Пілёт расейскай баявой авіяцыі Зьміцер Мішоў адмовіўся ўдзельнічаць у вайне і ўцёк у Літву, дзе папрасіў прытулку. Ён заявіў, што лічыць вайну ва Ўкраіне злачынствам, учыненым дзеля захаваньня ўлады прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Яго гісторыю расказала ВВС.
26-гадовы лейтэнант Мішоў — выпускнік Сызранскага вышэйшага вайсковага авіяцыйнага вучылішча, ён служыў у 15-й брыгадзе армейскай авіяцыі, якая зь першага дня вайны бярэ ўдзел у расейскім уварваньні ва Ўкраіну. За месяц да ўварваньня ў 2022 годзе пілёт падаў рапарт аб звальненьні з Узброеных сіл. Некалькі месяцаў ён служыў, паводле ўласных слоў, на беларускай тэрыторыі, у баявых дзеяньнях ня ўдзельнічаў, але перавозіў ваенныя грузы.
У красавіку яго вярнулі ў Расею, каб ён працягнуў афармляць сваё звальненьне. На пачатку восені Мішоў атрымаў загад аб звальненьні, ягоная служба ў войску павінна была скончыцца ў кастрычніку. Аднак у Расеі абвясьцілі мабілізацыю. Указ Уладзіміра Пуціна, акрамя іншага, забараняе афіцэрам звальняцца з арміі.
Мішоў паспрабаваў аспрэчыць адмену свайго звальненьня ў судзе, але ў сьнежні Пскоўскі гарнізонны вайсковы суд стаў пры разглядзе справы на бок камандаваньня. У студзені пілёта абавязалі адправіцца на фронт. Тады ён ускрыў сабе вены, каб страціць вышэйшую катэгорыю ацэнкі здароўя для службы, безь яе ён бы ня мог служыць у экіпажах верталётаў. Яму паведамілі, што ён усё роўна адправіцца на фронт і што супраць яго могуць узбудзіць крымінальную справу. Тады лейтэнант вырашыў схавацца за мяжой.
Па словах Мішова, ён не адмовіўся б удзельнічаць у вайне, калі б гаворка ішла аб абароне Радзімы:
«Я вайсковец, я павінен абараняць сваю краіну ад агрэсіі. Я не павінен удзельнічаць, не павінен быць саўдзельнікам злачынства», — кажа афіцэр.
Ён расказаў ВВС, што сярод вайскоўцаў ёсьць невялікі адсотак прыхільнікаў і праціўнікаў вайны, астатнія ставяцца да яе індыфэрэнтна. Пасьля адступленьня расейскіх войскаў з Херсона некаторыя яго калегі «радаваліся, што горад пакінулі ў спакоі». Вайскоўцы ня вераць прапагандзе Крамля і ня лічаць, што ва Ўкраіне кіруюць нацысты ці што Кіеў рыхтаваў напад, кажа ён.
Мішоў расказвае, што верталёты за лінію фронту адпраўлялі без ракет, са зламаным абсталяваньнем, безь цеплавых пастак, якія абараняюць тэхніку ад ракет праціўніка. За час вайны полк, у якім служыў Мішоў, страціў амаль 20 працэнтаў верталётаў, два зь іх былі ўзарваныя дывэрсантамі.
У Эўропе пілёт спадзяецца атрымаць прытулак, новую адукацыю і «пабудаваць новае жыцьцё». У Літву ён трапіў, тайна перайшоўшы мяжу празь лес, як сьцьвярджаецца, з дапамогай антыпуцінска настроеных адстаўных афіцэраў. Пераход зрабіў 28 траўня: у Беларусі і Расеі ў гэты дзень адзначаецца Дзень памежніка.