Дакладней, «забараняецца рух на памежных пунктах з Рэспублікай Беларусь для грузавых аўтамабіляў, аўтамабільных цягачоў, прычэпаў, у тым ліку паўпрычэпаў, а таксама саставаў транспартных сродкаў, зарэгістраваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або Расейскай Фэдэрацыі».
Раней Польшча ўжо закрыла памежны пераход Баброўнікі. Такім чынам, апошнія чатыры месяцы фуры маглі перасякаць беларуска-польскую мяжу толькі праз пункт пропуску Казловічы — Кукурыкі.
Рашэньне Польшчы зьвязана з жорсткім прысудам журналісту Андрэю Пачобуту, якога асудзілі на 8 гадоў калёніі ў лютым. Тады ж Польшча паступова пачала ўводзіць абмежаваньні на рух фур празь мяжу.
«Могуць працаваць празь Літву, могуць праз польскіх пасярэднікаў»
Згодна з крыніцамі Свабоды, цяпер лягістычныя кампаніі ў Беларусі гатовыя да падобных зьменаў больш, чым год таму. У некаторых фірмах прайшлі скарачэньні да 30%, кампаніі ўжо страцілі частку рынку.
Закрыцьцё польскай мяжы для беларускіх фур — «гэта праблема, але ня вельмі вялікая». Кампаніі маюць некалькі шляхоў яе разьвязаньня. Першы шлях — «працаваць праз польскіх пасярэднікаў». То бок польская фура з грузам заяжджае ў Беларусь, а тут груз забіраюць. Другая схема — «гэта праца празь Літву, якая падобных забаронаў ня ўводзіла».
У абодвух выпадках гэта прывядзе да падаражэньня рэйсаў.
«Зь мінулага году лягістыка перабудавалася, кампаніі перабудавалі сваю працу», — расказала крыніца, знаёмая з сытуацыяй.
Цяпер перавозчыкаў непакоіць, чым адкажа беларускі бок. Пакуль ніякіх заяваў наконт гэтага ад чыноўнікаў не гучала, і незразумела, якое рашэньне прымуць улады.
«Закрыцьцё мяжы прывядзе да росту цэнаў»
Абмежаваньні з польскага боку зробяць даражэйшай лягістыку для Беларусі, што адаб’ецца на росьце цэнаў на імпартныя тавары. Пра такі эфэкт кажа старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.
«Беларускія пастаўшчыкі могуць дамовіцца з польскімі кампаніямі, там ёсьць шэраг кампаній зь беларускімі каранямі. Зь імі магчымая каапэрацыя. Некаторыя грузавыя патокі могуць пайсьці празь Літву. У выніку гэта павялічыць выдаткі на лягістыку, бо падвышаны попыт стымулюе рост цэнаў. У такім выпадку імпартэры вымушаныя будуць плаціць больш, а гэта адаб’ецца на цэнах. Беларусь да нядаўняга часу мела добрае лягістычнае становішча. Стварэньне абмежаваньняў робіць Беларусь менш прывабнай для транспартных патокаў з Усходу. Таксама гэта адаб’ецца на часе дастаўкі тавараў», — мяркуе экспэртка.
Што да наступстваў для польскай эканомікі, то «нэгатыўныя наступствы будуць тычыцца хутчэй памежных рэгіёнаў».
Апошнюю статыстыку па экспарце паслуг беларускі бок публікаваў за 2021 год. Тады на экспарце транспартных паслуг Беларусь зарабіла 4,3 мільярда даляраў. Экспарт паслуг у Польшчу за 2021 год склаў 314,2 мільёна даляраў (сярод іх і транспартныя паслугі).