Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У беларускім кантэксьце калянізатар адзін — гэта Расея». Як дэкалянізаваць Беларусь і навошта гэта ўвогуле патрэбна


Каляж
Каляж

Папулярны пасьля дзьвюх сусьветных войнаў тэрмін дэкалянізацыя сёньня перажывае рэнэсанс ва Ўсходняй Эўропе. На постсавецкай прасторы ён азначае палітычнае і культурнае вызваленьне з-пад кантролю Расеі. І хаця Беларусь сёньня штурхаюць у адваротным напрамку, у будучыні ёй бяз гэтага працэсу не абысьціся.

Супрацоўнік Цэнтру дасьледаваньняў Усходняй Эўропы (Варшава) Антон Сайфулаеў пра посткаляніялізм і дэкалянізацыю можа гаварыць гадзінамі. Гэты працэс ён дасьледуе прафэсійна, напісаў пра яго кнігу і шэраг іншых навуковых прац. Некалькі дзён таму дасьледчык браў удзел у сусьветнай канвэнцыі ASN (Асацыяцыя дасьледаваньня нацыянальнасьцяў) у Нью-Ёрку. Гэта найбуйнейшая міжнародная і міждысцыплінарная навуковая сустрэча, прысьвечаная нацыяналізмам, этнічнай прыналежнасьці, этнічным канфліктам і нацыянальнай ідэнтычнасьці. Пытаньні Беларусі там закраналіся на дзьвюх панэлях.

Антон Сайфулаеў, Нью-Ёрк
Антон Сайфулаеў, Нью-Ёрк

У беларускім кантэксьце калянізатар адзін — гэта Расея

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну тэрмін «дэкалянізацыя» зноў стаў модным і вярнуўся ў публічную прастору. Як тлумачыць Антон Сайфулаеў, у краінах былога СССР пад ім разумеюць працэс адмаўленьня ад каляніяльнай спадчыны на карысьць разьвіцьця нацыянальнай ідэнтычнасьці або нацыяналізму (як ён дадае, «у добрым сэнсе слова»).

«Ва Ўсходняй Эўропе працэс дэкалянізацыі зьвязаны зь вельмі агрэсіўнай палітыкай, калі ідзе адмаўленьне ад адной культуры на карысьць іншай. Таму, напрыклад, пасьля многіх гадоў русыфікацыі адбываецца нацыяналізацыя моўнай і адукацыйнай прасторы. У кантэксьце Ўкраіны гэта вельмі апраўдана. Па факце цяпер завяршаецца вельмі доўгі, 30-гадовы працэс, які там пачаўся ў 90-я і разьвіваўся з рознай інтэнсіўнасьцю. А ў 2022 годзе ва Ўкраіне надыходзіць новы этап разьвіцьця, паступовай дэкалянізацыі», — кажа навуковец.

Дэкалянізацыя, як тлумачыць Сайфулаеў, гэта новы тып ведаў пра сябе, пра сваю гісторыю, культуру і ўвесь сьвет. У шырокім сэнсе дэкалянізацыя азначае зьмену парадыгмы мысьленьня пра тое, што адбываецца навокал, пра грамадзтва, пра глябальныя сувязі. Калі чалавек пачынае глядзець на ўсё гэта ўласнымі вачыма, а не праз накінутую оптыку калянізатара, гэта і ёсьць дэкалянізацыя.

«У беларускім кантэксьце, у адрозьненьне ад украінскага, вельмі шмат супярэчнасьцяў. І паўстае пытаньне, ці ўвогуле дэкалянізацыя магчымая, таму што ўплывы расейскай культуры, сувязі з былым калянізатарам, у палітычным, эканамічным і культурным фармаце, значна глыбейшыя, чым ва Ўкраіне. Там ужо адбыліся дзьве рэвалюцыі, і нацыянальныя працэсы былі запушчаныя значна раней. І палітычная культура і каньюнктура спрыяла таму, каб гэты дыскурс разьвіваўся. У Беларусі гэтага няма, але ёсьць, у сваю чаргу, вельмі шчыльная і моцная прывязка да расейскага элемэнту», — канстатуе Сайфулаеў.

У беларускім кантэксьце, на думку дасьледчыка, калянізатар адзін — гэта Расея. Але праблема ў тым, што многія беларусы нават ня ў стане зразумець, што ўсходняя суседка праводзіла адносна іх каляніяльную палітыку.

«У гэтым і ёсьць сутнасьць каляніялізму: калі калянізаваны не разумее свайго стану і ня бачыць калянізацыі. Ён успрымае гэта як рэчаіснасьць і частку сваёй ідэнтычнасьці. А гэты працэс найперш праяўляецца ў працэсе падпарадкаваньня ведамі. І зь цягам часу любыя нацыянальныя ці іншыя маркеры проста размываюцца, а калянізаваны пачынае думаць пра сябе ў тых катэгорыях, якія яму накінуў калянізатар», — кажа Антон Сайфулаеў.

Так, напрыклад, адбылося з наратывам пра так званую цывілізацыйную еднасьць з Расеяй. Насамрэч, як кажа дасьледчык, ён узьнік у канцы XVIII стагодзьдзя, адразу пасьля таго як Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай. Спачатку паўстала тэорыя заходнерусізму, а пасьля, у савецкія часы, клішэ пра «старэйшага брата». І сёньня беларус ці беларуска, як кажа Сайфулаеў, могуць гэтага проста не заўважаць, бо гэтыя працэсы настолькі натуральныя і перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне.

