Дарадцы Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) заклікалі Кітай апублікаваць усю інфармацыю, зьвязаную з паходжаньнем пандэміі COVID-19, пасьля таго, як новыя зьвесткі ненадоўга разьмясьцілі ў міжнароднай базе дадзеных, якая выкарыстоўваецца для адсочваньня патагенаў.
Новыя генэтычныя дадзеныя вірусу SARS-CoV-2, а таксама дадатковыя геномныя дадзеныя, заснаваныя на ўзорах, узятых з рынку жывых жывёлаў ва Ўхані ў 2020 годзе, кітайскія навукоўцы ненадоўга загрузілі ў базу дадзеных GISAID з адкрытым доступам у пачатку гэтага года, што дазволіла дасьледчыкам іншых краін азнаёміцца зь імі, гаворыцца ў заяве Навукова-кансультатыўнай групы САЗ па паходжаньні новых патагенаў (SAGO) ад 18 сакавіка 2023 году.
Гэтыя генэтычныя дадзеныя вірусу дазволілі выказаць здагадку, што на рынку прысутнічалі янотападобныя сабакі, якія таксама маглі быць інфікаваныя каранавірусам, што дало новы ключ да высьвятленьня ланцужка перадачы інфэкцыі.
Прадстаўнік GISAID заявіў, што дадзеныя былі «адкліканы» і «цяпер абнаўляюцца новымі і дадатковымі дадзенымі ў рамках публікацыі, якая цяпер знаходзіцца на разглядзе».
Кітайскі Цэнтар па кантролі за захворваньнямі плянуе паўторна прадставіць дадзеныя ў навуковым часопісе Nature, гаворыцца ў заяве.
Прадстаўнікі САЗ кажуць, што такая інфармацыя ўяўляе сабой важнае зьвяно ў расьсьледаваньні паходжаньня COVID і павінна была быць неадкладна прадстаўлена.
«Гэтыя дадзеныя не даюць канчатковага адказу на пытаньне аб тым, як пачалася пандэмія, але кожная частка дадзеных важная для таго, каб наблізіць нас да гэтага адказу, — заявіў у пятніцу генэральны дырэктар САЗ Тэдрас Аданом Гебрэесус. — Гэтыя дадзеныя маглі — і павінны былі — быць прадастаўлены тры гады таму».
«Мы працягваем заклікаць Кітай да празрыстасьці ў перадачы даных, правесьці неабходныя расьсьледаваньні і падзяліцца вынікамі», – сказаў ён.
САЗ і іншыя навукоўцы таксама заявілі, што ня могуць выключыць магчымасьць таго, што вірус зьявіўся ў лябараторыі ва Ўхані, дзе вывучаюцца небясьпечныя патагены. Кітай адмаўляе любую такую сувязь.
У публікацыі 2022 году адзначаецца, што невялікая частка з 923 узораў, сабраных з прылаўкаў і каналізацыйных сыстэм на рынку і вакол яго, дала станоўчы вынік на вірус; у 457 дасьледаваных узорах жывёлаў вірусу не знайшлі. Першапачаткова ў публікацыі гаварылася, што ў янотападобных сабак узоры не зьбіраліся.
Новы аналіз мяркуе, што «янотападобныя сабакі і іншыя жывёлы маглі прысутнічаць да таго, як рынак ачысьцілі ў рамках мерапрыемстваў па ахове здароўя насельніцтва», – гаворыцца ў заяве SAGO.
СААЗ даручыла SAGO працягнуць расьсьледаваньне паходжаньня пандэміі, якая забрала жыцьці амаль 7 мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце.