Пра гэта паведамляе партал Delfi. Такое рашэньне Дэпартамэнту міграцыі Літвы паступіла ўвечары ў 12 чэрвеня ў Службу аховы дзяржаўнай мяжы. Дзьмітрыя Мішова пусьцілі ў Літву, яму дазволілі пасяліцца ў выбраным ім месцы на тэрыторыі краіны, паведаміў агенцтву прадстаўнік Літоўскай памежнай службы Гедрус Мішуціс.
Паводле інфармацыі літоўскіх уладаў, Мішоў незаконна трапіў у Літву не празь вонкавую, а праз унутраную мяжу ЭЗ. Сам ён сьцьвярджаў у інтэрвію BBC, што трапіў у Літву ў канцы траўня, перайшоўшы мяжу ў лесе з дапамогай настроеных супраць Пуціна адстаўных афіцэраў. У пачатку чэрвеня расейскі афіцэр здаўся міграцыйным уладам Літвы.
Гісторыя пілёта Мішова
Пілёт расейскай баявой авіяцыі Зьміцер Мішоў адмовіўся ўдзельнічаць у вайне і ўцёк у Літву, дзе папрасіў прытулку. Ён заявіў, што лічыць вайну ва Ўкраіне злачынствам, учыненым дзеля захаваньня ўлады прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Яго гісторыю расказала ВВС.
26-гадовы лейтэнант Мішоў — выпускнік Сызранскага вышэйшага вайсковага авіяцыйнага вучылішча, ён служыў у 15-й брыгадзе армейскай авіяцыі, якая зь першага дня вайны бярэ ўдзел у расейскім уварваньні ва Ўкраіну. За месяц да ўварваньня ў 2022 годзе пілёт падаў рапарт аб звальненьні з Узброеных сіл. Некалькі месяцаў ён служыў, паводле яго, на беларускай тэрыторыі, у баявых дзеяньнях ня ўдзельнічаў, але перавозіў вайсковыя грузы.
У красавіку яго вярнулі ў Расею, каб ён працягнуў афармляць сваё звальненьне. На пачатку восені Мішоў атрымаў загад аб звальненьні, ягоная служба ў войску павінна была скончыцца ў кастрычніку. Аднак у Расеі абвясьцілі мабілізацыю. Указ Уладзіміра Пуціна, акрамя іншага, забараняе афіцэрам звальняцца з арміі.
Мішоў паспрабаваў аспрэчыць адмену свайго звальненьня ў судзе, але ў сьнежні Пскоўскі гарнізонны вайсковы суд стаў пры разглядзе справы на бок камандаваньня. У студзені пілёта абавязалі адправіцца на фронт. Тады ён ускрыў сабе вены, каб страціць найвышэйшую катэгорыю ацэнкі здароўя для службы, безь яе ён ня мог бы служыць у экіпажах верталётаў. Яму паведамілі, што ён усё роўна адправіцца на фронт і што супраць яго могуць завесьці крымінальную справу. Тады лейтэнант вырашыў схавацца за мяжой.
Па словах Мішова, ён не адмовіўся б удзельнічаць у вайне, калі б гаворка ішла аб абароне Радзімы:
«Я вайсковец, я павінен абараняць сваю краіну ад агрэсіі. Я не павінен удзельнічаць, не павінен быць саўдзельнікам злачынства», — кажа афіцэр.
Ён расказаў ВВС, што сярод вайскоўцаў ёсьць невялікі адсотак прыхільнікаў і праціўнікаў вайны, астатнія ставяцца да яе індыфэрэнтна. Пасьля адступленьня расейскіх войскаў з Херсону некаторыя яго калегі «радаваліся, што горад пакінулі ў спакоі».
Мішоў расказвае, што верталёты за лінію фронту адпраўлялі без ракет, са зламаным абсталяваньнем, безь цеплавых пастак, якія абараняюць тэхніку ад ракет праціўніка. За час вайны полк, у якім служыў Мішоў, страціў амаль 20% верталётаў, два зь іх былі ўзарваныя дывэрсантамі.
У Эўразьвязе былы пілёт спадзяецца атрымаць прытулак, новую адукацыю і «пабудаваць новае жыцьцё». У Літву ён трапіў, тайна перайшоўшы мяжу ў лесе, як сьцьвярджаецца, з дапамогай настроеных супраць Пуціна адстаўных афіцэраў. Пераход зрабіў 28 траўня: у Беларусі і Расеі ў гэты дзень адзначаецца Дзень памежніка.