Варыянт дэкалянізацыі, які прапануе Зянон Пазьняк, на гэты момант немагчымы

Зьмяніць гэта, то бок дэкалянізаваць сьвядомасьць, ня так проста, перакананы дасьледчык. Справа ў тым, што ў Беларусі не завершаныя шмат якія працэсы. Найперш гэта працэс асэнсаваньня свайго месца ў постымпэрскай прасторы. Ва ўкраінскім кантэксьце дэкалянізацыі спрыяе дзяржава. Яны нацыяналізуюць гісторыю, даюць новую інтэрпрэтацыю, пачынаюць размаўляць на ўкраінскай мове. І, што важна, пры дапамозе Захаду яны намагаюцца адарвацца ад расейскага кантэксту, кажа Сайфулаеў, то бок вэстэрнізуюць сваю рэчаіснасьць, шукаюць новы цэнтар.

«У беларускім сэнсе гэта пакуль немагчыма, бо гэты іншы цэнтар разглядае Беларусь як інтэгральную частку Расеі ў эканамічным, палітычным і культурным плянах. Беларусь, на жаль, не валодае інтэлектуальным ці палітычным рэсурсам, каб гэты працэс запусьціць. Улада цяпер выкарыстоўвае савецкія клішэ для падтрымкі прывязкі і блізкасьці з Расеяй. А перад нацыянальна-дэмакратычнымі элітамі яшчэ вельмі доўгая дарога ў пляне таго, каб зразумець, чым ёсьць беларускае грамадзтва, чаго яно патрабуе і як яно сябе вызначае», — кажа Антон Сайфулаеў.

Як праграму палітычнай дэкалянізацыі, на думку дасьледчыка, можна інтэрпрэтаваць у пэўным сэнсе лёзунгі Зянона Пазьняка. Але ў беларускім кантэксьце правесьці поўную нацыяналізацыю сьвядомасьці хутка ня ўдасца.

«Для большай часткі беларусаў менавіта расейская культура зьяўляецца дамінантнай. Беларускія эліты проста не разумеюць гэтых працэсаў, у іх няма рэсурсаў, каб рэалізаваць хоць нейкі з гэтых плянаў ці пачаць працэс. Варыянт, які прапануе Зянон Пазьняк, на гэты момант немагчымы», — кажа Антон Сайфулаеў.

Чарговая сур’ёзная праблема для Беларусі — дэкалянізацыя ведаў пра беларусаў на Захадзе. Гэта тычыцца палітычнага наратыву, бо Беларусь там разглядаюць як частку сфэры ўплываў Расеі. Веды пра Ўсходнюю Эўропу на Захадзе вельмі доўгі час былі русацэнтрычнымі і працягваюць такімі быць, канстатуе дасьледчык.

«Гэта зьвязана шмат у чым з тым, што славістычная навука пасьля ІІ сусьветнай вайны разьвівалася пераважна эмігрантамі з Расеі. Гэтыя працэсы ня робяцца за 2–5 гадоў. Гэта доўгі працэс, дынаміка якога залежыць ад таго, як сытуацыя будзе разьвівацца ўнутры краіны», — кажа Сайфулаеў.

У нас усё адбываецца наадварот, 2020-ы павінен быў адбыцца 30 гадоў таму

Важным крокам у працэсе асэнсаваньня свайго месца ў постсавецкім часе і прасторы былі падзеі 2020 году. Але ў зьнешнім фармаце 2020 год такім важным ужо не зьяўляецца, гаворыць дасьледчык.

«Ён разглядаецца як пратэст супраць аўтарытарнай улады і ня мае там такой вагі, як унутры краіны. Людзі зразумелі, што могуць існаваць аўтаномна ад улады. Але гэта ўсё мелася адбыцца 30 гадоў таму, калі распадаўся СССР. Спачатку меўся быць працэс антыкаляніяльнай барацьбы, потым посткаляніяльны стан. А ў нас усё адбываецца наадварот. Але 2020 год — гэта ўжо этап у гісторыі. Трэба больш асэнсавана падыходзіць да працы над памылкамі і ствараць новую базу для новых выклікаў, палітычных і культурных. Каб яны не траплялі ў пасткі — расейскія ўплывы. Пакуль яшчэ ёсьць шанец на досьведзе 2020 году стварыць нешта вартаснае, што дазволіць беларускаму народу стварыць свой варыянт дэкалянізацыі», — упэўнены Антон Сайфулаеў.

Адным з найбольш даступных элемэнтаў дэкалянізацыі дасьледчык называе культуру прысвойваньня. Гэта значыць, калі беларуская культурная прастора будзе ствараць або прысвойваць тое, што ўжо ёсьць у расейскамоўным фармаце.

«Беларуская расейскамоўная культура таксама існуе і мае на дадзены момант больш рэсурсаў для таго, каб стаць чыньнікам сьвядомасьці, чым беларуская. Сэпаратысцкі расейскамоўны праект і аддзяленьне расейскай мовы ад Расеі магчымыя. У Амэрыцы існуе ангельская мова, так і ў Беларусі можа існаваць беларускі варыянт расейскай мовы. Яго можна нават кадыфікаваць», — кажа Антон Сайфулаеў.

А пазьней, на яго думку, гэты «сэпаратысцкі» праект можна пераўтвараць у беларускі, моўна і культурна. 2020 год, на яго думку, паказаў, што беларускае грамадзтва выбрала больш плюралістычныя магчымасьці, у нейкім сэнсе постнацыянальныя. Беларус ці беларуска могуць ідэнтыфікаваць сябе па абсалютна розных маркерах: па мове, нацыянальных прыкметах, па палітычных перакананьнях, мясцовай самасьвядомасьці, гендэрным чыньніку.

«Але ўсё гэта трэба ўмацоўваць тэкстамі, палітычнай мовай і падтрымкай беларускага культурнага праекту, але ў тым ліку расейскамоўнага. Гэта пакуль адзінае, што дае магчымасьць стварэньня пляну дэкалянізацыі», — упэўнены Антон Сайфулаеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG