Мэры Басэл, сузаснавальніца кансультацыйнай кампаніі TriMar Strategies, раней працавала ў Сусьветнай арганізацыі здароўя, а таксама ўзначальвала ініцыятыву Vaccine Ecosystem, якая займалася сыстэмай распрацоўкі, вытворчасьці і выкарыстаньня вакцынаў. Падчас міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC у Браціславе Басэл патлумачыла, што варта рыхтавацца да новых эпідэміяў і ўзмацняць сыстэмы аховы здароўя.
— У апошнія месяцы тэма ковіду практычна зьнікла з мэдыя і грамадзкіх абмеркаваньняў па ўсім сьвеце, бо яе засланілі іншыя пагрозы і праблемы. На вашую думку, ці стварае гэта нейкія пагрозы новай эпідэміі?
— Мы цяпер у вельмі нестабільнай сытуацыі. Пандэмія Covid-19 стварыла шмат праблем і пакутаў людзям па ўсім сьвеце. Тут важна быць гатовымі і стварыць устойлівую сыстэму для супрацьстаяньня пагрозе — мы не павінны яе ігнараваць. Пытаньне ня ў тым, ці будзе новая эпідэмія. Пытаньне толькі ў тым, калі яна пачнецца і ці будзем мы да яе гатовыя.
Я тут ужываю слова «эпідэмія», бо мы павінны не дапусьціць новай пандэміі, а ў ідэале спыніць хваробу нават на яшчэ ранейшай стадыі. Для гэтага нам трэба вынесьці ўрокі з апошніх трох гадоў пандэміі Covid-19. Неабходна ўзмацняць сыстэмы аховы здароўя па ўсім сьвеце.
Урады павінны рыхтавацца супрацьстаяць новым крызісам. Прычынай новага крызісу можа быць нейкі новы патаген, прыродная катастрофа альбо катастрофа, выкліканая дзейнасьцю чалавека. А таксама прычына можа быць абсалютна нечаканай — нешта, чаго я нават не назвала. Таму нам трэба працаваць з палітычнымі лідэрамі, каб быць лепш падрыхтаванымі і ўстойлівымі да будучых пагроз.
Нам трэба лідэры, якія будуць выклікаць давер і якія будуць шукаць адказы на выклікі. Трэба будзе пераадольваць патокі непраўдзівай інфармацыі. Бясьпека ў сфэры аховы здароўя — гэта частка нацыянальнай бясьпекі любой дзяржавы. А ў нашым узаемазьвязаным сьвеце гэта яшчэ і частка глябальнай бясьпекі. Вельмі добра, што на гэтай канфэрэнцыі палітычныя лідэры падымаюць пытаньні аховы здароўя.
— Але на GLOBSEC прысутнічаюць палітычныя лідэры амаль выключна з дэмакратычных дзяржаваў. Калі пачалася эпідэмія Covid-19 у Кітаі, былі сьведчаньні, што кітайскі ўрад хаваў інфармацыю ў першыя тыдні і месяцы, і што гэта быў адзін з фактараў, які прывёў да пандэміі. Ці пагодзіцеся вы з гэтым? І што рабіць, калі аўтарытарныя краіны хаваюць інфармацыю, у тым ліку пра захворваньні?
— Нам трэба лепшыя сыстэмы назіраньня за хваробамі. І для гэтага нам трэба забясьпечыць лепшую сыстэму камунікацый паміж краінамі, паміж навуковымі лідэрамі розных краін.
Мы дагэтуль высьвятляем, дзе быў разрыў у камунікацыі. Калі мы зразумеем, што пайшло ня так, можна будзе ўзмацніць гэтыя сыстэмы, каб такія хібы не здараліся ў будучыні.
Але гэта быў новы патаген. І як бы ён ні зьявіўся, людзі раней зь ім не сутыкаліся. Сыстэмы назіраньня маюць гарантаваць, што калі зьяўляюцца новыя патагены, мы лепш падрыхтаваныя іх заўважыць. А таксама варта мець загадзя падрыхтаваную працэдуру, каб хутка дасьледаваць гэтыя новыя патагены.
Пасьлядоўнасьць генома віруса SARS-CoV-2, які выклікае Covid-19, была апублікаваная ў студзені 2020 году. І тое, што бясьпечныя і эфэктыўныя вакцыны, гатовыя для масавага выкарыстаньня, зьявіліся ўжо ў сьнежні 2020 — гэта фэнамэнальнае навуковае дасягненьне.
Але гэтыя навуковыя веды грунтуюцца на дзесяцігодзьдзях дасьледаваньняў. І з дапамогай гэтых ранейшых дасьледаваньняў удалося стварыць інструмэнт супраць новага патагена.
— У Беларусі дзяржаўная палітыка адносна Covid-19 была вельмі спэцыфічная. Кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка ў 2020 годзе адмаўляў небясьпеку новага вірусу. І былі сьведчаньні дактароў, у тым ліку падмацаваныя дакумэнтамі, што колькасьць захворваньняў і колькасьць памерлых ад хваробы ў Беларусі заніжалі ў разы. Ці ёсьць шанцы ў міжнароднай супольнасьці стварыць сыстэму, пры якой аўтарытарнай дзяржаве будзе цяжэй так хаваць і перакручваць інфармацыю?
— Нам трэба мець вартыя даверу крыніцы інфармацыі. І нам трэба змагацца зь непраўдзівай інфармацыяй. Мы назіраем выбуховы рост непраўдзівай інфармацыі ў розных сфэрах, разам з ростам уплыву сацыяльных сетак.
І таму нам трэба гарантаваць каб вы ў мэдыя, а таксама лідэры і шырокая публіка зьвярталіся да надзейных крыніцаў інфармацыі і статыстыкі. Важна, каб вы факусаваліся на фактах і ўсьведамлялі адказнасьць за той уплыў, які вашыя словы робяць на аўдыторыю.
— Але ў закрытай сыстэме даваць праўдзівую інфармацыю можа быць небясьпечна — і для журналістаў, і для дактароў, як паказаў прыклад Беларусі. Ці мае міжнародная супольнасьць нейкія інструмэнты, каб уплываць на ўрады, якія захочуць хаваць інфармацыю пра будучыя эпідэміі?
— Гэта вельмі цяжкае пытаньне. На жаль, я тут ня маю кароткага адказу. Адзіны спосаб — больш камунікацыі і працы з вартымі даверу крыніцамі, каб разбурыць гэтыя сьцены.
Мы ня можам дазволіць распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая не грунтуецца на фактах. Навуковы працэс выкарыстоўваюць сотні гадоў, каб пабудаваць падмурак, які складаецца з рэальных доказаў. І на гэтым мы павінны грунтаваць нашыя падыходы да змаганьня з пагрозамі здароўю.