Як паведамляе праўладная «Минская правда», сёньня Эдуард Бабарыка заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд у якасьці сьведкі Сяргея Ціханоўскага для высьвятленьня абставінаў іх знаёмства, аднак суд адмовіў у гэтым, паколькі Ціханоўскі ня быў уключаны ў сьпіс сьведкаў, якія падлягаюць выкліку на судовы працэс.
Эдуард Бабарыка таксама выказаў хадайніцтва аб выкліку свайго бацькі, Віктара Бабарыкі, для тлумачэньня адносна грошай, якія былі падараваныя яму як сыну. Паводле выданьня «Минская правда», прадстаўнік пракуратуры паведаміў, што Віктар Бабарыка ўжо знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якія будуць выкліканыя ў суд.
Больш як месяц таму стала вядома, што Віктара Бабарыку шпіталізавалі ў лякарню ў ноч з 24 на 25 красавіка, далейшае месцазнаходжаньне палітвязьня, як і стан ягонага здароўя, невядомыя.
Эдуарда Бабарыку абвінавачваюць, сярод іншага, у легалізацыі («адмываньні») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на працягу каля дзесяці гадоў (з 2012 па 2022 год). Гаворка пра краўдфандынгавыя плятформы «Вулей» і «Мола-мола».
Паводле абвінавачаньня, Эдуард Бабарыка нібыта дапамагаў Сяргею Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальваньні варожасьці, паведамляе БелТА.