлялася як „за размову з Бабарыкам“, прычыны пакараньня пісалі іншыя, але ўсе ведалі, што гэта так. Як чалавек ён мне быў цікавы, але не як палітык. Я не баяўся зь ім размаўляць, бо ў мяне быў невялікі тэрмін. Ды мяне і так часта кідалі ў ШЫЗА, а апошнія месяцы зьняволеньня я ўвогуле правёў у ПКТ — памяшканьні камэрнага тыпу», — кажа Станіслаў.

Станіслаў Паўлінковіч, бірка з турмы
Станіслаў Паўлінковіч, бірка з турмы

Ён дадаў, што харчаваньне ў калёніі было кепскае, і вязьні выжывалі дзякуючы перадачам і пасылкам ад блізкіх, таксама «атаварцы» ў краме калёніі. Вязьні абавязаныя працаваць, адмова ад працы — парушэньне, за якое давалі ШЫЗА.

«Я працаваў на дрэваапрацоўцы, не адмаўляўся працаваць, але выказаўся, што ня буду працаваць з хімічнымі атрутнымі рэчывамі, якімі апрацоўвалі драўніну. Калі тое рэчыва трапляла на чорную вопратку, то пляма рабілася белай. Гэта небясьпечна для здароўя. Таму я вырашыў, хай сабе і ШЫЗА, але здароўе даражэйшае. Начальнік калёніі Пальчык крычаў, што зробіць зь мяне чалавека зь „нізкім сацыяльным статусам“», — узгадвае Станіслаў.

Былы палітвязень кажа, што агулам за 150 дзён у калёніі ён правёў 40 дзён у ШЫЗА і 56 — у ПКТ. Пакараньні ШЫЗА для яго былі нават за тое, што меў у кішэні хлебны мякіш — хацеў пакарміць птушку.

Станіслаў дадае, што ў калёніі надзвычай важна «не заганяцца», захоўваць настрой. «Калі ты ня будзеш размаўляць зь людзьмі, будзеш сам сабе на думках, то можна звар’яцець папросту», — лічыць былы вязень.

«Псыхалягічна знаходзіцца ў Беларусі было вельмі цяжка»

Станіслаў вызваліўся ў кастрычніку 2022 году, але вольным сябе не адчуваў. Ён мусіў адзначацца ў міліцыі, і міліцыянты маглі ў любы момант прыйсьці да яго дахаты. Суразмоўца расказвае, што яны патрабавалі ад яго працаўладкаваньня, але самі сказалі, што на дзяржаўную працу ён можа не разьлічваць.

«Я спрабаваў уладкавацца куды толькі мог, але ўсюды атрымліваў адмовы. Стаў на ўлік як беспрацоўны. Мне давалі накіраваньні на розныя працы, але там адмаўлялі. Літаральна не было за што жыць. Першы час я жыў на ашчаджэньні. Добра, што фонд BYSOL дапамог фінансава, як і ўсім былым вязьням. 300 эўра, але для мяне гэта таксама ж былі грошы. І таксама сябры дапамагалі не памерці з голаду. Цяжка было псыхалягічна — разумееш, што ня можаш свабодна выказвацца, нешта пісаць ці камэнтаваць у інтэрнэце, чытаць „забароненыя“ сайты. Заўважыў, што большасьць людзей проста баіцца размаўляць. Атмасфэра ў грамадзтве цяжкая, і ёсьць адчуваньне, што ў бліжэйшы час, на жаль, нічога ня зьменіцца», — разважае Станіслаў.

Станіслаў Паўлінковіч на акцыі супраць ядзернай зброі ў Беларусі, Варшава, чэрвень 2023
Станіслаў Паўлінковіч на акцыі супраць ядзернай зброі ў Беларусі, Варшава, чэрвень 2023

Ён вырашыў зьехаць у Польшчу — найперш каб знайсьці там працу, а таксама каб пазьбегнуць верагоднага чарговага затрыманьня на радзіме.

«Я палічыў, што лепш быць на волі, чым мяне зноў схопяць і пасадзяць у турму. Там я мала прынясу карысьці — ні сабе, ні людзям. Цяпер буду вучыць мову, шукаю працу ў Варшаве», — дадаў беларус.

Станіслаў адкрыў збор сродкаў, спадзяецца, што неабыякавыя людзі падтрымаюць яго на першы час.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG