Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ў закрытым працэсе судзяць праваабаронцу Насту Лойку, ёй пагражае да 12 гадоў зьняволеньня

абноўлена

Наста Лойка, архіўнае фота
Наста Лойка, архіўнае фота

Насту Лойку абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»).

Справу палітзьняволенай разглядаюць у Менскім гарадзкім судзе. Працэс вядзе судзьдзя Алена Шылько, паведамляе «Вясна».

Амаль на пачатку судовага паседжаньня працэс зрабілі закрытым, таму падрабязнасьці крымінальнай справы і пазыцыя Насты невядомыя.

Праваабаронцу Human Constanta Насту Лойку затрымалі 28 кастрычніка 2022 году. Яе абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці).

Падставай для крымінальнай справы стаў даклад «Перасьлед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі (2017 – жнівень 2018 году)». У ім даецца крытычная ацэнка дзейнасьці супрацоўнікаў міліцыі. Праваабаронцы пагражае да 12 гадоў калёніі.

Перасьлед Насты Лойкі

Некалькі запар адміністрацыйных арыштаў тэрмінам па 15 дзён Лойка адбыла ў турме на Акрэсьціна.

Паводле інфармацыі Human Constanta, падчас адміністрацыйнага арышту Насту двойчы вадзілі на гутаркі з супрацоўнікамі ГУБАЗіКу, дзе адзін раз яе ўдарылі электрашокерам, а 11 лістапада адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў бяз вопраткі на 8 гадзін.

Пазьней Насту Лойку перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага і выставілі ёй абвінавачаньне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўным удзеле ў іх» (арт. 342 КК), і ў «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК).

На гэта момант вядома, што праваабронцы ставяць у віну толькі артыкул 130 КК. Падставай для гэтага зрабіўся нібыта ўдзел праваабаронцы ў напісаньні справаздачы аб перасьледзе анархісцкай супольнасьці ў Беларусі за 2018 год: у дакладзе даецца крытычная ацэнка дзейнасьці супрацоўнікаў міліцыі.

Вядома, што Наста за кратамі пакутуе ад праблемаў са страўнікам. Яна вэганка і таму ня можа есьці тое, чым кормяць на «Валадарцы». Даводзіцца харчавацца толькі тым, што атрымлівае з волі праз перадачы і што можна набыць у турэмнай краме.

Правааабаронца Наста Лойка, архіўнае фота
Правааабаронца Наста Лойка, архіўнае фота

Таксама Насьце Лойцы трэба палячыць зубы, аднак і тут узьнікла праблема. Стаматоляга, якога для яе знайшлі блізкія, у турму не прапусьціў Сьледчы камітэт.

Праваабарончая арганізацыя Human Constanta, у якой працавала Наста Лойка, працягвае змагацца за яе вызваленьне. Аб справе Насты Лойкі праінфармавалі ААН. Зьвярнуліся і ў дзяржаўныя ўстановы Беларусі, адказу пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG