Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 2020 год у Менску ад каранавірусу памерла больш людзей, чым афіцыйна па ўсёй Беларусі, — «Медиазона»


Выданьне «Медиазона» апублікававала дасьледваньне, у якім на падставе статыстыкі па Менску даказвае, што афіцыйныя зьвесткі аб маштабах захворваньні на каранавірус і аб яго летальнасьці ў Беларусі істотна заніжаныя.

Афіцыйныя паведамленьні Міністэрства аховы здароўя аб колькасьці заражаных каранавірусам і памерлых ад яго моцна адрозьніваюцца ад зьвестак, якія зьбіраюць самі ж чыноўнікі для ўнутранага выкарыстаньня. Гэта паказалі дадзеныя менскіх загсаў і ўстановаў аховы здароўя, доступ да якіх атрымала «Медиазона». А зь іх вынікае, што за мінулы год у Менску памерла на пяць тысяч больш людзей, чым звычайна — сьмяротнасьць вырасла на 29%. А асноўнай ахвярай эпідэміі сталі людзі старэйшыя за 60 гадоў.

Тры крыніцы зьвестак

Адна крыніца перадала «Мэдыязоне» табліцу з дадзенымі менскіх загсаў аб сьмяротнасьці ў 2020 годзе. Рэдакцыя праверыла выпадковым чынам абраныя сьмерці — глядзелі публікацыі ў СМІ і сацсетках, зьвязваліся са сваякамі і сябрамі. Ва ўсіх выпадках дадзеныя супалі.

Другая крыніца — зьвесткі з аддзелу галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму пра памерлых у Менску з 5 лістапада па 30 сьнежня — сярод іншага, там пазначаная прычына сьмерці (у тым ліку і каранавірус).

Трэцяя крыніца — экстраныя паведамленьні аб выпадках COVID-19, выяўленых ва ўсіх мэдычных установах Менску з пачатку чэрвеня па канец лістапада. Доктар гарадзкога клінічнага шпіталю пацьвердзіў, што зьвесткі ў базе яго ўстановы супадаюць зь інфармацыяй, якую атрымала рэдакцыя. «Медиазона» таксама зьвязалася з выпадкова абранымі людзьмі са сьпісу — яны пацьвердзілі карэктнасьць дадзеных пра час і месца рэгістрацыі ў іх каранавірусу.

Афіцыйныя дадзеныя

Зьвесткі аб новых выпадках каранавірусу Міністэрства здароўя штодня публікуе ў сваім телеграм-канале.

Міністэрства здароўя сьцьвярджае, што з 5 ліпеня па 29 лістапада па ўсёй краіне — уключаючы і Менск — зарэгістравана 88 753 пацыентаў з каранавірусам.

Несупадзеньні

У экстраных паведамленьнях толькі па Менску за той жа пэрыяд (трэцяя крыніца «Медиазоны») паведамляецца як мінімум пра 101 966 хворых.

Ужо да сярэдзіны кастрычніка толькі ў Менску мэдыкі штодня рэгістравалі больш за тысячу выпадкаў, а празь месяц — больш за дзьве тысячы. Міністэрства здароўя ніколі не прызнавала такі высокі лік заражэньняў: паводле міністэрства, больш за ўсё новых выпадкаў выявілі 11 сьнежня — 1 975 чалавек па ўсёй Беларусі.

У лістападзе і сьнежні ў Менску штодня памірала больш людзей, чым афіцыйна ва ўсёй Беларусі. Паводле зьвестак з галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму (другая крыніца інфармацыі «Медиазоны») аб зарэгістраваных у сталіцы сьмерцях з 5 лістапада па 29 снежня 2020 году каранавірус пазначаны як прычына сьмерці ў 700 выпадках. Памерлыя ад яго склалі 15% ад усіх сьмерцяў за гэты час.

З публікацыяў у телеграм-канале Міністэрства здароўя вынікае, што па ўсёй Беларусі за гэты пэрыяд ад COVID-19 памерлі толькі 415 чалавек — гэта значыць нават менш, чым афіцыйна зарэгістравалі за той жа час менскія загсы.

Гадавая статыстыка сьмяротнасьці

Звычайна колькасьць памерлых у Менску кожны квартал публікуе Белстат, сярэдні лік за 2014-2019 гады — каля 17,4 тысяч сьмерцяў у год.

З атрыманых «Мэдыязонай» дадзеных загсаў (першая крыніца) вынікае, што ў 2020 годзе ў Менску памерлі 22 454 чалавекі — на 5 тысяч больш, чым звычайна. Гэта значыць, за год эпідэміі сьмяротнасьць вырасла на 29% — амаль на траціну.

З паквартальных дадзеных відаць, што свайго піку эпідэмія COVID-19 дасягнула падчас другой хвалі ўвосень — рост сьмяротнасьці ў чацьвёртым квартале склаў больш за 59%.

Галоўныя ахвяры эпідэміі — людзі старэйшыя за 60 гадоў

81% памерлых у Менску за 2020 год — людзі ва ўзросьце больш за 60 гадоў. Самы вялікі рост сьмяротнасьці адбыўся менавіта сярод людзей сталага веку: замест 13827 чалавек — сярэдняй колькасьці памерлых у Менску ва ўзросьце 60 гадоў і старэйшых — у 2020 годзе было зарэгістравана 18 191 памерлых гэтага ўзросту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG