Як заявіў 15 чэрвеня ў польскім Сэйме намесьнік кіраўніка МУС Польшчы Мацей Вонсік, цяпер польскія службы праводзяць інтэнсіўныя праверкі ў дачыненьні да зарэгістраваных у Польшчы беларускіх транспартных кампаній, паведамляе Польскае агенцтва друку.
«Я вялікі прыхільнік як найхутчэйшага ўключэньня гэтых кампаній у санкцыйны сьпіс МУС», — заявіў чыноўнік.
Ён растлумачыў, што ў гэты сьпіс уносяць тых, хто непасрэдна або ўскосна падтрымлівае расейскую агрэсію ва Ўкраіне, парушэньні правоў чалавека і рэпрэсіі ў Беларусі і Расеі. Тым, хто трапіць пад санкцыі, у прыватнасьці, замарозяць рахункі і забароняць уезд у Польшчу.
Неўзабаве санкцыі супраць грузаперавозчыкаў яшчэ больш узмоцняцца, паабяцаў Мацей Вонсік. Польшча ўжо падрыхтавала папраўкі, каб адаптаваць польскае заканадаўства да рашэньняў, прынятых у рамках санкцый ЭЗ у адказ на поўнамаштабную агрэсію Расеі ва Ўкраіне.
«Цяпер набудуць сілу эўрапейскія санкцыі, і мы ўвядзем іх урадавым актам, які ўжо ўнесены ў Сэйм разам з папраўкай, — каб цалкам закрыць магчымасьць расейскіх і беларускіх грузаперавозак па ўсім Эўразьвязе. Гэта будзе вельмі важны эканамічны крок, які, вядома ж, узмоцніць нашы грузаперавозкі», — падкрэсьліў намесьнік кіраўніка МУС Польшчы.
- Ад 1 чэрвеня Польшча цалкам забараніла ўезд на сваю тэрыторыю фур зь беларускімі і расейскімі нумарамі.
- Раней, 10 лютага, Польшча на нявызначаны тэрмін заблякавала адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі, што значна пагоршыла ўмовы транзыту вялікагрузных аўтамабіляў. Такім чынам, апошнія 4 месяцы фуры маглі перасякаць беларуска-польскую мяжу толькі праз пункт пропуску Казловічы — Кукурыкі.
- Рашэньне Польшчы зьвязана з жорсткім прысудам журналісту Андрэю Пачобуту, якога асудзілі на 8 гадоў калёніі ў лютым. Тады ж Польшча паступова пачала ўводзіць абмежаваньні на рух фур празь мяжу.
- У межах санкцыяў у дачыненьні да Расеі за вайну супраць Украіны і дапамогу з боку рэжыму Лукашэнкі ў ёй Эўразьвяз з 9 красавіка 2022 году забараніў беларускім перавозчыкам перамяшчаць грузы аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- Беларусь у адказ на гэта з 16 красавіка 2022 году забараніла перамяшчэньне зарэгістраваных у ЭЗ цягачоў праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу ў Беларусь. Выключэньне — для транспарту, які ідзе праз пэўныя пункты пропуску ў адмыслова вызначаныя месцы для правядзеньня грузавых апэрацый і перачэпкі.