Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН чакае гарантый бясьпекі з боку Расеі для эвакуацыі грамадзян з акупаванай часткі Херсоншчыны


Будынак Міністэрства замежных спраў Украіны. Ілюстрацыйнае фота
Будынак Міністэрства замежных спраў Украіны. Ілюстрацыйнае фота

Украіна і ААН ужо ўзгаднілі каардынацыю сваіх дзеяньняў.

Міністэрства замежных спраў Украіны і прадстаўніцтва ААН ва Ўкраіне ўзгаднілі ўзаемадзеяньне для ратаваньня грамадзян зь левабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці, якую кантралюе Расея.

Як паведамілі ў МЗС Украіны, маштабы гуманітарнай катастрофы і руйнаваньняў патрабуюць больш якаснага рэагаваньня з боку ААН.

Па выніках сустрэч міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба і каардынатарка ААН ва Ўкраіне Дэніз Браўн дамовіліся, што ААН неадкладна павялічыць аб’ём дапамогі і накіруе дадатковыя сілы ў Херсонскую вобласьць і іншыя пацярпелыя рэгіёны Ўкраіны.

Бакі дамовіліся, што ААН тэрмінова сфармуе ў Запарожжы і Херсоне групы, якія накіруюцца на пацярпелыя акупаваныя тэрыторыі Левабярэжжа для наданьня гуманітарнай дапамогі і эвакуацыі людзей пры ўмове гарантыі бясьпечнага праезду ў акупаваныя населеныя пункты з падкантрольнай Украіне тэрыторыі.

Цяпер ААН чакае адпаведных гарантый з боку Расеі.

7 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў міжнародныя арганізацыі далучыцца да ратаваньня людзей.

«Нашыя вайскоўцы і спэцслужбы настолькі, наколькі гэта магчыма, нягледзячы на абстрэлы, ратуюць людзей. Але патрэбны маштабныя высілкі. Трэба, каб міжнародныя арганізацыі, такія як Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, тэрмінова далучыліся да ратавальнай апэрацыі і дапамаглі людзям менавіта на акупаванай частцы Херсоншчыны», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

8 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наведаў Херсон і Мікалаеўскую вобласьць. Там ён правёў каардынацыйную нараду аб ліквідацыі наступстваў зьнішчэньня Кахоўскай дамбы і наведаў пераправу, празь якую ідзе эвакуацыя з затопленых тэрыторый Херсоншчыны.

У выніку зьнішчэньня Кахоўскай дамбы затапіла 20 населеных пунктаў Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцей на падкантрольнай Украіне тэрыторыі. З гэтых тэрыторый змаглі эвакуаваць пакуль што толькі 2198 грамадзян.

Сытуацыя на левым беразе Дняпра, які кантралююць расейскія акупацыйныя ўлады, горшая. Там некалькі населеных пунктаў цалкам апынуліся пад вадой, людзі ратуюцца на дахах. Пазьней акупацыйныя ўлады паведамілі, што ў Кахоўцы загінулі 5 грамадзян і 71 жыхар шпіталізаваны, а ў Алешках загінулі тры. Спраўдзіць гэтую інфармацыю ва ўмовах вайны і адсутнасьці допуску незалежных журналістаў на месца падзеі немагчыма.

Каб зьнізіць нагрузку на Кахоўскае вадасховішча, ва Ўкраіне вымушаны зьнізіць магутнасьць вытворчасьці ўсіх гідраэлектрастанцый. Грамадзян заклікаюць не выкарыстоўваць электраэнэргію ўвечары і ў пікавыя гадзіны, а таксама эканоміць пітную ваду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG