Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адміністрацыі Лукашэнкі прапанавалі ладзіць бацькоўскія сходы ва ўнівэрсытэтах і войску для «выхаваўчай працы з бацькамі»


Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі, архіўнае фота
Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі, архіўнае фота

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі прапанаваў ладзіць бацькоўскія сходы ня толькі ў школах, але і ў каледжах, унівэрсытэтах і арміі. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію sb.by. На думку Луцкага, дзяржава мусіць выхоўваць ня толькі моладзь, але і бацькоў.

У вялікім інтэрвію выданьню Ігар Луцкі разважаў пра ролю дзяржавы ў «выхаваньні грамадзян». Сярод іншага, ён заявіў, што, акрамя працы зь дзецьмі і моладзьдзю, «на ўсіх ступенях навучаньня варта выбудоўваць сыстэмную выхаваўчую працу з бацькамі»:

«Фармат бацькоўскіх сходаў мусіць укараняцца ня толькі ў школе, але і ў каледжах, унівэрсытэтах, а магчыма, і ў войску», — заявіў ён.

Таксама Луцкі панаракаў на «адсутнасьць пераемнасьці паміж этапамі выхаваньня (сям’я — школа — ВНУ» і прывёў у прыклад, як актывіст БРСМ з райцэнтру «праз 1,5 гады пасьля паступленьня ў сталічную ВНУ быў адлічаны за непасьпяховасьць і ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах».

На думку Луцкага, выхаваньнем патрыётаў мусіць займацца ня толькі сыстэма адукацыі, а ўсе сфэры ад культуры і спорту да гандлю і прамысловасьці. Ён прывёў у прыклад нядаўнюю прапанову актывістаў БРСМ стылізаваць фуд-корты ў гандлёвых цэнтрах Менску «ў колерах дзяржаўнай сымболікі».

Ён прапанаваў вызначыць БРСМ, а таксама Беларускую рэспубліканскую піянэрскую арганізацыю «асноўнымі грамадзкімі абʼяднаньнямі, празь якія арганізуецца выхаваўчы працэс у рамках пазаўрочнай дзейнасьці» для вучняў і студэнтаў.

  • Каб зрабіць зь беларускіх дзяцей «патрыётаў», улады апошнім часам усур’ёз узяліся за вайскова-патрыятычнае выхаваньне. Улетку з гэтай мэтай працавалі лягеры пад апекай сілавікоў.
  • Ад пачатку навучальнага году для школьнікаў стварылі амаль 20 вайскова-патрытычных клюбаў, а ў школах увялі пасаду адмысловага вайскова-патрыятычнага выхавальніка.
  • Дашкольныя навучальныя ўстановы таксама актыўна займаюцца «патрыятычным выхаваньнем» дзяцей: праводзяць сустрэчы дзяцей з праваслаўнымі сьвятарамі і водзяць іх у цэрквы, праводзяць «патрыятычныя мерапрыемствы», у тым ліку з удзелам БРСМ, міліцыі, АМАПу, пракурорскіх работнікаў і вайскоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG